Вось і прыйшла яна — рэцэсія…

Нягледзячы на няспынны рост, дырэктывы, загады «пашырыць — паглыбіць», краіну напаткала тое, што даўно прадказвалі эканамісты рознага кшталту — рэцэсія. Спад прамысловай вытворчасці Беларусі ў студзені-чэрвені 2013 года склаў 4,2%.



Прычым гэты спад напаткаў «самыя-самыя» галіны вытворчасці. Па выніках першага паўгоддзя 2013 года найбольшы спад зафіксаваны ў хімічнай вытворчасці — на 25,9%, і вытворчасці нафтапрадуктаў — на 20,3%.

Нафтаперапрацоўка, нафтапрадукты — гэта самая прыбытковая наша галіна вытворчасці. Калі ў ёй, нягледзячы на льготную пастаўку нафты з Расіі, існуе 20-працэнтны спад — гэта ўжо незвычайны повад для клопатаў. Нафтапрадукты, а яшчэ і калій — здаецца, гэта ўсё, на чым трымаецца беларускі бюджэт. А між іншым, і з каліем праблемы. Вытворчасць калійных угнаенняў знізілася за паўгода на 5%.

Калі імкліва падаюць асноўныя артыкулы нашага экспарту, дзе валюту браць будзем? З запасаў Нацбанка? Але ж і яны не бясконцыя.

Але што ў нас добра робіцца, дык тое не прадаецца. Найбольшы рост вытворчасці за паўгода адзначаны ў вытворчасці электраабсталявання, электроннага і аптычнага абсталявання (на 13,6%), вытворчасці гумовых і пластмасавых вырабаў (на 9,1%), вытворчасці іншых неметалічных мінеральных прадуктаў (на 7,9%), апрацоўцы драўніны і вытворчасці вырабаў з дрэва (на 6,9%). Акрамя таго, вырасла вытворчасць харчовых прадуктаў, уключаючы напоі, і тытуню (на 4,1%), металургічная вытворчасць (на 2,4%), вытворчасць скуры, вырабаў са скуры і вытворчасць абутку (на 2,3%).

Электраабсталяванне — лядоўні «Атлант» і тэлевізары «Гарызонт», дрэваапрацоўка, металургічная вытворчасць, абутак — усім гэтым склады затараныя.

Адзін толькі «Атлант» вельмі сур’ёзна разгрузіў свае склады з-за афрыканскай чумы свіней — людзі масава скупаюць лядоўні, каб мяса захаваць. Калі б АЧС не было, маркетынгаваму аддзелу «Атланта» трэба было яе выдумаць. А вось што з астатнім рабіць? Не прадаецца ж?

Пытанне грошай актуальнае. І браць будзем у народа. Лукашэнка на тыдні падпісаў закон, якім унесены змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення. Закон прадугледжвае канфіскацыю аўтамабіля за паўторнае на працягу года кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым канфіскацыя будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на аўтамабіль, які не належаў самому п’янаму кіроўцу, за выключэннем угону. Акрамя таго, будуць павялічаны штрафы за язду ў нецвярозым стане з 15–35 базавых велічынь да 50–100.

Дакумент уступае ў сілу праз тры месяцы. Так што яшчэ ёсць час падумаць пра тое, каб «завязаць». Ну, і, канешне, павінна быць беражлівасць, беражлівасць і яшчэ раз беражлівасць. Асабліва ў галіне будаўніцтва. Лукашэнка ў чарговы раз выклікаў на справаздачу рабочую групу па праблемных пытаннях будаўнічай галіны і выказаў ёй сваё «фэ».

«Скажу шчыра, я не вельмі задаволены працай групы. Можа быць, я памыляюся, не ўсё бачу. Мы дамовіліся: працуем па прынцыпе «выявілі, выявілі праблему і неадкладна яе вырашылі». Прытым жалезна і жорсткім чынам. Таму што гэтая праблема ўжо зашкальвае», — заявіў Лукашэнка, прымаючы з дакладам кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Кабякова, старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандра Якабсона і старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.

«Насельніцтва вельмі незадаволенае, асабліва тыя, хто вядзе будаўніцтва, прад’яўляе абгрунтаваныя скаргі. Скардзяцца ва ўсе інстанцыі. Гэта ненармальна, недапушчальна ў той час, калі працуе камісія», — сказаў Лукашэнка.

«Ёсць праблема — бярэм яе і вырашаем. Прытым пачынаючы ад канкрэтнага дома, які не будуецца або будаўніцтва якога пратэрмінавана па віне будаўнікоў або забудоўшчыкаў і заканчваючы рашэннямі на заканадаўчым узроўні, калі для гэтага ёсць нейкая неабходнасць. Убачылі ў СМІ нейкі зварот групы нашых грамадзян або пачулі пра гэта — неадкладна праверылі. Калі хтосьці не выпраўляе — дадзена каманда праваахоўным органам: кайданкі — і ў камеру. І няхай тады думаюць, як працаваць з народам», — сказаў Лукашэнка.

Але калі «кайданкі — і ў камеру», то гэта будзе вельмі эфектыўнае вырашэнне пытання. У нас будаўнікоў і так не хапае — усе з’ехалі за «доўгім рублём» у Расію. А калі мы перасаджаем тых, хто пакуль што яшчэ застаўся на нашай тэрыторыі, — хто ж нам будаваць будзе? Кітайцаў сюды завезці, ці што?

Дарэчы, улады Кітая, адкуль нядаўна прыехаў прэзідэнт, таксама заклапаціліся будаўніцтвам. 23 ліпеня ў Кітаі ўведзена пяцігадовая забарона на будаўніцтва любых адміністрацыйных будынкаў. Адпаведную дырэктыву прынялі Дзяржсавет краіны і Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Кітая. Акрамя адміністрацыйных будынкаў, забарона распаўсюджваецца і на будаўніцтва за дзяржаўны кошт любых дарагіх збудаванняў, у тым ліку гасцініц і навучальных цэнтраў.

Прынятая дырэктыва заклікае ўсе партыйныя і ўрадавыя органы эканомна расходаваць бюджэтныя сродкі і выдаткоўваць іх толькі на меры, якія садзейнічаюць развіццю эканомікі і росту дабрабыту грамадзян. Дакумент забараняе ўзвядзенне, куплю, рэстаўрацыю або пашырэнне адміністрацыйных памяшканняў пад выглядам рамонтных работ або рэалізацыі горадабудаўнічых планаў.

Рамонт памяшканняў дазваляецца толькі ў выпадку, калі ў іх мінае дазволены тэрмін эксплуатацыі. Уладным структурам забараняецца атрымліваць спонсарскую падтрымку або ахвяраванні на будаўніцтва новых будынкаў. А чыноўнікі, якія займаюць некалькі пасад адначасова, не павінны атрымліваць з-за гэтага больш аднаго кабінета.

Вось бы нам такія рашэнні! «Адзін чыноўнік — адзін кабінет». І пачаць трэба, канешне, з сябе, то бок з Аляксандра Рыгоравіча.

Навошта яму столькі рэзідэнцый, дый яшчэ Палац Незалежнасці дабудоўваецца. А Пракаповіч з ягонымі больш чым 20-ю пасадамі? Няўжо для кожнай з іх — асобны кабінет?

Ну а вызваленыя памяшканні здаць пад офісы. І валюты мы такім чынам знойдзем — заваліся!

Каментаваць