Вольнае слова Статкевіча з-за кратаў

На прэзентацыі кампаніі «Тыдзень палітвязня» жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч зачытвала выбраныя месцы з ягоных лістоў, якіх апошнім часам прыйшло нямала. Да таго ж Мікола тэлефанаваў ёй — раз на месяц, на што мае права.



Былы кандыдат у прэзідэнты не губляе сувязі з рэальнасцю. Ён выдатна ведае, што адбываецца ў краіне, балазе, да яго даходзяць некаторыя газеты. Час ад часу ёсць магчымасць і паглядзець тэлевізар. Пэўныя навіны выклікаюць у Мікалая Статкевіча рэфлексію і разважанні.

 

Так, напрыклад, Мікалай Віктаравіч прачытаў у газеце «Беларусы і рынак» пра спрэчную выснову ў «дакладзе Палецкіса» аб паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе.

 

«Прачытаў пра даклад Палецкіса. Здзівіла яго тэза пра «паляпшэнне сітуацыі» ў 2012 годзе. Наколькі я памятаю, у гэты год чатыры з «палітычных» былі рашэннямі судоў пераведзеныя з калоній у турмы. А гэта істотнае пагаршэнне сітуацыі для нас. Напрыклад, у савецкія часы адзін дзень у турме (у СІЗА) залічваўся за два дні ў калоніі. Я ўжо не кажу пра той ціск, які прыйшлося вытрымаць большасці з нас. Калі гэта — «паляпшэнне», то што тады «пагаршэнне»? Такое ўражанне, што спадар Палецкіс дбае не пра паляпшэнне сітуацыі тут, а пра аб’ёмы перавалкі грузаў Клайпедскага порта. У лепшым выпадку».

 

Праз нейкія адмысловыя турэмныя інфармацыйныя каналы Статкевіч даведаўся пра ініцыятыву бабруйскіх актывістаў напісаць лісты да Яўгена Васьковіча з прапановамі яму падпісаць прашэнне аб памілаванні. Гэтая прыватная ініцыятыва ў сацыяльных сетках павялічылася, і нехта выкінуў на абмеркаванне ідэю напісаць лісты ўсім палітвязням і ўгаворваць іх адмовіцца ад прынцыповай пазіцыі не прызнаваць сябе вінаватымі і напісаць прашэнне аб памілаванні да Лукашэнкі. Маўляў, лепш быць на волі, чым у турме, і для гэтага любыя сродкі добрыя.

 

Вось што з гэтай нагоды ён напісаў: «Наконт ініцыятывы папрасіць «палітычных», каб яны «папрасіліся». Мне здаецца, што ў нас і так ужо было зроблена розных гнюснасцяў «по просьбам трудящихся» аж зашмат. Час спыніцца».

 

Па гэтай тэме Статкевічу спадабаліся каментары шэрагу прадстаўнікоў грамадскасці ў «Народнай Волі». Асабліва ён вылучае словы Уладзіміра Арлова, якія, адзначыў Мікалай Віктаравіч, цалкам супадаюць з яго пазіцыяй, бо сказана ж было: «...а гонар — нікому».

 

На пытанне «Народнай Волі», ці трэба заклікаць палітвязняў напісаць прашэнне аб памілаванні, Арлоў адказаў так: «Ніхто за палітвязня не мае права вырашаць гэтую праблему. Я ўпэўнены, што збярыце вы мільёны подпісаў, каб Мікола Статкевіч напісаў прашэнне, але асабіста для яго гэтыя подпісы нічога не будуць значыць».

 

Чуў Статкевіч і пра планаванае размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі: «Па БТ даведаўся пра авіябазу. Ізноў «наклонили». Нафтавы баланс цяпер, мабыць, падпішуць. Але грошы праядуцца, а потым прыйдзе час новага балансу. І што далей?»

 

Вяртаючыся да свайго нядаўняга эсэ пра нацыянальную ідэю для Беларусі, Статкевіч адзначае, што яго нібыта пачула ўлада. «Па АНТ бачыў кароткі фільм пра беларускую шляхту. Фільм неблагі. Дарэчы, шмат у чым перасякаецца з маім мінулым эсэ. Хацелася б верыць, што гэта — прыкмета новай інфармацыйнай палітыкі дзяржавы, а не выпадковасць».

 

Не пакідае былы кандыдат у прэзідэнты і сітуацыю ў апазіцыі. У прыватнасці, яе падзел паводле пытання пра ўдзел альбо няўдзел у выбарах. Сам ён заўсёды быў прыхільнікам удзелу.

 

«Насамрэч, у прыхільнікаў удзелу ў выбарах і ў «байкатыстаў» шмат агульнага. І тыя, і тыя аднолькава ацэньваюць нашу выбарчую сістэму. Асноўныя мэты на выбарах у іх таксама аднолькавыя: падвышэнне аўтарытэту дэмсіл і збор доказаў парушэнняў падчас кампаніі для беларускай і міжнароднай грамадскасці. Розніца толькі ў структуры і матывацыі кампаній. «Байкатысты» пры правядзенні кампаніі байкоту і назірання абапіраюцца на партыйныя ці грамадскія структуры, прыхільнікі ўдзелу ў выбарах — на каманды кандыдатаў. У другім выпадку матывацыя арганізатараў і ўдзельнікаў кампаніі непараўнальна мацнейшая. Кандыдаты і блізкія да іх актывісты асабіста зацікаўленыя ў якаснай агітацыі і назіранні. Бо хочуць калі не перамагчы (а многія чамусьці пачынаюць верыць у рэальнасць гэтага), то хаця б не зганьбіцца перад суседзямі і знаёмымі.

 

Я ўжо не кажу пра міжнародных назіральнікаў. Ужо можна прымусіць іх папрысутнічаць на выбарчых участках падчас падліку галасоў (памятаю, колькі часу і намаганняў прышлося змарнаваць мне на гэта ў пачатку «нулявых»), але прымусіць міжнароднага назіральніка сядзець 12 гадзін без перапынку на выбарчым участку і лічыць выбаршчыкаў, чаго патрабуе байкот, — абсалютна не рэальна.

 

Мне аднойчы паказалі аднаго англічаніна, які некалі здзейсніў такі подзвіг на выбарах у Албаніі і страшэнна ганарыўся гэтым. Праўда, на маю просьбу паўтарыць гэта ў нас ён адказаў катэгарычнай адмовай. Такі подзвіг здзяйсняецца толькі раз на жыццё.

 

Увогуле, асабістая матывацыя — гэта вялікая сіла. Дастаткова сказаць, што няўлік асабістай матывацыі і прывёў да паразы камунізму перад капіталізмам».

Каментаваць