Вярнуцца да жыцця пасля псіхічнага захворвання

Канцэрт на мінскай «Пешаходцы» 12 жніўня Re1ikt прысвяціў клубнаму дому «Адкрытая душа», які ладзіць сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю і падтрымлівае тых, хто пакутуе на псіхічныя захворванні.


Мінскі клубны дом «Адкрытая душа» створаны ў 2011 годзе грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў». Ва ўстанове людзі, што сутыкнуліся з наступствамі хваробы, атрымліваюць магчымасць вярнуцца ў свет сяброўства, сям’і, працы, занятасці, адукацыі — сацыялізавацца пасля псіхіятрычных лякарняў. Кожны з наведвальнікаў абірае цікавы для яго накірунак — кухонны, офісны ці творчы — і развівае свае здольнасці і ўменні. У клубным доме праходзяць майстар-класы, спартовыя заняткі, ёсць курсы шыцця і грання на гітары, тут навучаюць кампутарнай пісьменнасці. Клубны дом існуе фактычна на валанцёрскіх пачатках, а ў яго супрацоўнікаў няма сталай крыніцы прыбытку, каб рэгулярна аддаваць свой час тым, каму ён сапраўды патрэбны. Падчас дабраахвотнай «працатэрапіі» наведвальнікі Дома камунікуюць міжасобку, што добра адбіваецца на іх псіхічным стане: шмат якія ментальныя хваробы прагрэсуюць ад сацыяльнай ізаляцыі.

Re1ikt выступіў у падтрымку людзей з псіхічнымі
захворваннямі (фота)


Істотна зразумець, што псіхічная хвароба можа напаткаць амаль любога, самым здаровага на першы погляд, чалавека. Як жартуюць псіхолагі «Усе людзі дзеляцца на добра і кепска адаптаваных неўротыкаў. Кепска адаптаваныя трапляюць у лякарню, а добра адаптаваныя гуляюць па вуліцах». Не кажучы пра спадчынныя захворванні, ніхто не застрахаваны ад смерці блізкіх, звальнення, няўдач у асабістым жыцці. Некаторыя перажываюць такія рэчы самі, а іншым патрэбная дапамога. І часам справа даходзіць да лякарні, пасля якой чалавек можа страціць працу і арыентацыю ў жыцці. На гэтым этапе і патрабуецца рэабілітацыя, якой дзяржава, на жаль, не можа забяспечыць нават жыхарам сталіцы, не кажучы пра рэгіёны. Менавіта таму так істотная дзейнасць грамадскіх арганізацый у гэтай галіне.

З «Новым часам» падзялілася ўласным вопытам перажывання клінічнай дэпрэсіі і адаптацыі пасля яе жанчына, назавем яе Рыта. З часу яе шпіталізацыі прайшло больш за 10 гадоў. «Зараз ні ў каго, здаецца, не выклікае сумневаў мая псіхічная адэкватнасць. Я працягваю вучыцца, маю шмат замоў як фрылансерка, нармалёвыя адносіны з бацькамі. Праўда, я ў разводзе, у мяне складанасці з камунікацыяй, хранічная непрыязь да «хаджэння строем», у т. л. да працы ў офісе... Можа, я і дзівачка, але не больш, чым «у сярэднім па лякарні». А ў 19 гадоў мне спрабавалі дыягнаставаць шызафрэнію», — распавядае Рыта.

Чаму здарылася дэпрэсія?

Рыта мае 2 версіі: рамантычную і празаічную.

«Рамантычная версія: складанасці пасля Плошчы-2006. Я не разумела, як жыць далей у гэтай краіне, і не магла нават падумаць у бок «А можа з’ехаць?». Безнадзейнасць. Неяк я лягла на ложак паразважаць пра гэта, і фактычна не падымалася з яго некалькі месяцаў. Проста глядзела ў столь. Празаічная версія: у мяне былі складанасці з камунікацыяй, я шукала Бога, гармоніі, і проста «не пацягнула» штодзённасць ва ўмовах студэнцкага інтэрната (хаця жыла там ужо чацверты год)».

Дарэчы, духоўныя пошукі, якія прывялі да псіхічных праблем, згадваюць і некаторыя наведвальнікі Клубнага дома. Мабыць, пошукі самі сабой наўрад ці стануць прычынай ментальнага расстройства, але калі іх справакавалі праблемы, якія не вырашаюцца, пакуль чалавек займаецца справамі сваёй душы, то гэта можа скончыцца лякарняй. І ад гэтага ніхто не застрахаваны!

Рыта не выяўляла агрэсіі, не шкодзіла ні сабе, ні людзям, але яе бацькам чамусьці падалося, што яна можа здзейсніць самагубства, і яны вырашылі адвезці яе ў псіхіятрычную лякарню. «Маё суб’ектыўнае меркаванне: беларускія псіхдыспансеры — гэта трэш, — кажа Рыта. — Я разумею, што многім людзям там і праўда дапамагаюць. Я разумею, што ёсць лекары, якія сапраўды спачуваюць хворым. Але заўсёды трэба ацэньваць пабочны эфект. Псіхдыспансер, на жаль, можна назваць пеніцэнтыарнай установай, пакараннем чалавеку за яго хваробу. Часта закрытасць абумоўлена рацыянальна, але шмат чаго засталося з савецкіх часоў «проста таму, што так трэба».

Далей Рыта распавядае пра забарону на ўжыванне мабільнікаў, краты на вокнах, абавязковыя медагляды, што не маюць дачынення да ходу лекавання, пра стаўленне да пацыентаў як да ўжо недзеяздольных яшчэ да пастаноўкі дыягназу. Асабліва ўражвае аповед пра падсветку ўначы ў палатах, кшталту як у цягніку, каб хворых было добра бачна. Толькі падумаць: людзі звяртаюцца ў лякарню ў т. л. праз бяссонніцу, і трапляюць ва ўмовы, дзе вельмі складана заснуць без снатворнага!

Па словах Рыты, «цяжкіх» і «буйных» хворых могуць звязваць. А «цяжкім» можа стаць любы чалавек, што трапіў у псіхіятрычную лякарню. «Па выніках назірання» некаторым людзям чамусьці пачынаюць калоць вельмі цяжкія лекі. У выпадку Рыты гэта былі галаперыдол і сібазон праз «падазрэнне на шызафрэнію». «Ад гэтых лекаў я проста не магла рухацца праз аслабленне мышцаў, набрала за тыдзень (!!!) 10 кілаграмаў і стала сніць нейкія жахі, чаго да прыёму прэпаратаў не было. Тут бацькі захваляваліся і перавялі мяне ў іншую лякарню, дзе мне нічога не калолі, толькі кармілі гарманальнымі антыдэпрэсантамі», — распавядае жанчына. І дзеліцца назіраннямі: «Тэрапію цяжкімі лекамі выкарыстоўвалі ў дачыненні да дзяўчыны-«складанага падлетка», якую маці прывезла ў лякарню «праверыцца», і жанчыны ва ўзросце, што скардзілася на болі ў галаве, ад чаго і лекавалася, а потым парушыла распарадак (ужыла алкаголь), была пераведзеная ў палату для «цяжкіх» і праз некалькі дзён сапраўды выглядала на «цяжкую».


Рыта лічыць, што яе стан ад цяжкіх лекаў значна пагоршыўся. У Беларусі карыстаюцца прэпаратамі, што ў Еўропе і ЗША даўно выйшлі з ужытку, напрыклад, аменазінам для лекавання шызафрэніі. Ён мае шэраг пабочных эфектаў, у тым ліку досыць фізіялагічна непрыемных.

У лякарнях Рыта правяла тады паўтара месяца. «Калі я выпісалася, то была шчаслівая, што мяне проста выпусцілі. На дэпрэсію на пэўны час я забылася. Бацькі лічаць, што мяне ўсё ж такі вылекавалі, хай і занадта жорсткімі метадамі. Я мяркую, што пабачыўшы жахі псіхдыспансера, я рэзка панізіла планку жаданняў, і жыць стала лягчэй, жыць стала весялей. Ёсць жа статыстыка, што падчас войнаў ды катаклізмаў скарачаецца колькасць самагубстваў: у людзей з’яўляецца сэнс жыцця».

Праз паўгода пасля выпіскі Рыту знялі з псіхіятрычнага ўліку, сказаўшы нешта кшталту «Вы трапілі ў лякарню памылкова, з вамі проста ніхто толкам не пагутарыў». Хто правы, хто вінаваты — ужо не разабрацца, шмат дэталяў Рыта ўжо не памятае. Але застаецца фактам, што многім людзям трэба «лекаванне пасля лекавання»: псіхдыспансер здымае сімптомы, але не вучыць адаптавацца да жыцця, чым і займаецца Клубны дом.

Адаптацыя пасля псіхдыспансера

Рыта паўгода з жахам згадвала лякарню штодня, потым стала троху лягчэй. Ва ўніверсітэце давялося ўзяць акадэмічны адпачынак і вярнуцца ў родны горад, які яна пакінула дзеля вучобы за 4 гады да дэпрэсіі. Сябры раз’ехаліся, Рыце давялося шукаць новыя знаёмствы, факты абставінаў, вонкавых і ўнутраных, што справакавалі хваробу. Трэба было  наноў ствараць сабе сацыяльна асяроддзе. Яна стала задарма выкладаць танцы і лічыць, што гэта яе і сацыялізавала: «Добра, што горад абласны і быў інтарэс да маіх уменняў. Мабыць, у райцэнтры ці вёсцы я не паразумелася б з аднагодкамі пасля жыцця ў сталіцы». Старыя сябры Рыту не пакінулі, хаця яны рэдка бачыліся праз жыццё ў розных гарадах. Адносіны з бацькамі не клеіліся.


Праз год дзяўчына вярнулася ў Мінск, здала прапушчаную сесію. Студэнцкае жыццё ёй стала нецікавым, яна вырашыла памяняць нешта, перавялася на завочнае аддзяленне, працавала. «Ад хлопца, з якім мы сталі разам жыць, бацькі былі ў шоку: ён зусім не адпавядаў мне па сацыяльным і адукацыйным узроўні. Праўда, мы хутка разышліся, я захапілася вучобай, нават вучылася за мяжой потым. Неяк усё больш-менш упарадкавалася, хаця часам даводзілася пахадзіць да псіхолага», — кажа Рыта.

Больш у лякарню яна не трапляла, антыдэпрэсантаў не п’е. Сур’ёзны дэпрэсіўны эпізод перажыла пасля разводу, але абышлося без шпіталізацыі. Ёй пашанцавала пасля лякарні вярнуцца да нармалёвага жыцця, але так шанцуе, на жаль, не кожнаму. Клубны дом «Адкрытая душа» для многіх людзей застаецца адзінай магчымасцю. Падтрымаць яго дзейнасць можна тут.

Каментаваць