Вольны творца і патрыёт

Вольны мастак, нон-канфарміст Алесь Пушкін ладзіць перформансы, удзельнічае ў грамадскіх кампаніях, робіць пастаноўкі ў тэатры, піша дэкарацыі. У цэрквах і касцёлах застануцца абразы і роспісы, зробленыя ім. Алесь — шчыры і гасцінны чалавек. Моладзь, што пабывала ў яго на сядзібе, наперабой расказвала пра катанне на конях, пра маляўнічы пейзаж за рэчкай. Летась, калі прэмію “За Свабоду думкі атрымліваў Павел Севярынец, каля сядзібы ў Бычках цёплыя словы пра яго сказаў мастак Алесь Пушкін.



Вольны мастак, нон-канфарміст Алесь Пушкін ладзіць перформансы, удзельнічае ў грамадскіх кампаніях, робіць пастаноўкі ў тэатры, піша дэкарацыі. У цэрквах і касцёлах застануцца абразы і роспісы, зробленыя ім. Алесь — шчыры і гасцінны чалавек. Моладзь, што пабывала ў яго на сядзібе, наперабой расказвала пра катанне на конях, пра маляўнічы пейзаж за рэчкай. Летась, калі прэмію “За Свабоду думкі атрымліваў Павел Севярынец, каля сядзібы ў Бычках цёплыя словы пра яго сказаў мастак Алесь Пушкін. І ў сваім стылі перформансу не забыўся пажадаць Паўлу сямейнага шчасця і паху цёплых дзіцячых пялюшак. Сёлета Алесь Пушкін сам стаў лаўрэатам гэтай прэміі, пасля ўручэння якой у Бычках, на радзіме Васіля Быкава, не адмовіўся адказаць на пытанні Элы Дзівінскай.

— Спадар Алесь, мястэчка Бобр Крупскага раёна і ёсць ваша малая радзіма?

— Так, там я нарадзіўся 6 жніўня 1965 года. А ў 1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка. Вучыўся ў Шарыпы. У 1983 годзе паступіў на першы курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Тэатральна-мастацкага інстытута.

— Вы бунтар з дзяцінства або са студэнцкіх часоў, з вашага знакамітага першага перформансу ў 1989 годзе?

— Са школы. У 1982 годзе я ўдзельнічаў у стыхійных выступленнях вучняў супраць самаўпраўства адміністрацыі: складалі петыцыі, патрабаванні да адміністрацыі, абвяшчалі галадоўкі і г.д. У 1984 годзе, пасля заканчэння першага курса, быў прызваны ў войска, служыў у 40-й арміі, у Афганістане. У 1986 годзе дэмабілізаваўся і аднавіўся на 2-гі курс інстытута. У 1988 годзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху — у Другім Вальным сойме моладзевых беларускіх суполак у Вільні, у першых Дзядах у 1988-м... 25 сакавіка 1989 года арганізаваў першы перформанс — святкаванне 71-х угодкаў БНР, тым самым распачаўшы сацарт у беларускім мастацтве.

Мае першыя выставы і перформансы адбываліся ў сценах БДТМ. Арышт на 15 сутак, распачатая крымінальная справа за святкаванне Дня Волі. 14–21 ліпеня 1989 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў мяне за гэта да двух гадоў умоўна з пяцігадовым паражэннем у правах.

— Здаецца, што ў вашым жыцці, таксама, як у Васіля Быкава, шмат што звязана з Віцебскам?

— Пасля інстытута я абраў накіраванне на працу ў Віцебск. 25 сакавіка 1991 года ўдалося зладзіць там першую персанальную выставу артэфактаў дэкаратыўнага мастацтва, сацарту ў выставачнай залі АНМЦ Народнай творчасці, што па вуліцы Леніна, 18. Гэта выстава была першым новым крокам у постсавецкім мастацтве Віцебска. Упершыню сацарт з’явіўся ў Віцебску разам з перабудовай, галоснасцю, дэмакратыяй — рэаліямі таго часу. Гэта ж выстава ў поўным складзе была перавезена ў Гродна, дзякуючы намаганням майго першага куратара-мастацтвазнаўцы, арганізатара гэтай выставы, спадарыні Ларысы Міхневіч, якая на той час была старшынёй Віцебскага фонду культуры. Падчас путчу 1991 года 20 жніўня я вывесіў бел-чырвона-белы сцяг над ратушай горада Віцебска.

23 сакавіка 1993 года была адкрыта першая прыватная Галерэя сучаснага мастацтва ў Віцебску “У Пушкіна. Упершыню ў постсавецкім перыядзе мастацтва ў Віцебску з’явілася і аформілася як з’ява галерэя сучаснага постмадэрнізму ў жывапісе маладых беларускіх мастакоў з Полацка, Гродна, Віцебска — тых творцаў канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, што вучыліся са мной у тэатральна-мастацкім інстытуце. Пасля за 1993–1995 гады было зладжана восем значных выстаў жывапісу, графікі, скульптуры, сучаснай фатаграфіі, пластычнага перформансу. Усё гэта рабілася на свае заробленыя сродкі — ні Міністэрства культуры, ні арганізацыі і фонды не падтрымалі галерэю. Яна была першай лабараторыяй-эксперыментам апошняга накірунку сучаснага мастацтва ў Віцебску і ў Беларусі.

