Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вярхоўны суд выкруціўся

Амаль праз год пасля затрымання Вярхоўны суд вызваліў Маю Навумаву ад адміністрацыйнай адказнасці за нібыта аказанае непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі.
Старшыня ВС Валянцін Сукала. Фота БелТА

Старшыня ВС Валянцін Сукала. Фота БелТА


11 верасня 2016 года пасля сканчэння выбараў у Палату прадстаўнікоў і закрыцця выбарчых участкаў назіральніца Майя Навумава была затрыманая разам з Леанідам Кулаковым. Іх абвінавацілі ў распіцці алкагольных напояў і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, і 12 верасня суд Першамайскага раёна арыштаваў Маю Навумаву тэрмінам на 1 суткі, якія фактычна яна ўжо адбыла.

Жанчына абскардзіла пастанову суда ў Мінгарсуд, які адмяніў рашэнне і адправіў справу на новы разгляд. Пасля гэтага суд Першамайскага раёна паўторна разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Маі Навумавай і прызначыў ёй новае пакаранне — штраф у 4 базавыя велічыні (84 беларускія рублі).

Назіральніца зноў звярнулася са скаргай у Мінскі гарадскі суд, які змяніў пастанову суда: выключыў з апісальна-матывіровачнай часткі ўказанне аб тым, што пры затрыманні жанчына хапалася за абмундзіраванне супрацоўніка міліцыі. У астатнім рашэнне было пакінута без зменаў, а скарга без задавальнення.

Старшыня Мінскага гарадскога суда Павел Каршуновіч, да якога таксама звярнулася Майя Навумава, ня ўгледзеў падстаў для адмены прынятых па справе рашэнняў.

15 жніўня Майя Навумава звярнулася ў Вярхоўны суд. У сваёй скарзе, складзенай пры дапамозе юрыстаў ПЦ "Вясна", яна ўказала, што ўжыванне двух асноўных відаў спагнання за адміністрацыйнае правапарушэнне супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама разумнай логіцы, паколькі назіральніца ўжо адбыла спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, а накладанне спагнання ў выглядзе штрафу з'яўляецца паўторным пакараннем за адно і тое ж правапарушэнне. Гэта таксама супярэчыць і ч. 7 арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з якім ніхто не павінен быць двойчы асуджаны або пакараны за злачынства, за якое ён быў канчаткова асуджаны або апраўданы. Яна прасіла Вярхоўны суд адмяніць вынесеную 12 снежня 2016 году судом Першамайскага раёна пастанову.

Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала разгледзеў скаргу Маі Навумавай 16 кастрычніка 2017 года і прыйшоў да высновы, што пастановы па справе падлягаюць адмене, хоць вінаватасць назіральніцы ў здзяйсненні правапарушэння, на яго думку, з'яўляецца даказанай.

«Аднак, пры вызначэнні неабходнасці накладання спагнання судом не ў поўнай меры былі улічаныя канкрэтныя абставіны здзяйснення правапарушэння.

Так жанчыну затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае ч. 1 арт. 17.3 КаАП. У той жа час канкрэтныя абставіны здзяйснення Маяй Навумавай правапарушэння сведчаць пра тое, што здзейсненае ёю дзеянне не прычыніла значнай шкоды інтарэсам, якія ахоўваюцца адміністрацыйным законам. Акрамя таго, да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт. 17.3 КаАП Майя Навумава ва ўстаноўленыя КаАП тэрміны накладання спагнання прыцягнутая не была», — адзначае ў сваёй пастанове Валянцін Сукала.

Ён падкрэслівае, што здзейсненае Маяй Навумавай фармальна змяшчае прыкметы правапарушэння, аднак канкрэтныя абставіны правапарушэння сведчаць аб малазначнасці здзейсненага ёю.

Зыходзячы з гэтага, Вярхоўны суд пастанавіў пастановы суда Першамайскага раёна г. Мінска ад 21 снежня 2016 года і Мінскага гарадскога суда ад 17 лютага 2017 года ў дачыненні да Маі Навумавай адмяніць, справу спыніць, а саму назіральніцу ад адміністрацыйнай адказнасці з прычыны малазначнасці правапарушэння вызваліць.

Юрысты ПЦ "Вясна" лічаць, што такое рашэнне Вярхоўнага суда паспяховае, аднак, не вырашае сістэмнай праблемы.

«У нас па дзейсным законе атрымліваецца так, што чалавека можна спачатку асудзіць да арышту, а пасля гэтага перагледзець справу і за тое ж правапарушэнне даць яшчэ і штраф. Нейкай кампенсацыі за адбыццё адміністратыўнага арышту ў гэтым выпадку не прадугледжана.

І нават той факт, што сам Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала прызнаў няправасць раённага суда і Мінгарсуда, хоць і здымае пытанне ў дачыненні да аднаго канкрэтнага чалавека, які панёс двайную адказнасць, але не змяняе сітуацыю ў цэлым. Мы на гэтым не спынімся і звернемся ў Канстытуцыйны суд для таго, каб паспрабаваць вырашыць супярэчнасць, якая склалася, і ліквідаваць з дапамогай канстытуцыйнага судаводства такі недахоп закона», — пракаментаваў Павел Сапелка.


spring96.org

Каментаваць