Вольнае паветра

Этна-фестываль «Вольнае паветра» збярэ гасцей 27 жніўня на хутары Шаблі. Арганізатары фэсту абралі гэтае месца, бо яно надзвычай атмасфернае. І таму абяцаюць гасцям адпаведную музыку і забавы.

Этна-фестываль «Вольнае паветра» збярэ гасцей 27 жніўня на хутары Шаблі. Арганізатары фэсту абралі гэтае месца, бо яно надзвычай атмасфернае. І таму абяцаюць гасцям адпаведную музыку і забавы.

На хутары Шаблі ў васьмідзесяці кіламетрах ад сталіцы выступяць паўтара дзясяткі артыстаў з розных краін, якія спалучаюць этнічную музыку з сучасным гучаннем. Усе замежныя артысты фестывалю наведаюць Беларусь упершыню: «Shazalakazoo» (Сербія), «Комба-бакх» (Расія), «Sovijus» (Літва), DJ Wojcio (Польшча), «Бадьян Сауна Сістэм» (Украіна). Беларусь будуць прадстаўляць калектывы «Нагуаль», «Dzivasil», «Gurzuf», «Morfe Acoustic Band», а таксама шэраг ды-джэяў.

У фэсце не будуць удзельнічаць такія вядомыя гурты, як «Крыві», «Палац», «Аляксандра і Канстанцін». Арт-дырэктар фэсту Аляксандр Багданаў гэта тлумачыць намерам паказаць публіцы іншы бок этнічнай музыкі. «Асноўнай задачай фестывалю мы ставім адукацыю публікі. То бок мы хочам данесці да беларускай публікі, што існуе і іншы фолк», — зазначае Багданаў.

Беларускамоўныя песні ёсць у рэпертуары айчыннага калектыву «Dzivasil» і ў расійскага гурта «Комба-бакх». На творчасць апошняга Багданаў раіць звяр­нуць асаблівую ўвагу. «У іх усяго пяцьдзесят альбомаў, некалькі альбомаў выкладзеныя ў сеціве. У кожным альбоме гэтага нават не гурту, а творчай кааліцыі, ёсць некалькі трэкаў па-беларуску, бо некаторыя музыкі родам з Беларусі, таму яны адданыя сваім караням. І часам робяць трэкі па-беларуску, нягледзячы на тое, што самі жывуць у горадзе Кастрама», — распавёў арт-дырэктар фэсту.

Гасцей «Вольнага паветра» чакаюць гульні, кінатэатр пад адкрытым небам і нават адкрыты чэмпіянат па кіданню каровіных кізякоў. Арганізатары нават парупіліся пра адпаведны інвентар і расходныя матэрыялы для згаданых спаборніцтваў.

Арганізатары «Вольнага паветра» гатовыя прыняць да 1500 гледачоў.

Важная інфармацыя: да паня­дзелка, то бок да 22 жніўня, кошт квіткоў такі: 20 тысяч рублёў каштуе ўваход, 50 тысяч рублёў госці мусяць заплаціць за ўваход і месца на кемпінгу для намёту (але колькі чалавек будзе жыць у намёце, ніхто не рэгламентуе). Ад панядзелка, у сувязі з нестабільнай эканамічнай сітуацыяй, кошт квіткоў узрасце на 20 тысяч беларускіх рублёў.

Час правядзення фестывалю: 27 жніўня ад 15.00 да 6.00. Месца правядзення: хутар Шаблі, в. Малое Запруддзе, Валожынскі раён — 80 кіламетраў ад Мінска ў бок Вільнюса. Арыенцір — в. Гародзькі.

Каментаваць