Восень патрыярха

Самай чаканай падзеяй тыдня былі выбары патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Гэтая падзея была не абыякавая і беларусам — 25 студзеня Архірэйскі сабор вырашыў, што мітрапаліт Мінскі і Слуцкі патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт стаў адным з трох кандыдатаў на Маскоўскі патрыяршы прастол.
Па выніках галасавання ён заняў трэцяе месца (16 галасоў) — пасля мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла (97), Калужскага і Бароўскага Клімента (32).

Самай чаканай падзеяй тыдня былі выбары патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Гэтая падзея была не абыякавая і беларусам — 25 студзеня Архірэйскі сабор вырашыў, што мітрапаліт Мінскі і Слуцкі патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт стаў адным з трох кандыдатаў на Маскоўскі патрыяршы прастол.
Па выніках галасавання ён заняў трэцяе месца (16 галасоў) — пасля мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла (97), Калужскага і Бароўскага Клімента (32).


Шанцы Філарэта стаць на чале Рускай праваслаўнай царквы хоць маленькія, але былі. Аднак на выбарах на памесным саборы, які праходзіў 27 студзеня ў Маскве, ён узяў самаадвод і заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за месцаахоўніка патрыяршага прастола мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла. І, такім чынам, Кірыл стаў патрыярхам.


Невядома, што падштурхнула Філарэта да такога кроку. Тыя кадры, якія мы бачылі па ўсіх тэлеканалах, абсалютна непераканаўчыя: Філарэт кажа пра тое, што ён здымае сваю кандыдатуру дзеля адзінства выбаршчыкаў. «Мы павінны быць адзінадушныя, таму я і зняў сваю кандыдатуру. Гэта не паказчык нейкага негатыва, пратэсту», — казаў Філарэт.


Можа, гэта было зроблена сапраўды для адзінадушша. А можа, Філарэт падумаў пра наступствы свайго абрання. Так што самаадвод, хутчэй за ўсё, рэч больш прагматычная, чым маральная. А можа, і тое і другое разам.


На тыдні ў беларускім Клубе Вясёлых і Знаходлівых разгарэўся зусім не жартоўны скандал. Удзельнікі Беларускага КВЗ скіравалі калектыўны ліст да прэзідэнта Міжнароднага саюза КВЗ Аляксандра Маслякова з заклікам не дапусціць выкарыстання найбуйнейшага міжнароднага маладзёжнага ружу на тэрыторыі былога СССР асобнымі чыноўнікамі ад КВЗ у карыслівых мэтах.


Падпісанты ліста — гульцы камандаў КВЗ — абвінавачваюць у карыслівых мэтах старшыню праўлення МГА «Беларускі КВЗ» Андрэя Мукавозчыка. Лічаць, што ён дзейнічае «ў разрэз з пазіцыяй не толькі сябраў праўлення «Беларускага КВЗ», але і інтарэсаў усяго Кавэзоўскага руху Беларусі. Асабліва яскрава, па меркаванні аўтараў ліста, гэта праявілася ў апошні год, калі ў А. Мукавозчыка ўзнік персанальны канфлікт з кіраўніцтвам ТАА «АМіК». Дзеянні Мукавозчыка прывялі да пазбаўлення Еўралігі, якая праводзілася ў Мінску, статуса лігі Міжнароднага саюза КВЗ, што нанесла істотны ўрон інтарэсам беларускіх каманд КВЗ.
Падпісанты таксама негатыўна ацэньваюць ультыматум А. Мукавозчыка да кіраўніцтва ТТА «АМіК» адносна закрыцця дзейных у Беларусі падраздзяленняў гэтага аб’яднання і адмены правядзення ў Мінску ў 2009 годзе турніру Першай лігі Міжнароднага саюза КВЗ.


Сам Мукавозчык з абвінавачваннямі не згодны. «Кавэзэшнікі, якія падпісалі ліст, — практычна ўсе сябры ТТА «АМіК», — пракаментаваў ліст А. Мукавозчык 27 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Паводле яго слоў, канфлікт паміж ТТА «АМіК» і МГА «Беларускі КВЗ» узнік у красавіку 2007 года.
Паводле яго меркавання, у бедах беларускага КВЗ вінаваты кіраўнік Вышэйшай лігі КВЗ — Аляксандр Маслякоў, які «незаконна прыватызаваў» таварны знак «КВЗ» у 1996 годзе, калі па яго заяве правы на гульню пад назвай «КВЗ» былі замацаваныя ў пасведчанні Расійскай аўтарскай супольнасці. У 1997 годзе А. Маслякоў таксама атрымаў міжнародныя правы на выкарыстанне таварнага знака «КВЗ».


Кіраўніцтва МГА «Беларускі КВЗ» атрымала ліст, у якім паведамлялася, што ўсе мерапрыемствы, у назве якіх прысутнічае таварны знак «КВЗ», могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу праваўладальніка — ТТА «АМіК». За выкарыстанне таварнага знака «КВЗ» ТТА «АМіК» мела намер збіраць плату. Паводле меркавання А. Мукавозчыка, дзеянні ТТА «АМіК» нелегітымныя, што даказана рашэннем Вярхоўнага суда Беларусі і арбітражнага суда Масквы. «Я лічу, што Беларускім КВЗ павінны кіраваць беларускія кавэзэшнікі, а не ТТА «АМіК», — сказаў ён. А. Мукавозчык таксама заявіў, што задача МГА «Беларускі КВЗ» найперш даваць усім камандам шанец удзельнічаць у гульні, а не рыхтаваць Вышэйшую лігу КВЗ.


Хто правы, хто вінаваты ў нежартоўным скандале, будуць вырашаць самі кавэзэшнікі і суды. Але ж будзе вельмі цікава, калі ў Беларусі з’явяцца два КВЗ.
А тым часам Беларусь ціхай сапай на мяккіх лапах пракрадваецца ў бок Еўропы. 26–28 студзеня па запрашэнні чэшскага старшынства ў Еўрасаюзе Брусель наведаў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Ён правеў перамовы з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Чэхіі, якая цяпер старшынствуе ў ЕС, і Швецыі — наступнага старшыні, а таксама з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Еўракамісіі і Генеральнага сакратарыяту Савета ЕС. Тэма перамоў — стан і перспектывы развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.


Як паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі, пасля заканчэння сустрэчы з «тройкай» ЕС (еўракамісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднер, начальнік палітычнага аддзела генеральнага сакратарыята Савета ЕС Хельга Шмід і міністр замежных спраў Чэхіі, якая старшынствуе ў ЕС, Карэл Шварцэнберг) беларускі міністр замежных спраў зрабіў заяву для журналістаў. Паводле яго слоў, «значная ўвага была нададзена праграме Усходняга партнёрства ЕС». С. Мартынаў выказаў пазітыўнае стаўленне да ідэі і канцэпцыі Усходняга партнёрства, пазітыўна ацаніў дакумент у яго цяперашнім выглядзе. Беларускі бок чакае «таго, што пры канчатковым узгадненні ён будзе ўтрымліваць неабходныя палажэнні для забеспячэння роўнага шматбаковага ўдзелу дзяржаў», зазначыў міністр.
Адзінае, што не паведаміла прэс-служба МЗС, — Беларусь не ўдзельнічае ў праграме Усходняга партнёрства ЕС, «паколькі насамрэч існуе шмат сумненняў у дэмакратычнасці краіны». Пра гэта яшчэ 23 студзеня ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» заявіла тая ж Беніта Ферэра-Вальднер. Так што еўрапейцы проста паслухалі Мартынава — і ўсё. А высновы яны будуць рабіць не са словаў, а са спраў.

Каментаваць