Вярнуць Курапатам ахоўную зону ў 300 метраў

Вечарам 24 чэрвеня ў Мінску на паседжанні грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» пачалося падпісанне адкрытага лісту да грамадскасці і ўладаў Беларусі наконт вяртання Курапатам ахоўнай зоны шырынёй у 300 метраў.
Падпісанне звароту

Падпісанне звароту

У лісце, між іншым зазначаецца, што з 2003 па 2014 гады шырыня ахоўнай зоны Курапатаў звузілася з 300 да 50 метраў.

Падпісанты лісту нагадваюць, што ў межах ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, якой з’яўляюцца Курапаты, законам забаронена ўсялякае новае будаўніцтва, апроч будаўніцтва аб'ектаў на патрэбы самой каштоўнасці.

Нягледзячы на гэта, адбываюцца спробы і надалей звузіць ахоўную зону Курапатаў, дзе ляжаць парэшткі бязвінных ахвяраў сталінізму, расстраляных НКУС у 1930-1940-я гады.

Так, грамадскасці стала вядома, што нядаўна ўнітарнае прадпрыемства “Праектны інстытут Белгіпразем” звярнулася ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з просьбай атрымаць дазвол на адвядзенне зямель для ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў гаспадарча-бытавой каналізацыі для аб’екту “Будаўніцтва лагістычнага цэнтру з пад’язной дарогай да яго, а таксама са складскімі, адміністрацыйнымі і сервіснымі памяшканнямі” каля вёскі Дроздава Мінскага раёна.

Міністэрства культуры патлумачыла заяўніку, што станоўчае заключэнне аб адвядзенні зямель можа быць падрыхтавана пасля ўнясення адпаведнай змены ў дзеючы праект зонаў аховы Курапатаў з улікам “навукова-метадычнага абгрунтавання” гэтай змены.

Такім чынам, Міністэрства культуры дапускае магчымасць далейшага  звужэння ахоўнай зоны каштоўнасці праз “навукова-метадычнае абгрунтаванне” чарговых зменаў у праекце зонаў аховы.  

Аднак здаровы сэнс падказвае, што навуковымі метадамі можа быць абгрунтаваны толькі адзін памер шырыні ахоўнай зоны Курапатаў – прынамсі 300 метраў. Меншая шырыня ахоўнай зоны каштоўнасці вызначаецца ўжо не навуковымі метадамі.

Праект ахоўнай зоны Курапатаў шырынёй у 300 метраў ёсць, яго аўтары — архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня з сталічнага інстытуту “Праектрэстаўрацыя” "навукова абгрунтавалі праект, зыходзячы з сусветнага досведу ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню, як Курапаты". Так сказаў на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры 20 траўня 2003 года прадстаўнік гэтага міністэрства Ігар Чарняўскі. Праект быў аднагалосна ўхвалены Радай.

Ці з таго часу меркаванне Міністэрства культуры памянялася?

Прадстаўнікі грамадскасці патрабуюць ад дзяржавы аднавіць і зацвердзіць гістарычна абгрунтаваны і адпаведны беларускаму заканадаўству Праект ахоўнай зоны Курапатаў шырынёй у 300 метраў ад 20.05.2003 г.

Пад час падпісання адкрытага лісту падкрэслівалася, што зважаючы на асобную ролю Курапатаў, як нацыянальнага некропалю, ён павінен мець і годную ахоўную зону, што сведчыць пра знакавасць гэтага народнага мемарыялу ў найноўшай гісторыі Беларусі.

На наступным тыдні мяркуецца завершыць падпісанне адкрытага лісту сябрамі аргкамітэту і журы грамадскага творчага конкурсу “Курапаты – народны мемарыял”. Затым адкрыты ліст будзе накіраваны структурам грамадзянскай супольнасці – заснавальнікам творчага конкурсу, а таксама ў міністэрствы культуры, замежных справаў і ў Генеральную пракуратуру.


Каментаваць