Вярнуць ахвяраваныя грошы

Вясной гэтага года берасцеец Сяргей Вакуленка ахвяраваў гораду 5 000 беларускіх рублёў. Ён хацеў паўдзельнічаць у будове помніка да 1000-годдзя Брэста. Праз некаторы час Вакуленка звярнуўся ў суд, каб вярнуць свае грошы, з-за «немэтазгоднага выкарыстання ахвяраваных сродкаў».

Вясной гэтага года берасцеец Сяргей Вакуленка ахвяраваў гораду 5 000 беларускіх рублёў. Ён хацеў паўдзельнічаць у будове помніка да 1000-годдзя Брэста. Праз некаторы час Вакуленка звярнуўся ў суд, каб вярнуць свае грошы, з-за «немэтазгоднага выкарыстання ахвяраваных сродкаў».

«Я пабачыў плакаты, якія былі развешаныя ў дзяржаўных установах горада і на вітрынах крамаў. На плакаце былі адлюстраваныя ўсе гістарычныя асобы, якія планавалася адліць у поўны рост. Самымі істотнымі для мяне з’яўляліся Афанасій Брэсцкі (Філіповіч) і вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла», — расказвае Сяргей Вакуленка. Каб далучыцца да ўшанавання гістарычных асобаў у памятнай скульптуры, берасцеец добраахвотна ахвяраваў грошы, накіраваўшы іх на рахунак АСБ «Беларусбанк».

Ужо праз тыдзень ён пачуў пра кардынальныя змены ў канцэпцыі праекта. Постаць Божай Маці наверсе помніка была замененая на анёла, як пасля высветлілася, згодна з канонамі праваслаўнай царквы. З помніка былі прыбраныя выявы караля Ягайлы і Афанасія Брэсцкага, а таксама фігуры памежніка Андрэя Кіжаватава, першага героя Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карвата, літаратара Уладзіміра Калесніка. З заяўленых гістарычных асобаў былі пакінутыя толькі Мікалай Радзівіл Чорны, князь Уладзімір Васількавіч і вялікі князь літоўскі Вітаўт. З’явіліся зборныя вобразы Маці, Жаўнера і Летапісца. У такім выглядзе помнік быў прадстаўлены на святкаванні дня горада.

Сяргей Вакуленка падаў скаргу ў пракуратуру, а пасля звярнуўся ў суд. «Новая канцэпцыя помніка адрозніваецца ад заяўленай амаль на 70 працэнтаў. Калі б я ведаў пра змены ў скульптурнай кампазіцыі, я б не ахвяраваў грошы. Гэта ўжо істотна іншы помнік, — тлумачыць сваю пазіцыю гараджанін. — Гарадскія ўлады павінны былі б звярнуцца да грамадскасці праз сродкі масавай інфармацыі і патлумачыць пра змены ў праекце скульптуры. І калі пасля гэтага ў ахвярадаўцаў узнікнуць пытанні, расказаць, дзе і як яны змогуць забраць свае ўнёскі».

Суд Ленінскага раёна горада Брэста, а пасля і абласны суд у задавальненні іску адмовілі. На дадзены момант выдаткі Вакуленкі на судовыя працэсы склалі 700 тысяч рублёў. 350 тысячаў — за суд першай інстанцыі, і столькі ж за падачу касацыйнай скаргі ў суд вышэйшай інстанцыі.

«Самае крыўднае ў тым, што пасля адкрыцця помніка на дошках з надпісамі пра гісторыю горада па-беларуску налічылі больш за 75 граматычных памылак. Самая галоўная з якіх — адсутнасць «ў». Многія жыхары не разумеюць, чаму помнік, прымеркаваны да 1000-годдзя Брэста, быў усталяваны ў гадавіну 990-годдзя горада. За дзесяць гадоў хапіла б часу шырока абмеркаваць канцэпцыю праекта і зрабіць якасную скульптурную кампазіцыю.

Каментаваць