Злева направа: Алесь Пушкін, Віктар Карніенка, Алесь Марачкін


— Так усё ўдала пачыналася… А чаму і калі скончылася?

— Перамога на прэзідэнцкіх выбарах Лукашэнкі ў 1994 годзе, правядзенне рэферэндумаў, адмена Канстытуцыі 1994 года не маглі не адбіцца на лёсе галерэі, яе дзейнасць патрапіла пад ідэалагічную абструкцыю з боку гарадскіх выканаўчых улад. Прадчуваючы яе закрыццё, я даў згоду на правядзенне ў памяшканні галерэі 25–27 лістапада 1995 года Першага з’езда беларускіх нацыяналістаў. У выніку галерэя была зачынена па матывіроўцы “парушэнне статута і нямэтавае выкарыстанне памяшкання. 19 снежня 1995 года адбылася развітальная прэс-канферэнцыя. Акцыі першай прыватнай галерэі сучаснага мастацтва ў Віцебску яшчэ праходзілі ў 1995–1996 гадах у розных памяшканнях — “Арт-Уно-Дзіскус у лютым 1995-га, “Арт-Прагноз–96 у сакавіку 1996-га. Апошняя мая выстава “Біяграфія адбылася ў Віцебску ў лютым 1997 года.

— Што вы адчувалі, калі распісвалі касцёл у Магілёве, праваслаўную царкву на радзіме?

— Найперш мне хацелася пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў папросту працаваць па адраджэнні нашых занядбаных святыняў па сваёй спецыяльнасці, паводле дыплому мастака-манументаліста. І гэта маё жаданне супала з тым блаславёным часам свабоды ў 1991–1995 гадах і з прапановамі, якімі на той час я быў багаты — ад каталікоў, з боку Беларускай каталіцкай грамады, ды і ад сваёй праваслаўнай парафіі, у прыватнасці, новаадбудаванай царквы Святога Міколы майго роднага мястэчка Бобр.

І я не хаваю, што адчуў пачуццё гонару і задавальнення тым, што выконваю Волю Божую сваім сціплым талентам і рукамі ў роднай Беларусі. Што, атрымаўшы найлепшую на той час мастацкую адукацыю ў нашых вядомых прафесараў і мастакоў — Вашчанкі, Бараноўскага, Семчанкі, Раманюка — не ўцякаю, абхаяўшы сваю Alma Mater і настаўнікаў, у Парыж, Нью-Йорк ці Лондан з Барселонай за славай і эфемерным дабрабытам, а запатрабаваны тут. У беднасці і нястачы, але пры магутным на той час эмацыйным пад’ёме, што назіраўся ў нашай краіне…

Сын Міколка. Мастак А. Пушкін



— Ваша жыццё даволі густа размалявана рознымі экстрэмальнымі выпадкамі. Адзін з іх — затрыманне на Крапівенскім полі ў гадавіну бітвы пад Воршай. 7 сутак у турме. Як перанёс гэта як мастак і творца?


— У галаве дагэтуль круціцца сюжэт карціны, якую я ўсё ж напішу, эскіз ёсць, “Сашэсце ў пекла. Там, у старой аршанскай вязніцы ў цэнтры горада, шмат чаго давялося пабачыць, пачуць, перадумаць…

— Аднойчы вас пабілі мясцовыя маладзёны на моцным падпітку за карыстанне беларускай мовай і свядомую грамадзянскую пазіцыю мастака. Вы ж замест таго, каб распачаць крымінальную справу, намовілі хлопцаў прынесці пакаянне ў Царкве…


— Народу мала, бязлюддзе вакол, вымірае вёска. Ну як яшчэ гэтых беларускіх маладзёнаў у турмы перапоўненыя садзіць? Вось і палюбі на справе свой народ! А рускую дырэктрысу Бобрскай школы, што 8 год рабіла з іх манкуртаў, не прабачу. Гэта мой вораг — Шэкун Яўгенія Аляксееўна, я не супакоюся, пакуль яна будзе тут, на Беларусі.

 — Хто вам падаў цудоўную ідэю вырабіць шпакоўні і аддаць іх у афармленне знакавым асобам? Такім чынам вы запрашаеце да творчасці vіp-персонаў?


— Сам гэта перажыў і прыдумаў! І за тое, што на 25 сакавіка 2008 года я першыя пяць шпакоўняў выставіў як сімвал Вясны, Свабоды, Аптымізму, быў скручаны ў кайданкі міліцыяй, асуджаны суддзёй Крупскага райсуда Андрэем Сізам. Цяпер у мяне ўжо 35 шпакоўняў, распісаных уласнаручна вядомымі людзьмі.

Дачка Марыя. Мастак А. Пушкін


— У Вашым жыцці былі сустрэчы з рознымі прыгожымі жанчынамі. Які скарб дабрачыннасцяў вы знайшлі ў сваёй жонцы?

— Жоначка мая Яніна — сціплая, мудрая вясковая настаўніца, вучаніца Генадзя Сагановіча, свядомая беларуска з каталіцкай сям’і. Спагадлівая, верная, цярплівая. Хочам з ёй выканаць хоць адзін указ Лукашэнкі (іншых ніводнага не выконваем!) — нарадзіць траіх дзетак. Двое ўжо нас цешаць — Міколка і Марыйка. Дачушка, на жаль, захварэла вятранкай, таму яны з маці засталіся дома і не змаглі прыехаць у Бычкі разам са мной.

Каментаваць