Вяртайся, мы ўсё даруем

На брыфінг у Сяргея Нарышкіна, кіраўніка Адміністрацыі расійскага прэзідэнта, прыехалі 25 прадстаўнікоў дзяржаўных і незалежных СМІ Беларусі і Расіі. На працягу крыху больш гадзіны чыноўнік распавядаў пра сутнасць расійска-беларускіх адносін і, наколькі мог, адказваў на пытанні журналістаў.

На брыфінг у Сяргея Нарышкіна, кіраўніка Адміністрацыі расійскага прэзідэнта, прыехалі 25 прадстаўнікоў дзяржаўных і незалежных СМІ Беларусі і Расіі. На працягу крыху больш гадзіны чыноўнік распавядаў пра сутнасць расійска-беларускіх адносін і, наколькі мог, адказваў на пытанні журналістаў.

Напярэдадні незалежныя журналісты спадзяваліся хаця б на якую-небудзь кардынальную заяву з боку расійскага кіраўніцтва. Накшталт таго, што Расія больш не будзе падтрымліваць злачынны рэжым, выбары не прызнае, калі зноў пераможа Лукашэнка, і ўвогуле, разлічвае ўбачыць новы твар на вяршыні беларускай палітыкі. Сенсацыі не адбылося.

Большую частку свайго выступу Сяргей Нарышкін прысвяціў плюсам беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Маўляў, і таваразварот павялічыўся да 25 мільярдаў долараў, і доля Расіі ў беларускім экспарце складае ад 70 да 90 працэнтаў, і вельмі плённым ёсць супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай і гуманітарнай сферах. А яшчэ — Беларусь застаецца для Расіі “самым надзейным і верным партнёрам-саюзнікам, і Расія вельмі спадзяецца на паглыбленне інтэграцыйных працэсаў.

“Мы бясконца шануем супрацоўніцтва з Беларуссю... Важна, каб гэтае супрацоўніцтва мела ўзаемавыгадны партнёрскі і раўнапраўны характар. Мы ўпэўненыя, што такое супрацоўніцтва адпавядае інтарэсам як Расіі і Беларусі, так і інтарэсам насельніцтва нашых краін, — сказаў у прамове Нарышкін. “Менавіта таму нам балюча канстатаваць, што з Мінска апошнім часам гучаць беспадстаўныя папрокі і прэтэнзіі на адрас Расіі. А з пачаткам перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, на жаль, яны нават узмацніліся, — падкрэсліў кіраўнік адміністрацыі Мядзведзева.

Карацей, пра ўсё гэта можна было напісаць яшчэ напярэдадні прыезду ў Маскву. Узнікае пытанне: навошта гэта сустрэча? Зразумела, не ў адказ на прэс-канферэнцыю А. Лукашэнкі для расійскіх журналістаў. І не для таго, каб данесці да беларускіх і расійскіх выбаршчыкаў, што расійскае кіраўніцтва не здраджвае агульным інтарэсам. Тым больш, што тэлекамер на сустрэчы не было (дарэмна адключалі расійскія тэлеканалы), і шырока гэты брыфінг нідзе не асвятляўся.

Дык нашто? Ускосна адказ на гэта пытанне і агучаны Нарышкіным. Справа ў тым, што бліжэйшым часам асабіста Мядзведзеў з Лукашэнкам сустракацца не збіраецца. Але пасля ўсіх заяў і абвінавачванняў і пагаршэння ўзаемаадносін, пазіцыю расійскага кіраўніцтва трэба было неяк да Лукашэнкі данесці. Вось і данеслі.

А пазіцыя гэта вельмі простая. Па-першае, “выбары — унутраная справа Беларусі, і Расія не будзе ў гэта ўмешвацца, хаця ёй і не ўсё роўна, “які выбар зробіць беларускі народ. Але адносіны да вынікаў гэтых выбараў будуць вызначацца “ступенню адпаведнасці выбараў і выбарчай кампаніі нормам перш за ўсё беларускага заканадаўства і агульнапрынятым міжнародным дэмакратычным нормам.

Па-другое, нягледзячы на ўсю негатыўную рыторыку беларускага прэзідэнта, расійскае кіраўніцтва гатовае да далейшага плённага супрацоўніцтва. Для гэта трэба ўсяго толькі “ўсведамленне беларускім кіраўніцтвам няслушнасці тых крокаў па дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх адносін… згубнасці той палітыкі ў адносінах да Расіі… “І калі гэта ўсведамленне адбудзецца і на словах, і на справе, кантакты будуць працягвацца. Аднак расійскае кіраўніцтва не выключае кантактаў з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Цытую: «З любой апазіцыяй трэба лічыцца… Кантакты з беларускай апазіцыяй магчымыя».

Па-трэцяе, такое непаразуменне ў палітычнай сферы можа вельмі негатыўна адбіцца на эканамічным супрацоўніцтве паміж Расіяй і Беларуссю.

І нарэшце, Мытны саюз — вельмі выгодны для Беларусі. Крытыка ў яго адрас можа гучаць толькі з вуснаў “альбо непрафесіяналаў, альбо палітыканаў.

Што тычыцца пытання адносін расійскага кіраўніцтва да гучных спраў зніклых палітыкаў, то, нягледзячы на тое, што “іх як грамадзян гэта пытанне заўсёды цікавіла, ініцыяваць уласнае расследаванне па фактах, агучаных у фільмах “Хросны Бацька, расійскае кіраўніцтва не будзе. Дарэчы, пра фільмы, аказваецца іх з’яўленне — вынік перапоўненай чары цярпення журналістаў канала НТВ. Хто б сумняваўся.

Вось, бадай, і ўсё асноўнае, што хацеў сказаць Дзмітрый Мядзведзеў Аляксандру Лукашэнку, а заадно і беларускай апазіцыі, і ўсім тым, хто зноў спадзяваўся на тое, што Расія нарэшце паглядзіць на сітуацыю ў Беларусі з іншага боку. Не гэтым разам.

Расіі яшчэ патрэбна Беларусь з Аляксандрам Лукашэнкам. Хаця б таму, што такая Беларусь пакуль пасуе інтарэсам Расіі, такая Беларусь ёсць аргумент у геапалітычнай гульні Расійскай Федэрацыі з Еўрапейскім саюзам і ЗША. Такая Беларусь патрабуе ўсё больш не ўлічаных фінансавых сродкаў, з дапамогай якіх рэжым можна кантраляваць. Расія пакуль не ўбачыла альтэрнатывы — таго кандыдата, які б быў не толькі больш прадказальны, але і адпавядаў бы яе імперскім амбіцыям.
 

Каментаваць