Вярнуць Магдэбургскае права

Гарадку Дзісна, што ў Мёрскім раёне, калісьці даравалі прывілеі Усяслаў Чарадзей, Жыгімонт Аўгуст і Стэфан Баторый. Цяпер мясцовыя жыхары — а іх усяго каля 2,5 тысяч — не чакаюць літасцяў ад улады. Яны разлічваюць на сябе. Самаму маленькаму беларускаму гораду дапамагае выжываць уласная стратэгія ўстойлівага развіцця.



Гарадку Дзісна, што ў Мёрскім раёне, калісьці даравалі прывілеі Усяслаў Чарадзей, Жыгімонт Аўгуст і Стэфан Баторый. Цяпер мясцовыя жыхары — а іх усяго каля 2,5 тысяч — не чакаюць літасцяў ад улады. Яны разлічваюць на сябе. Самаму маленькаму беларускаму гораду дапамагае выжываць уласная стратэгія ўстойлівага развіцця.

Колькі гадоў таму на міжнароднай турыстычнай выставе ў шведскім Гётэбаргу на вачах у здзіўленай публікі шведскія, латвійскія і беларускія мастакі малявалі на велізарным палатне дзесяткі карцін адначасова. На пытанне, што яны робяць, адказвалі: «Размалёўваем белую пляму на карце гісторыі». Так у далёкай Швецыі даведаліся пра беларускую Дзісну, дзе па старых традыцыях і з размахам святкуюць яблычны і мядовы спас, вараць сапраўдны беларускі эль і прадаюць на рынку выключнае па смаку сметанковае масла.

У 1986 годзе, калі збіраліся будаваць Даўгаўпілскую ГЭС, самаму маленькаму гораду ў Савецкім Саюзе было наканавана на дзве траціны сысці пад ваду. Добра, што праект так і не быў рэалізаваны. А некалькі гадоў таму з-за недастатковай колькасці жыхароў статус Дзісны ледзь не панізілі да гарадскога пасёлка. Але мэрыя і дэпутаты мясцовага савета заявілі: «Давайце тады рэферэндум праводзіць!» На гэта спатрэбіліся б велізарныя грошы. І раённыя ўлады адступілі. Дзісна засталася горадам.

А калі тутэйшыя нешматлікія прамысловыя прадпрыемствы прыйшлі ў заняпад, ініцыятыўныя мясцовыя жыхары ўсяго за два гады стварылі Стратэгію ўстойлівага развіцця Дзісенскага краю да 2020 года на аснове турызму. Калі пераказаць гэты сур’ёзны дакумент у трох сказах, то гучыць ён так: «У нас няма прамысловасці, няма чыгункі, але ёсць багатая гісторыя, прыгожая прырода і гасцінныя людзі. Адзіны шлях для адраджэння нашага краю — гэта турызм. Наш брэнд: Дзісна — самы маленькі горад Беларусі».

Дзісенскі край пачаў «прасоўваць» сябе на выставах і фэстах. На яго звярнулі ўвагу шведскія турыстычныя арганізацыі, якія не ў Мінску і не ў Полацку, а менавіта ў Дзісне адкрылі свой інфармацыйны цэнтр.

Зараз мэру Дзісны Вользе Мароз часцяком даводзіцца праводзіць экскурсіі па драўляным мосце стогадовай даўнасці і вулачках, пазначаных яшчэ на картах XVI стагоддзя. Вулачкі спускаюцца да Заходняй Дзвіны. Па водах гэтай магістралі хадзілі калісьці на сваіх шнэках і ладдзях вікінгі — лепшыя ваяры і гандляры таго часу. Гэта быў залаты век для горада. Разам з гербам — ладдзёй пад белымі ветразямі на срэбных хвалях на фоне блакітнага неба — Дзісна атрымала тады Магдэбургскае права. Такога кшталту прывілей дазваляў абіраць гарадскую раду, развіваць рамёствы, варыць піва і арганізоўваць кірмашы, прыбытак ад якіх ішоў у гарадскую казну.

Так што няпраўда, нібыта палітыка дэцэнтралізацыі, якую актыўна прапагандуе камітэт рэгіёнаў Еўрасаюза, для Беларусі — з’ява нязвыклая. Многія гарады на тэрыторыі нашай краіны жылі па прынцыпу мясцовага самакіравання яшчэ ў сярэднявеччы. Бяспраўнай правінцыяй яны сталі толькі пасля таго, як Беларусь адышла да Расійскай імперыі, а да заняпаду дайшлі пад кіраўніцтвам саветаў, якія і цяпер «заводзяцца» па ўказцы зверху.

Нашто Беларусі мясцовыя павесткі

Дырэктар Міжнароднага гуманітарна-асветніцкага фонду «Жывое партнёрства» Алег Сівагракаў лічыць, што ў рамках развіцця мясцовага самакіравання ў Беларусі і цяпер варта было б увесці своеасаблівае Магдэбургскае права — перадаць многія кампетэнцыі рэспубліканскіх органаў на нізавы ўзровень.

