Ветэрынар: як выжыць і не страціць веру ў прафесію

Куды звычайна пасылаюць на адпрацоўку маладога спецыяліста-ветэрынара? Большасць адкажа: на фермы, каб «каровам хвасты круцілі». Але, аказваецца, ветэрынар — прафесія шырокага профілю. 



Чаго толькі ні зробіш, каб застацца ў горадзе!

Жэня — выпускніца Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, якая прыехала на вучобу з Брэста. На яе выбар прафесіі паўплывала старэйшая сястра, якая вучылася на мікрабіёлага. Паступаючы ў ветэрынарную акадэмію як у адзіную ўстанову ў Беларусі, дзе можна атрымаць гэту спецыяльнасць, Жэня марыла адкрыць сваю ветэрынарную клініку. Ну, а пра тое, што абавязковае размеркаванне ператворыцца для яе ледзь не ў катаргу, дзяўчына нават і падумаць не магла.

Першапачаткова Жэню размеркавалі ў Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці. Пасля таго, як яна дабіралася да сваёй працоўнай глыбінкі дызелем, аўтобусам і ў дадатак яшчэ і спынам, дзяўчына, вярнуўшыся дадому, у слязах заявіла маці, што ні ў якім разе працаваць у гэтай вёсцы не будзе. Па словах Жэні, уся вёска ўяўляла сабой некалькі драўляных хат, дзе ад адной да другой валэндаліся нецвярозыя мужчыны. Пражыўшы ўсё жыццё ў горадзе, Жэня вырашыла, што, калі застанецца ў гэтай вёсцы, проста загіне.

Маці пайшла на сустрэчу да мэра, пасля якой дзяўчыну пераразмеркавалі ў Жабінкаўскі раён. «Але я хацела працаваць менавіта ў Віцебску, — дзеліцца дзяўчына, — таму я фіктыўна выйшла замуж за свайго віцебскага сябра. Так мяне і пакінулі тут».

Што рабіць, калі падначаленыя — былыя зэкі?

Прадпрыемства, куды накіравалі Жэню, займаецца перапрацоўкай мяса, яго выкупіла адно акцыянернае таварыства (мы наўмысна не называем гэта прадпрыемства, бо не маем дакументальных пацверджанняў фактаў, пра якія распавяла дзяўчына, — рэд.). Жэня працавала там ветэрынарным лекарам і ветэрынарным санітарным экспертам.

Працоўны дзень маладога спецыяліста пачынаўся з доўгай дарогі на прадпрыемства, якое знаходзіцца за горадам. Гадзіна на аўтобусе і два кіламетры пешшу ўздоўж трасы — вось яе штодзённы шлях да працы. Пераапрануўшыся, Жэня прыступала да справы. Яна правярала прывезеных на прадпрыемства жывёл — кароў і быкоў. Калі з імі было ўсё ў парадку, то дзяўчына давала згоду на забой.

Спачатку была перадубойная вытрымка, якая займала дзесьці каля чатырох гадзін. Пасля, калі страўнік жывёл спусташаўся, пачынаўся працэс забою, які ажыццяўлялі тры забойшчыкі. Спачатку быка аглушалі токам у вока з дапамогай спецыяльнага цвіка. Бык адразу не паміраў і ўсё адчуваў. Далей пачынаўся працэс «абяскроўлення». Жывёліну падвешвалі за заднія ногі і ўскрывалі ёй сонную артэрыю. Самае галоўнае ў такіх аперацыях — гэта адсутнасць пухлін і лою. Далей з жывёл здымалі скуру, а пасля распорвалі чэрава.

Пасля Жэня разглядала ўнутраныя органы жывёл — сэрца, пячонку, селязёнку, лёгкія, трахею, язык. Усё гэта забойшчыкі развешвалі на крукі. Калі на органах не было ніякіх паталагічных змяненняў, то Жэня адпраўляла мяса на «распіл», пасля якога атрымоўвалася два кумпякі і лапаткі. Калі ўсё было гатова, Жэня ставіла таўро на лядоўню, дзе захоўвалася мяса, якое на наступны дзень развозілася па крамах.

Вось такія вясёлыя карцінкі штодня назірала дзяўчына. Вось табе і ветэрынарная клініка...

У абавязкі маладога спецыяліста ўваходзіў яшчэ і кантроль за дэзінфекцыяй. Але гэтай важнай часткі працэсу на прадпрыемстве не існавала: «Дэзынфекцыю наўпрост ніхто не рабіў, — распавядае Жэня. — Я рабіла яе сама, бо дабівацца чагосьці ад тых жа «байцоў» было бессэнсоўна. Тым больш, я працавала з двума мужчынамі, якія адсядзелі ў калоніі. І мне, дзяўчынцы пасля ўніверсітэта, трэба было імі кіраваць. Спачатку яны не ўспрымалі мяне ўсур’ёз. На працягу маёй адпрацоўкі я не крычала на іх, не качала свае правы, а намагалася спакойна казаць пра іх абавязкі. Часам у мяне гэта не атрымлівалася. У выніку мне прыходзілася выконваць, акрамя сваёй працы, яшчэ і іх».

