Вось патрапілі, дык патрапілі!

Ужо не першы раз мне здаецца, што беларуская ўлада дзейнічае па прынцыпу мексіканскіх тэлесерыялаў. Прынцып вельмі просты: напачатку стварыць сабе вялікую праблему, а потым доўга-доўга і гераічна яе вырашаць. Менавіта такую праблему ўлада стварыла сабе літаральна за адзін вечар 19 снежна, брутальна разагнаўшы акцыю пратэсту і перасаджаўшы па камерах кандыдатаў у прэзідэнты.



Ужо не першы раз мне здаецца, што беларуская ўлада дзейнічае па прынцыпу мексіканскіх тэлесерыялаў. Прынцып вельмі просты: напачатку стварыць сабе вялікую праблему, а потым доўга-доўга і гераічна яе вырашаць. Менавіта такую праблему ўлада стварыла сабе літаральна за адзін вечар 19 снежна, брутальна разагнаўшы акцыю пратэсту і перасаджаўшы па камерах кандыдатаў у прэзідэнты.

Літаральна ў сераду гэтыя дзеянні ёй і аукнуліся, і адгукнуліся. Прычым, настолькі цікава, што гэтага не чакаў ніхто. Канешне, чакалася, што на пасяджэнні камітэта па замежных справах Еўрапарламента ў Брусэлі еўрадэпутаты будуць казаць пра санкцыі ў адносінах да беларускіх правадыроў. Але каб настолькі рэзка?

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек, падводзячы вынік дыскусіі па Беларусі, прапанаваў Еўропе «двухвектарную палітыку». З аднаго боку — спрашчэнне працэсу атрымання віз для простых грамадзян (або нават іх адмена для некаторых катэгорый, напрыклад студэнтаў), з іншага — увядзенне санкцый у дачыненні да шэрагу ўрадавых чыноўнікаў.

Еўрапарламентарыі таксама прапаноўваюць Еўрасаюзу аказаць фінансавую падтрымку беларускім СМІ і НДА, падтрымаць грантамі студэнтаў з Беларусі. Апрача таго, прапанавана перагледзець парламенцкія адносіны з Беларуссю ў межах Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест).

Сярод прапаноў, якія заслугоўваюць увагі, кіраўнік Еўрапарламента адзначыў заклік да правядзення ў Беларусі паўторных выбараў. Бузек, у сваю чаргу, прапанаваў выключыць Беларусь з міжнародных спартыўных мерапрыемстваў — такіх, як Алімпіяда і Кубак свету.

Ён таксама прапанаваў накіраваць у Беларусь місію, каб расследаваць падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі, і абмеркаваць беларускую сітуацыю на сесіі ў Страсбургу на наступным тыдні.

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле заявіў, што Еўрасаюз павінен «адкрыць каналы прамой дапамогі НДА, СМІ і студэнтам, а таксама спрасціць для беларусаў магчымасці паездак у ЕС». «Улады павінны неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць крымінальную справу ў дачыненні да іх, калі хочуць пазбегнуць санкцый. Гэта пытанне некалькіх дзён, а не тыдняў», — падкрэсліў еўрапейскі палітык.

Карацей, міжнародная палітыка Беларусі ў дачыненнях з Еўрасаюзам поўнасцю ляснулася — да такой ступені, што лепш проста ўсё «абнуліць» і пачынаць выстройваць адносіны «з чыстага аркуша». Вось толькі аркушык заплямлены крывёю, і адмыць яго пакуль што не атрымліваецца. Нават нягледзячы на гераічныя высілкі міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, які, здаецца, за тры дні аб’ехаў палову Еўропы ў пошуках саюзнікаў. Безвынікова. Саюзнікаў не знайшлося.

