Вольга Абрамава: Калі не будзе пераменаў, маладыя з’едуць з Беларусі

Па завядзёнцы, пасля абрання новага кіраўніка дзяржавы папярэдні ўрад падае ў адстаўку, а яму на змену прызначаецца ўрад новы. У Беларусі, дзе ўсё залежыць ад аднаго персанажа, значэнне ўрада не мае той вагі, як у цывілізаваных краінах. У нашай сітуацыі персаналія кіраўніка ўрада і склад міністраў ні на што не ўплываюць, лічаць эксперты.



Вольга Абрамава. Фота "Радыё Свабода"


Але гэта не сакрэт, бо дваццацігадовая з гакам практыка сведчыць менавіта пра тое, што ўрад выконвае толькі чыста тэхнічныя функцыі, а кіраўнік краіны, у сваю чаргу, мае пад бокам структуру, на якую можна спіхнуць усе няўдачы ў праводжанай ім эканамічнай і сацыяльнай палітыцы. 

Чуюцца галасы, што Аляксандр Лукашэнка будзе змушаны пайсці на структурныя рэформы, бо верагоднай крыніцай фінансавання Беларусі сёння з'яўляецца не столькі Расія, эканоміка якой знаходзіцца ў рэцэсіі (мінус 4% ад пачатку года), колькі міжнародныя фінансавыя інстытуты кшталту Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Калі ж істотных рэформаў і пераменаў не будзе, то нашу краіну чакае “застой і гніенне”, прынамсі, так лічыць былы дэпутат Вярхоўнага Савета і Палаты прадстаўнікоў палітолаг Вольга Абрамава. І яшчэ, лічыць яна, здарыцца ад’езд вялікай колькасці маладых людзей з Беларусі.

— Я хачу распавесці рэальную гісторыю, якая адбылася 11 кастрычніка, у дзень выбараў. На выбарчы участак у Мінску па адрасе вуліца Някрасава, 24 я прыйшла а 7-й гадзіне вечара, каб традыцыйным для мяне чынам прагаласаваць. А заадно гэта для мяне быў спосаб зняць інфармацыю, як да гэтага часу прагаласавалі іншыя людзі, і ўвогуле, як выглядае сітуацыя з выбарамі. Я была занесена ў вялізны аркуш з прозвішчамі і я была адзіная, хто прыйшоў прагаласаваць па гэтым доме. Аркуш быў абсалютна чыстым. Я першая прагаласавала а 7-й гадзіне вечара.

Але пры гэтым, калі я падыходзіла да ўчастка, з яго выходзіла маладая пара, трымаючы за рукі дзіцятка 3–4 гадоў. Я здзівілася: цямнее, а яны з малым дзіцём прыйшлі галасаваць — якія свядомыя людзі! Пакуль я знаходзілася на ўчастку і гутарыла з чальцамі выбарчай камісіі, за гэты час падышлі чалавек восем, прычым ніводнага чалавека нават сярэдняга ўзросту. Толькі моладзь. Паасобку і ўдвух. Калі я выходзіла з участка, з двух бакоў да яго даволі хутка падыходзілі вельмі прывабная маладая дзяўчына, а з іншага — боку малады чалавек. Яны таксама спяшаліся прагаласаваць.

Гэта ўпершыню. Я рабіла дванаццаць выбараў у розных варыянтах, але вось гэта тое, што я насамрэч бачу ўпершыню — моладзь пайшла галасаваць. За каго і як яна галасавала, мне таксама зразумела: за альтэрнатыўнага кандыдата, які заклікаў галасаваць толькі ў дзень выбараў і па магчымасці як мага пазней, бліжэй да заканчэння. Вось гэтыя людзі, цалкам рэальна, з’едуць адсюль. Яны скрайне незадаволеныя тым, што адбываецца ў краіне, — упэўнена Вольга Абрамава.

Яшчэ адзін момант, які вельмі абурыў суразмоўцу.

Напярэдадні выбараў я атрымала агітацыйную паштоўку “Мы вместе”. Амаль без выходных дадзеных — не ўказаны фонд кандыдата, але зразумела, які гэта кандыдат. Вельмі каляровая паштоўка, і адзін з яе фрагментаў выклікаў у мяне стан проста ціхага шаленства. Там была размешчана ваза з людзей. Гэта Савецкі Саюз трыццаць сёмага году, гэта Паўночная Карэя. Гэта дэманструе стаўленне да чалавека як да звычайнай рэчы, як да фрагмента чагосьці матэрыяльнага, а не як да каштоўнасці і сутнасці. Але слоган там быў: “Мы вместе!” з літарамі розных фарбаў. І ў мяне першая асацыяцыя была — я разумею, што мы разам, але добра было б, каб яшчэ сказалі, у якім мы “месте”. Ніякага аптымізму ў мяне няма, некалькі дзён ужо хаджу пад вельмі цяжкім уражаннем, — уздыхнула Вольга Абрамава.    

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-14 18:50:14
Гэтая агітпаштоўка не адну В. Абрамаву збянтэжыла. "Все говорят, что мы вместе, / Все говорят, но немногие знают, в каком" (Цой). Сама па сабе "ваза з людзей" - нічога
страшнага, акрабатычнае відовішча, але ў кантэксце "выбараў" сапраўды як бы намякае...



Між іншага, помню ўдзел дэпутаткі В. Абрамавай у тэлеперадачы 2004 г., дзе яна фактычна апраўдвала вынікі рэферэндуму, які дазволіў Лукашэнку балатавацца колькі заўгодна разоў. Так што позна піць
баржом...

Каментаваць