Восем віцяблянаў трапілі ў міліцыю за... распіццё гарбаты ў хаце

Восем віцяблян сабраліся на дзень Канстытуцыі на прыватнай тэрыторыі, каб паразмаўляць аб жыцці і космасе ды папіць гарбаты. Але праз некаторы час былі затрыманыя міліцыянтамі, дастаўленыя ў Кастрычніцкі РАУС і абвінавачаныя ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ).

Адміністрацыйную справу разгледзеў 19 красавіка суд Віцебскага раёну.

Як распавялі падчас судовага паседжання абвінавачаныя, у кватэру, дзе праходзіла сустрэча, нечакана ўвайшлі (дзверы былі незачыненыя) пяцёра чалавек у цывільным адзеньні, прад’явілі пасведчанні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС і заявілі, што сабраныя парушаюць заканадаўства. Усіх папрасілі прайсці ў аддзяленне міліцыі для складання пратаколу.

Паведаміў ананім

Кіраваў гэтай “спецаперацыяй” старэйшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Веракса, які выступіў у судзе ў якасці сведкі. Паводле ягоных словаў, інфармацыю аб тым, што ў пэўным месцы рэгулярна збіраюцца людзі, якія “вызнаюць нейкую філасофію”, ён атрымаў ад ананіма – нібыта жыхара таго самага дома, дзе праходзіла сустрэча.

“Прагучала назва “Сінтэз Фа”. Паглядзеў, што гэта такое, у інтэрнэце. І там жа, на сайце арганізацыі, знайшоў спіс, у якім фігуравалі 16 прозвішчаў, 8 з якіх належалі людзям, што ўдзельнічалі ў сходзе. Гэта і стала падставай”, – патлумачыў Веракса.

І падумаць не маглі, што гэта сход  

У сваю чаргу абвінавачаныя – усе людзі сярэдняга і сталага веку – заявілі ў судзе, што арганізацыя “Сінтэз Фа” ім невядомая і яны не з'яўляюцца яе сябрамі. Між тым, не аспрэчвалі той факт, што падчас сустрэч, якія здараліся раз ці два на месяц, абмяркоўвалі пытанні сэнсу жыцця і космасу. Маглі закранаць у тым ліку і нейкія аспекты так званай “філасофіі сінтэзу”. Усё гэта адбывалася ў форме дыскусіі, мазгавога штурму.

15 сакавіка хацелі паразмаўляць пра розум і інтэлект, але, па словах адной з удзельніц, паспелі толькі абмеркаваць перамогу Домрачавай на этапе Кубка свету ды дакументальны фільм, у якім Пуцін абяцаў паляцець на Марс, – як прыйшлі міліцыянты.

“Мы пра ўсё размаўлялі. А не звярталіся па дазвол, бо нават і падумаць не маглі, што гэта можна кваліфікаваць як несанкцыянаваны сход”, – сказала адна з удзельніц працэсу Святлана, якую абвінавацілі ў арганізацыі масавага мерапрыемства.

“Калі вам адмовілі – навошта піць гарбату?..”

Паводле тлумачэнняў Святланы, у 2016 годзе яны спрабавалі зарэгістраваць у Віцебску арганізацыю “Метагалактычны цэнтр Віцебск”, але ў рэгістрацыі ім адмовілі. Мэтай арганізацыі мелася быць філасофска-асветніцкая праца. Пасля гэтага некаторыя з заяўнікаў сталі сябрамі арганізацыі “Час жыць” (“Время жить”), але і яна праіснавала нядоўга.  

“Калі вы рэгістраваліся і вам адмовілі, дык навошта тады збірацца піць гарбату? Такая мая логіка”, – зазначыў на гэта інспектар міліцыі Сяргей Веракса.

“Дзе наш інтэлект і нашае развіццё?”

Адна з абвінавачаных, жанчына сталага ўзросту, нават папрасіла суддзю паспрыяць у рэгістрацыі аб’яднання, на што той адно пасміхнуўся.

“Мы ж хацелі зарэгістраваць арганізацыю для развіцця чалавека. Прэзідэнт жа таксама гаворыць, што трэба развіваць свайго чалавека ў Беларусі, каб быў здаровы і развіты, культурны. А так – дзе наш інтэлект і нашае развіццё? Да нас з усяго свету прыяжджаюць на “Славянскі базар”. А сорамна бывае іншым разам паслухаць ды паглядзець на нашага беларуса…” – казала пенсіянерка.

“Мы прыйшлі на сустрэчу сяброў адзначыць свята Канстытуцыі. А сходы ды мітынгі – гэта не для нас, мы гэтым не займаліся і не займаемся. Нічога забароненага мы ня робім”, - дадала. І прызналася, што пасля візыту ў аддзяленне міліцыі (першае ў ейным жыцці!) “ўвайшла ў дэпрэсію і захварэла”.

Папярэджанні і штраф

“Так, людзі па-рознаму ўладкоўваюць сваё жыццё, па-рознаму ўзаемадзейнічаюць. Але што атрымліваецца? Калі хлопец прызначае спатканне дзяўчыне і яны сустракаюцца ў загадзя вызначаным месцы і загадзя прызначаны час – то гэта масавае мерапрыемства ці сход? Я ня думаю, што закон прыдуманы менавіта для такіх сітуацый. І калі вы прызнаеце нас вінаватымі, то атрымліваецца, што зараз у гэтым складзе мы ўжо ня маем права сустракацца з сябрамі, бо ў кожны момант нас могуць прыцягнуць да адказнасці? Я не ведаю, на чым будуецца гэтая логіка”, – ужо перад самым вынясеннем пастановы выказала сваё меркаванне віцяблянка Святлана.

У выніку суддзя Міхаіл Зубеня, прызнаў віцяблян вінаватымі ў правапарушэнні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ (Парушэньне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Улічыўшы, што ўсе яны прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ўпершыню, семярым удзельнікам сустрэчы вынес папярэджанні. А Сьвятлану, як меркаванага арганізатара сходу, пакараў штрафам у памеры 20 б.в.

Павал Левінаў: Гэта абсурд абсурдаў

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў назваў рашэнне суду абсурдным.

“Апынаецца, што прыйшоў час, калі беларускія грамадзяне ня могуць сустрэцца, каб абмеркаваць жыццё і свае справы, нават на прыватнай тэрыторыі. Бо рызыкуюць быць абвінавачанымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Але абсурд яшчэ і ў тым, што, паводле беларускіх законаў, атрымаўшы адміністрацыйныя пакаранні, гэтыя 8 віцяблян яшчэ цягам 1 году ня будуць мець права падаць заяву на рэгістрацыю аб’яднання, каб пазбегнуць такой сітуацыі ў будучым. Замкнёнае кола…”

Зміцер Міраш, vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць