Вярнуць беларусам знакавасць Курапатаў

Пададзена заяўка на правядзенне ў Мінску другой дакументальна-мастацкай выставы  пра Курапаты.



Старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгору Сітніцу пададзена заяўка на правядзенне ўвосень 2016 года ў сталічным Палацы мастацтва II дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”. 

Сярод падпісантаў заяўкі — сябры працоўнай групы адкрытага нацыянальнага конкурсу на найлепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму, у тым ліку старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы: культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, археолаг Валянціна Вяргей, старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу.

У якасці кроку на шляху здзяйснення канцэпцыі мемарыялізацыі Курапатаў прагучала прапанова падрыхтаваць выставу мастацкіх твораў, артэфактаў, дакументаў, публікацый і мультымедыя, прысвечаных ахвярам масавых палітычных рэпрэсій савецкіх часоў і народнаму мемарыялу крыжоў ва ўрочышчы. Менавіта дзякуючы падтрымцы старшыні БСМ, з 13 па 17 лістапада 2015 году ў сталічным Палацы мастацтва адбылася першая ў найноўшай гісторыі Беларусі такая дакументальна-мастацкая выстава “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, якая мела вялікі грамадскі рэзананс.

Надалей мяркуецца арганізаваць невялікія лятучыя інтэрактыўныя выставы па тэме, падрыхтаваць інтэрнэт-экспазіцыю пра Курапаты. Апроч таго, у працяг конкурсу ў Мінску ў 2016–2017 гадах прадугледжана правядзенне маштабных дакументальна-мастацкіх выставаў, прысвечаных Курапатам.

На думку заяўнікаў, такія выставы, у праграму якіх увойдуць навукова-практычныя канферэнцыі, будуць спрыяць вяртанню тэмы Курапатаў і сталінскіх рэпрэсій у цэнтр грамадскай увагі, а таксама аб’яднанню грамадства вакол тварэння народнага мемарыялу. Мяркуецца запрасіць на выставы прадстаўнікоў творчых аб’яднанняў, студэнтаў і навучэнцаў шэрагу ВНУ і ССНУ. Такім чынам, выставы адлюструюць хаду конкурсу на найлепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў і будуць спрыяць папулярызацыі творчага спаборніцтва.  

Грамадскія актывісты просяць Рыгора Сітніцу запланаваць на два тыдні ў кастрычніку-лістападзе 2016 году правядзенне II дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні” ў сталічным Палацы мастацтва, дзе, дарэчы, улетку 1993 года дэманстраваліся творчыя вынікі першага конкурсу на найлепшы праект помніка ахвярам сталінізму ў Курапатах — больш за 50 прапановаў, 31 траўня 1993 года разгледжаных экспертнай камісіяй пад старшынствам народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Заяўнікі лічаць гэтыя справы надзвычай актуальнымі, бо Курапаты, што на пачатку 1990-х гадоў разам з Чарнобылем былі знакавымі з’явамі ў свядомасці беларусаў, найважнейшымі ў справе адраджэння незалежнасці краіны, перасталі быць не толькі памятным гістарычным сімвалам, але і ўвогуле пачынаюць выпадаць з людской памяці.

Падпісанты заяўкі выказалі спадзяванне, што конкурс на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў і аднайменная выстава прыцягнуць да ўрочышча ўвагу як вядомых архітэктараў, мастакоў і скульптараў, так маладых творцаў і грамадства ўвогуле.

“Неабходна вярнуць беларускаму народу знакавасць Курапатаў, бо яны сыходзяць з нашай свядомасці, з Беларусі. Тым часам суайчыннікам актыўна навязваюць канцэпцыю „русского мира“ ў сітуацыі, калі моладзь не мае знакаў беларускай ідэнтычнасці. А аднаўленне і падвышэнне знакавасці Курапатаў у грамадстве паспрыяе ўмацаванню маральнасці і гістарычнай памяці суайчыннікаў”, — падкрэсліваецца ў заяўцы.

Каментаваць