«Гісторыя ведае прыклады, калі гарады ў выключныя моманты атрымлівалі розныя прэферэнцыі. Так, напрыклад, Быхаў пасля моцнага разбурэння быў вызвалены ўладамі Вялікага княства Літоўскага ад падаткаў на 20 гадоў. Быў выкарыстаны інструмент, адрозны ад звычайных капіталаўкладанняў у эканоміку горада, — Быхаву далі магчымасць развівацца на льготных умовах», — распавядае эксперт.

Распрацаваная ў Дзісне стратэгія ўстойлівага развіцця называецца мясцовай павесткай — гэта інструмент стратэгічнага (на 10–20 гадоў) планавання жыцця рэгіёна з улікам эканамічных, сацыяльных і экалагічных аспектаў развіцця, а таксама інтарэсаў усіх чальцоў мясцовай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі стратэгіі. У Беларусі першыя такія павесткі з’явіліся ў 1999 годзе.

«На практыцы для стварэння мясцовай павесткі спачатку фармуецца вобраз жаданай, ідэальнай будучыні пэўнай тэрыторыі з улікам абмежаванняў, звязаных з прыродным асяроддзем, паводле прынцыпу спалучэння сацыяльна-эканамічнага і экалагічнага ў развіцці, а таксама арыентацыі на мясцовыя рэсурсы і партнёрства ўладаў і мясцовай супольнасці», — тлумачыць Алег Сівагракаў.

Змест мясцовай павесткі залежыць ад канкрэтнага населенага пункта. У буйных гарадах акцэнт часта робіцца на рашэнні экалагічных праблем або развіцці прадпрымальніцтва. У сельскай мясцовасці — на развіцці агра- і экатурызму.

З пачатку 2009 года ў Беларусі дзейнічае праект Праграмы ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». А сам працэс падтрымкі мясцовых павестак у Беларусі грунтуецца на Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2020 года. Яна вызначае, што вядучую ролю ва ўстойлівым рэгіянальным развіцці павінны адыгрываць мясцовыя ўлады. «Ініцыятыўная група можа пачаць рэалізацыю мясцовай павесткі і без падтрымкі ўладаў, але калі ўлада потым не далучаецца — гэта непаўнавартасны працэс. Зрэшты, і ва ўлады без супрацоўніцтва з мясцовай супольнасцю нічога не атрымаецца», — падкрэслівае кіраўнік Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі Астрыд Зам.

Пытанне ў прыярытэтах, якія вызначае для сябе ўлада на месцах. «Мэр маленькага амерыканскага пасёлка сказаў мне: «Галоўнае для мяне — умець слухаць сваіх падаткаплатнікаў і размаўляць з імі», — распавядае Алег Сівагракаў. — У Беларусі ж ва ўмовах слаба развітага мясцовага самакіравання склалася ўнікальная сітуацыя. На месцах прызвычаіліся да дзяржаўнага планавання, дзе ёсць валавыя паказчыкі, якія даводзяцца зверху. Хоць у развітых эканоміках даўно адышлі ад выключна эканамічных паказчыкаў.

Як сведчыць сусветная практыка, аднабокая нацэленасць на эканамічнае развіццё не дапамагае выцягнуць рэгіён, таму што на месцах, у пэўных мясцовых супольнасцях людзі не толькі зарабляюць грошы. Яны там жывуць, у іх ёсць асабістыя планы і інтарэсы.

З іншага боку, у мясцовых органаў улады ў Беларусі вельмі мала фінансавых рэсурсаў, якімі яны рэальна могуць распараджацца. А чыноўнікі з міністэрстваў і ведамстваў нярэдка заяўляюць, што сельскім або малым гарадскім саветам наогул не варта давяраць фінансавыя сродкі, паколькі на месцах няма кваліфікаваных кадраў і грошы папросту «разбазараць». Але, як сцвярджаюць міжнародныя эксперты, слабыя кадры і ўтрыманства якраз і ёсць вынік звышцэнтралізацыі, калі мясцовае самакіраванне не зацікаўлена зарабляць грошы, паколькі гэта адразу зніжае паступленні з бюджэту.

Зрэшты, у Беларусі, дзе страчаны досвед уцягвання людзей у стратэгічныя пытанні планавання, часцяком на месцах не выкарыстоўваецца нават такі «бясплатны» рэсурс, як чалавечы патэнцыял.

Алег Сівагракаў сцвярджае: «Мясцовая павестка ў такіх умовах становіцца школай мясцовага самакіравання і адной з прыладаў, што спрыяе яго развіццю. На прыкладзе невялікіх праектаў аднаўляецца разуменне таго, што голас мясцовай супольнасці павінен быць пачуты».

Астрыд Зам адзначае досыць вялікую цікавасць «нізоў» да ідэі мясцовых павестак. «Праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі толькі рэагуе на гэты попыт, але не стварае яго», — падкрэслівае кіраўнік праграмы.

Цяпер у краіне дзейнічае каля пяцідзесяці мясцовых павестак. Да гэтай формы супрацоўніцтва з насельніцтвам улады ставяцца пакуль з пэўнай насцярогай. Хоць мясцовая павестка — гэта яшчэ і добрая магчымасць для прыцягнення донарскіх сродкаў. Напрыклад, аб’ём знешняга фінансавання Дзісны больш, чым увесь бюджэт самага маленькага горада краіны.

Каментаваць