Канешне, Еўропа можа патраба­ваць правядзення паўторных выбараў, але беларуская ўлада на гэта наўрад ці пойдзе. А вось выключэнне «самай спартыўнай у свеце краіны» з Алімпіяды і Кубка свету моцна ўда­рыць па самалюбству яе кіраўнікоў і яе іміджу ў свеце. Не дай Божа, сусветная спартыўная супольнасць возьме, дый адменіць сваё рашэнне аб правядзенні Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі ў 2014 годзе. Навошта ж мы тады будавалі гатэлі і «Мінск-Арэну»? Ну а калі не адменіць, то раптам гэты чэмпіянат праігнаруюць еўрапейскія, амерыканскія ды канадскія зборныя? От жа будзе рогату: зноў А.Г. сам з сабой у хакей гуляе!

Нагадаем, што прэцэдэнты ўжо былі, калі на знак пратэсту ўвода савецкіх войскаў у Аўганістан цывілізаваны свет праігнараваў Алімпіяду–80 у СССР.

Ну ды Гасподзь з імі, з еўрапейцамі. Нашым жа што рабіць?

10 студзеня аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама распаўсюдзіў інфармацыю, што ў рамках расследавання справы, якая была распачатая па частках 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі), следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама ўстаноўленыя звыш 120 чалавек, якія актыўна ўдзельнічалі ў масавых беспарадках 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Паводле звестак ГУУС, абвінавачанне прад’яўлена 31 чалавеку.

Зноў праблема. Дзе ўзяць такую залю, каб там была «клетка» на больш чым 30 чалавек? Здаецца, такіх памяшканняў у Беларусі няма ні ў адным судзе. Калі глядзець рэальна, то трэба альбо зняць абвінавачванні з усіх і ўсіх вызваліць «з тэхнічных прычынаў», альбо ператварыць у судовую залу Палац Рэспублікі. Але з палацам загвоздка — неяк гэта нагадвае публічныя працэсы над «ворагамі народа» пры Сталіне з усімі іх атрыбутамі: масавым асуджэннем, абуральнымі лістамі «працоўных калектываў» і «расстраляць, як шалёных сабакаў». Вось тады ўжо дакладна не будзе нам свяціць ні Алімпіяда, ні Кубкі свету, ні чэмпіянаты.

Нечакана пад поствыбарчую кабылу патрапіла адна з самых стыльных і найстарэйшых прыватных радыёстанцыяў Беларусі — мінскае «Аўтарадыё». Аказваецца, Алег Праляскоўскі з’яўляецца не толькі міністрам інфармацыі, а яшчэ і старшынёй Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Ён і спыніў вяшчанне «Аўтарадыё» нібыта за «публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».



Публічныя заклікі выразіліся ў тым, што «Аўтарадыё» — адзіная радыёстанцыя, якая адважылася ў эфіры круціць перадвыбарчыя ролікі Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава. Прычым, падчас перадвыбарчай кампаніі ніякіх прэтэнзій да радыёстанцыі не ўзнікала. Здаецца, Праляскоўскі вырашыў проста дробненька адпомсціць ім за тое, што круцілі кандыдатаў у прэзідэнты, а не песеньку «Саня застанецца з намі». Казалі ж ім, што гэтая песня павінна гучаць у эфіры не менш за сем разоў на дзень! Не паслухаліся — атрымайце.

А дзяржава працягвае губляць грошы. 11 студзеня прызнана, што конкурс па даванні аператарам электрасувязі права на пропуск міжнароднага трафіку і далучэнне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў не адбыўся. У адрас арганізатара не пададзена ні адной конкурснай прапановы.

Конкурсныя прапановы прымаліся з 1 па 30 снежня 2010 года, а сам конкурс павінен быў завяршыцца 31 студзеня 2011 года. Чакалася, што яго пераможца стане трэцяй у краіне арганізацыяй пасля «Белтэлекама» і Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам, якая атрымае права наўпрост падключацца да сетак перадачы звестак замежных дзяржаў. Аднак патэнцыяльныя ўдзельнікі конкурсу на права пропуску знешняга інтэрнэт-трафіку, у тым ліку сотавыя аператары, праігнаравалі конкурс пасля азнаямлення з умовамі ўдзелу.

Прасцей трэба быць, не сквапнічаць, і людзі да вас пацягнуцца.
 

Каментаваць