Восем гадоў без Веранікі Чаркасавай

20 кастрычніка 2004 года не толькі журналісцкую, але і без перабольшання ўсю дэмакратычную супольнасць Беларусі  ўскалыхнула жудасная навіна: у сваёй кватэры жорстка забітая Вераніка Чаркасава. На той момант яна працавала ў незалежнай газеце “Салідарнасць.



Невядомы злачынца (ці злачынцы?) нанёс маладой і прыгожай жанчыне больш за сорак нажавых удараў. Немагчыма нават сабе ўявіць, якія пакуты перажыла наша безабаронная калега. Забойца дагэтуль не знойдзены. Усе восем гадоў адпаведныя дзяржаўныя структуры то прыпыняюць, то аднаўляюць крымінальную справу, але без усялякага выніку. Робіцца ўражанне, што не надта імкнуцца следчыя органы раскрыць гэтае рэзананснае злачынства.  

А тут яшчэ адзін “сюрпрыз для самых блізкіх Веранікі людзей. У 6.20 раніцы 18 кастрычніка ў кватэру, дзе пражываюць маці і айчым забітай, пачалі ламіцца невядомыя. Гэтая вакханалія працягвалася гадзіну, але родзічы Веранікі разумна дзверы не адчынілі. І хто гэта мог быць? Зноў пытанне без дакладнага адказу. Варта толькі дадаць такую акалічнасць: днём раней, 17 кастрычніка айчым Веранікі Уладзімір Мялешка пахаваў сваю малодшую сястру. Супадзенне абставінаў? Слаба верыцца. Але пра гэта крыху пазней.

Кветкі на магілу Веранікі ўскладае старшыня БАЖ Жанна Літвіна

Тым часам, расследаванне справы пра забойства Веранікі Чаркасавай прыпынена, аднак апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы праводзяцца. “З моманту ўтварэння Следчага камітэту Беларусі гэтая крымінальная справа была перададзена нам і прынята да вытворчасці, - заявіў БелаПАН прадстаўнік Следчага камітэту Ягор Лівай. - На дадзены момант справа прыпынена ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая ўчынiла злачынства. У той жа час гэта не азначае, што не праводзіцца ніякіх дзеянняў, накіраваных на вышук злачынцы. Задзейнічаны пэўныя аператыўныя падраздзяленні, якія праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне асобаў, якія маюць дачыненне да забойства, і высвятленне ўсіх абставінаў справы.

Раней расследаванне прыпынялі ў 2007 годзе на падставе артыкулу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу “невыяўленне асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага. Што-небудзь змянілася з тых часоў? Анічога! І мала спадзяванняў, што пры цяперашніх уладах справа аб звярыным забойстве Веранікі будзе раскрытая.

Кветкі на магілу Веранікі ўскладае Аляксандр Старыкевіч

Вераніка пахаваная побач з бацькам, таксама журналістам Анатолем Чаркасавым

 
У пятніцу, 19 кастрычніка, напярэдадні восьмай гадавіны з дня забойства Веранікі яе бацькі, сябры і калегі наведалі магілу журналісткі на могілках у Калодзішчах (Мінскі раён). Там яны ўсклалі жывыя кветкі і запалілі лампадкі. Прамоваў было няшмат, бо амаль усё было сказана за тыя гады, што няма Веранікі. Усё – ды не ўсё.

Аляксандр Старыкевіч, рэдактар газеты “Салідарнасць: “Ёсць такое паняцце – светлая памяць. І памяць пра Вераніку сапраўды светлая.  Вераніка была надзвычай светлым чалавекам, і я заўжды ўзгадваю яе менавіта ў светлых тонах. І так буду памятаць яе заўсёды. Аднак ніколі я не забуду і 20 кастрычніка 2004 году. Не забуду і не дарую. Дарма лічаць, што гэтая справа ўжо пахаваная. Між іншым, тыя нягоднікі, якія учора (18 кастрычніка) ламіліся да бацькоў Веранікі, засведчылі, што кропка ў гэтай справе яшчэ не пастаўлена. І я ўпэўнены, што час усё расставіць па сваіх месцах.

Таццяна Мельнічук, сябра Рады ГА “БАЖ: “Мне заўжды робіцца страшна, што пасля падобных катастрофаў свет чамусьці не пераварочваецца. Хаця мусіў бы перавярнуцца. І, пераварочваючыся ў нашых душах, гэты свет усё ж такі заклікае да таго, каб такая несправядлівасць, такое зло ўсё ж панесла пакаранне. Так, жыццё працягваецца, так, усе богі ўсіх рэлігіяў вучаць, што трэба прабачыць і змірыцца з тым, што адбываецца. Але з такімі рэчамі нельга змірыцца. Светлая памяць Вераніцы, і абавязак усіх нас не толькі захаваць гэтую памяць светлай, але, няхай прабачаць мяне богі, зрабіць так, каб пакаранне знайшло ўсіх, хто гэта ўчыніў.

Дзіяна Чаркасава, маці Веранікі: “Час не лечыць. Ведаеце, чым далей, тым больш цяжка робіцца. Мне настолькі цяжка зараз вымаўляць тыя словы, што я вымаўляла раней… Цяжка зразумець… Нічога не праходзіць… Проста чым далей, тым больш дакладна разумееш, што зрабілі з ёй і з усімі намі. Гэта вельмі вялікае злачынства. Няхай іх Бог выбачае…

Уладзімір Мялешка, айчым Веранікі: “Апошнім часам было неяк спакайней. Не, мы помнілі пра Вераніку, не забывалі, што з ёй зрабілі. Але да ўчорашняга візіта невядомых у 6.20 раніцы было неяк спакайней, і раптам зусім дакладна ўзгадваеш, што восем гадоў таму, калі мы збіраліся ехаць на магілу Нікі на дзевяць дзён, яны таксама з’явіліся. Гэтыя злыя людзі нейкім сваім адчуваннем абіраюць самы “спрыяльны момант… Я не збіраюся разгадваць гэтыя так званыя загадкі. Загадка ў тым, што і яны яе не разгадалі. Проста спачатку ад страху ўчынялі, потым ад страху хаваліся, ад страху ўсё разбурылі, знішчылі і ад страху цяпер яшчэ працягваюць… Але, я думаю, гэта ўжо страх іншага кшталту. Гэта ўжо спроба запалохаць, учыніць, як яны любяць казаць юрыдычнаю моваю, псіхалагічны ціск. Але наш візіт да Нікі – гэта адказ на іх візіты. Нас становіцца не менш, а нас становіцца ўсё больш… Людзі, якія асабіста не ведалі Вераніку, яны памятаюць, яны з намі, і я думаю, што вось гэта аніяк не ўпісваецца ў іх  распрацоўкі. Няхай займаюцца сваімі распрацоўкамі. Бог усё бачыць і Бог адплоціць за нашыя пакуты ворагам нашым.

Злева - Маці Веранікі Дзіяна Чаркасава, другі справа - айчым Уладзімір Мялешка


Нагадаем, што менавіта Уладзіміра Мялешку, а таксама на той час пятнаццацігадовага сына Веранікі Антона Філімонава следчыя падазравалі ва ўчыненні забойства. І толькі 18 красавіка 2005 году начальнік следчага аддзела Пракуратуры горада Мінска Іваноў прыняў рашэнне спыніць крымінальны пераслед Антона Філімонава і Уладзіміра Мялешкі “за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства. А сапраўдны забойца, верагодна, усё яшчэ топча зямлю і радуецца жыццю. Калі яго раптам ужо не пакараў Усявышні.

Каментаваць