Вяскоўцы патрабуюць ад уладаў годнага жыцця

Жыхары вёсак Грозаўскага сельскага савета (Грозаў, Яўсеевічы, Аксаміты, Канюхі, Балгавічы) накіравалі ў Капыльскі райвыканкам 7 калектыўных зваротаў, у якіх просяць прыняць неадкладныя меры па вырашэнню жыццёва важных пытанняў. Высветлілася, што сяляне неабыякава ставяцца да зарослых пустуючых участкаў, да пашырэння плантацый баршчэўніку Сасноўскага ў наваколлі, пакутуюць ад недахопу транспорту.



145 вяскоўцаў нагадваюць выканкаму, што згодна з заканадаўствам дзяржава павінна рупліва выконваць функцыі землеўласнікаў на землях агульнага карыстання і пустуючых участках. Яскравае сведчанне адсутнасці гаспадара на дзяржаўных землях — здзічэлы знешні выгляд вёсак Аксаміты, Слабодка, Яўсеевічы, «плантацыя» баршчэўніку Сасноўскага каля аграгарадка Грозаў, неразабраныя рэшткі спаленых невядомымі злачынцамі пустуючых дамоў у вёсцы Канюхі.


124 чалавекі просяць прыняць тэрміновыя меры па ліквідацыі баршчэўніку Сасноўскага. 96 жыхароў Грозава просяць райвыканкам адчыніць лазню ў аграгарадку Грозаў, каб можна было памыцца хаця б раз на тыдзень. З лёгкасцю сабраныя подпісы за адкрыццё дадатковага аўтобуснага рэйса Капыль-Слуцк па выходных днях. Наведаць слуцкі кірмаш, крамы горада, цэрквы — пра гэта мараць людзі розных узростаў.


Сярод пытанняў, якія закранулі падпісанты, і недастатковая забяспечанасць вадой вуліцы Слуцкай, што знаходзіцца ў вёсцы Грозаў.


Некалькі чалавек з вёскі Канюхі паклапаціліся аб тым, каб на скрыжаванні вуліцы з аўтатрасай з’явіўся «ляжачы паліцэйскі». Людзі кажуць, што гэтае месца вельмі небяспечнае для пешаходаў. Больш за 30 чалавек з вёскі Яўсеевічы звяртаюцца ў райвыканкам з просьбай зрабіць якасны рамонт дарогі, якая вядзе з капыльскай аўтатрасы да іх вёскі. Да калектыўных зваротаў напісаны і суправаджальныя лісты датычна вылучаных праблемаў.


Скласці калектыўныя звароты і накіраваць іх у райвыканкам дапамаглі слуцкія і капыльскія актывісты ініцыятывы «Утульны край» у межах агульнанацыянальнай кампаніі «Зробім лепш».
Апроч збору подпісаў, актывісты маюць намер наведаць мясцовых дэпутатаў парламента, кіраўнікоў рознага рангу з тым, каб прапанаваць ім унесці змены ў заканадаўства і вылучыць фінансавыя сродкі для выканання правілаў утрымання населеных пунктаў.

Абмеркаванне:

  • polzh
  • 2014-08-21 18:31:52
Хорошо, что нашлись люди, которым небезразлична ситуация на деревне, и которые могут как-то помочь изменить ситуацию к лучшему.

Каментаваць