Восеньскі піяр

Чым бліжэй да выбараў, тым крэатыўней становіцца піяр патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Вось, прыкладам, Уладзімір Някляеў прызнаўся, што ў дзяцінстве забіў ката. Здаецца, што ў гэтым добрага? Нічога. Але Някляеў гэта здолеў павярнуць на сваю карысць.



Чым бліжэй да выбараў, тым крэатыўней становіцца піяр патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Вось, прыкладам, Уладзімір Някляеў прызнаўся, што ў дзяцінстве забіў ката. Здаецца, што ў гэтым добрага? Нічога. Але Някляеў гэта здолеў павярнуць на сваю карысць.

Вечарам 28 верасня ў офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Гавары праўду!», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта паэт Уладзімір Някляеў і кот Барсік падпісалі мемарандум аб паразуменні паміж «родам чалавечым і ўсімі свойскімі і бяздомнымі жывёламі». Апазіцыйны палітык паставіў пад мемарандумам свой подпіс, кот Барсік — прыклаў лапу.

Падпісаўшы дакумент, бакі дамовіліся забыцца на ўсе крыўды, нанесеныя прадстаўнікамі аднаго роду іншаму, і пачаць будаваць адносіны з чыстага аркуша, без папярэдніх умоў і патрабаванняў.

Някляеў узяў на сябе абавязацельствы дамагацца прыняцця закона аб абароне жывёл, прыкласці намаганні ў справе гуманізацыі працэсу адлову бадзяжных жывёл і іх утрымання, спрыяць будаўніцтву ў Беларусі прытулкаў і гатэляў для жывёл, а таксама зрабіць унёсак у паляпшэнне якасці кармоў для жывёл і зніжэнне цэн на гэту прадукцыю.

Кот Барсік, у сваю чаргу, абавязаўся данесці да свойскіх і бяздомных жывёл інфармацыю пра гуманную місію Някляева.

«Незалежна ад таго, чым завершацца гэтыя выбары, усё тое, пад чым я паставіў свой подпіс, застанецца непарушным», — заявіў Някляеў, каментуючы падпісанне мемарандума.

Шкада, што каты і коткі, ды іншыя свойскія жывёлы, не маюць у Беларусі права голасу.

Больш за тое, паэт дагэтуль не пазбаўлены пэўных мараў наконт беларускай палітычнай сітуацыі. Ужо больш за год апазіцыянеры дамаўляюцца-дамаўляюцца, і не могуць дамовіцца наконт адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты. Нават Рада інтэлігенцыі кінула гэту марную справу. Аднак лідэр кампаніі «Гавары праўду!» усё ж такі мае пэўныя спадзяванні на гэты конт.

Ён разлічвае дамовіцца з астатнімі дэмакратычнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта наконт вылучэння адзінага кандыдата.

«Зразумела, што шматквецце з 17 ініцыятыўных груп абляціць. Рэальна, акрамя Лукашэнкі, могуць прадоўжыць удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Някляеў, Саннікаў, Раманчук і Кастусёў. Гэта максімум», — сказаў ён.

Някляеў лічыць, што перамоўны працэс наконт адзінага кандыдата пачнецца да завяршэння збору подпісаў. «Ужо ў другой палове збору подпісаў будзе відаць, хто ёсць хто. Прычым пачнецца рух насустрач адзін аднаму найперш тых, хто не будзе набіраць неабходную колькасць подпісаў. Каб трымаць марку, захаваць твар, менавіта яны будуць рухацца да аб’яднальнага працэсу, хоць цяпер быццам пра яго і не гавораць», — сказаў ён.

Някляеў адзначыў, што вядзе перамовы «з усімі». «І нельга сказаць, што гэтыя перамовы зусім не прадуктыўныя», — падкрэсліў ён.

«Калі пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў, Лукашэнку будзе над чым падумаць, — сказаў Някляеў. — І гэта будзе незалежна ад таго, збярэ хто рэальныя 100 тысяч подпісаў ці не. Улады папросту могуць уключыць на карысць зручнага ёй канкурэнта прозвішча з тэлефоннай кнігі, і ніхто на гэта ў Цэнтрвыбаркаме не зверне ўвагі».

Паводле меркавання Някляева, нават калі апазіцыя не абярэ адзінага кандыдата, але хоць бы выйдзе на рэальную магчымасць яго вылучэння, у Лукашэнкі будуць звязаныя рукі. «Ён не будзе ведаць, што зробіць такі кандыдат. Рашэнне, якое можа прыняць адзіны кандыдат, можа быць вельмі нечаканым для ўладаў», — мяркуе ён.

Але нас яшчэ чакаюць і іншыя сюрпрызы. 1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка дасць прэс-канферэнцыю для расійскіх журналістаў, паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі.

Паводле яго слоў, зараз у Мінску знаходзіцца больш за сотню журналістаў з Расіі. «Яны прадстаўляюць выданні каля 60 расійскіх рэгіёнаў, частка з іх прадстаўляе федэральныя расійскія СМІ, яшчэ частка — СМІ Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі», — сказаў Лёгкі.

Паводле інфармацыі кіраўніка прэс-службы, журналісты прыбылі ў Беларусь 28 верасня і ўжо паспелі наведаць авіябазу ў Мачулішчах, азнаёміцца з сельскагаспадарчым прадпрыемствам у Мінскай вобласці, наведаць гістарычныя аб’екты ў Нясвіжы. «Сёння яны наведваюць буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў Мінску. Праграма візіту вельмі насычаная», — адзначыў Лёгкі. Ён паведаміў, што гэта самы масавы «дэсант» расійскіх журналістаў у Беларусь. «За восем гадоў гісторыі прэс-тураў расійскіх журналістаў у нашу краіну такой колькасці расійскіх прадстаўнікоў СМІ ў нас не было. Было па 70–80 чалавек, але не 100. Гэта сведчыць пра вялікі інтарэс расійскіх выданняў да нашай краіны», — сказаў Лёгкі.

Так што 1 кастрычніка нас чакае вялікае піяр-шоў з наўпроставай трансляцыяй пытанняў і адказаў наконт Беларусі і Расіі. Нагадаем, што мінулым разам на падобным мерапрыемстве спадар Лукашэнка прызнаўся, што сфальсіфікаваў выбары і што мае намер быць прэзідэнтам да тых часоў, калі не падрасце ягоны самы малодшы сын Коля. Што цікавага мы пачуем ад яго гэтым разам?

А тым часам завяршылася фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій на выбарах прэзідэнта Беларусі. Усяго створана 155 тэрытарыяльных камісій, у тым ліку 118 раённых, 24 раённыя ў гарадах, 6 раённых у гарадах абласнога падпарадкавання (Орша, Барысаў, Пінск, Полацк, Наваполацк, Жодзіна), 6 абласных і адна Мінская гарадская.

Паводле звестак ЦВК, усяго для працы ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях быў вылучаны 2681 чалавек. Найбольшую колькасць прадстаўнікоў вылучылі ў тэрытарыяльныя камісіі грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі — 1177.

Ужо вядома, што ў склад Мінскай гарадской тэрытарыяльнай камісіі ўключаны тры прадстаўнікі Партыі БНФ — Юрый Хадыка, Юрый Пальчэўскі і Галіна Сямдзянава. Старшыня ГА «Саюз Чарнобыль-Беларусь» Аляксандр Валчанін уключаны ў склад гарадской выбарчай камісіі Жодзіна (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). У той жа час у складзе Гомельскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, якая ўжо сфарміравана, няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі.

Каментаваць