Праца без грошай, святла і каналізацыі

Заробак маладога спецыяліста вагаўся каля двух з паловай мільёнаў. Гэты скарб трэба было размеркаваць так, каб хапіла на аплату здымнага пакою, які каштаваў 100 долараў, ды яшчэ хапіла на праезд, харчы да іншыя неабходныя рэчы. Інтэрнат ад працы яна атрымаць не магла, бо лічылася дзяўчынай замужняй, адпаведна, жыллём павінна была сябе забяспечваць сама. Пэўны час ёй даводзілася штомесяц выплачваць крэдыт за мабільны тэлефон. На ежу ў дзяўчыны заставалася каля васьмісот тысяч рублёў. Грошай не хапала, таму Жэня стала харчавацца ў асноўным аднымі яблыкамі. У выніку пры росце 170 яна стала важыць 48 кілаграмаў. Знаёмым, якія сталі цікавіцца, чаму яна так рэзка схуднела, Жэня адказвала, што стала захапляцца сыраедствам. І толькі зараз дзяўчына прызналася, што насамрэч у яе наўпрост не было грошай.

Хтосьці скажа, што можна было харчавацца амаль дармовым мясам. Але пасля таго, як дзяўчына ўбачыла, адкуль гэта мяса бярэцца, ялавічына ёй у горла не палезла б.

А яшчэ Жэня расказвае, што на прадпрыемстве, дзе яна працавала, можна і не быць ветэрынарным санітарным экспертам, каб заўважыць элементарныя парушэнні. Натуральна, каб прадпрыемства функцыянавала па ўсіх нормах, патрэбны былі грошы. І, здаецца, яны былі, але замест забеспячэння добрых працоўных умоў, кіраўніцтва рабіла рамонт у сваіх кабінетах або набывала новыя службовыя машыны. А работнікам нават не вылучалі грошай на сродкі дэзінфекцыі. Пасля забою, калі ўсё вакол знаходзілася ў крыві, трэба было элементарна папраць працоўную вопратку. І работнікі набывалі парашок за свае грошы.

Напэўна, Жэня не той чалавек, які можа змаўчаць і праглынуць несправядлівасць. Калі раптоўна ўрэзалі заробак так, што грошай не хапала ўжо, каб здымаць жыллё, дзяўчына вырашыла ісці ў інспекцыю працы, каб даведацца, ці парушае працадаўца яе правы. Перад гэтым дзяўчына падышла да кіраўніка, патлумачыўшы, што ёй няма за што жыць, і запытала: «Чаму вы так рэзка ўрэзалі заробак?», на што атрымала адказ: «А ты мне такія філасофскія пытанні не задавай. Наогул, калі некуды пойдзеш скардзіцца, памятай, што ў мяне ёсць свае нітачкі, за якія я магу падзёргаць». Але ў інспекцыю працы Жэня ўсё ж такі схадзіла, праўда, безвынікова. Там ёй патлумачылі, што па ўсёй Віцебскай вобласці на той момант панавала такая сітуацыя з працай. Ёй прапанавалі сысці і знайсці сабе лепшае месца.

Два месяцы людзі працавалі без святла. Яго адключылі, бо кіраўніцтва не плаціла за яго. «А яшчэ там было жахліва халодна, — узгадвае Жэня, — я насіла целагрэйку і бегала кругамі, каб хоць неяк сагрэцца. Душ там таксама не працаваў. А ў прыбіральню так наогул лепш было не заходзіць! Ваду ва ўнітаз мы залівалі вёдрамі, бо сантэхніка не працавала».

Не дзіўна, што кіраўніцтва замоўчвала і інцыдэнты з некаторымі забойшчыкамі. Жэня называе іх «надзвычай агрэсіўнымі». На пытанне, пра тое, у чым праяўлялася іх агрэсія, дзяўчына намагалася пераадолець сябе, каб прывесці прыклады. Але сказала толькі тое, што адзін з іх кідаўся з нажом на работніка. Болей расказваць нічога не стала са словамі: «Яны ж былыя зняволеныя… А раптам што здарыцца...»

Куды пайсці з дыпломам ветэрынара?

Пасля двух гадоў размеркавання на прадпрыемстве, Жэня звольнілася. Працу ў Віцебску па спецыяльнасці дзяўчына не знайшла. Прыйшлося ўсё ж вярнуцца ў Брэст, дзе пачаліся карпатлівыя пошукі працы ва ўсіх установах, якія былі звязаныя з ветэрынарнай медыцынай.

Але нядаўна Жэня ўсё ж такі знайшла сабе працу. Зараз яна — дзяржаўны ветэрынарны інспектар. Дзяўчына ездзіць па фірмах, прадпрыемствах, аптэках, мясакамбінатах, дзе праводзіць праверку абсталявання, лекаў, працоўных умоў. Працуючы ў дзяржаўнай установе зараз, Жэня атрымлівае каля чатырох мільёнаў рублёў.

«Зараз, калі ад таго жаху засталіся адны ўспаміны, магу сказаць з упэўненасцю, што я ні пра што не шкадую, — кажа Жэня. — Я прайшла праз такія цяжкасці, але ўрэшце знайшла  сабе добрую працу па спецыяльнасці. Людзей, якія вытрымалі два гады катаргі, ахвотна бяруць пасля на працу. Часам патрэбна проста ператрываць. А яшчэ я дагэтуль мару адкрыць сваю ветэрынарную клініку. Скажу болей — маленькімі крокамі я набліжаюся да яе. І думаю, што ў мяне ўсё атрымаецца».

Абмеркаванне:

  • Мария
  • 2015-11-18 16:58:18
4 млн -это "хорошая работа"??? Автор наверно пошутил?! Да, после такого жесткача и на такие копейки согласишься с радостью. Чудестная жизнь простого белоруса... Нет слов...

Каментаваць