Вострыя контуры партнёрства З кулуараў канферэнцыі

Сваімі поглядамі на развіццё падзей у Беларусі на фоне ажыццяўлення «Усходняга партнёрства» падзяліліся Аўрымас Таўрантас, пасол па асобых даручэннях МЗС Літвы, і Лукаш Адамскі, каардынатар праграм двухбаковых адносін у ЕС і з суседзямі Польшчы Польскага інстытута міжнародных адносін — удзельнікі канферэнцыі «ЕС—Беларусь: контуры партнёрства».

Аўрымас Таўрантас:

Мінск павінен зрабіць канкрэтныя крокі

Сваімі поглядамі на развіццё падзей у Беларусі на фоне ажыццяўлення «Усходняга партнёрства» падзяліліся Аўрымас Таўрантас, пасол па асобых даручэннях МЗС Літвы, і Лукаш Адамскі, каардынатар праграм двухбаковых адносін у ЕС і з суседзямі Польшчы Польскага інстытута міжнародных адносін — удзельнікі канферэнцыі «ЕС—Беларусь: контуры партнёрства».

Аўрымас Таўрантас:

Мінск павінен зрабіць канкрэтныя крокі



— Я не згодны з тымі, хто лічыць, што «Усходняе партнёрства» прынясе мала выгод Беларусі — праца толькі пачынаецца, і наколькі якасны і карысны будзе яе змест, залежыць ад якасці выканання праграмы. У Беларусі — спецыфічная сітуацыя, ЕС не можа тут размаўляць толькі з уладай, але мусіць сур’ёзна кантактаваць з апазіцыяй, высвятляючы яе думку. Гэта галоўнае адрозненне Беларусі ад іншых краін «Усходняе партнёрства», тых жа Украіны і Малдовы, дзе дастаткова кантактаў на афіцыйным узроўні.

Для Беларусі прымяняецца спалучэнне рэалістычнасці і прынцыповасці — размовы праводзяцца і з уладай, і з апазіцыяй. На наступным тыдні ў Стакгольме пройдзе сустрэча старшынь камісій па замежных справах парламентаў краін ЕС, і адной з маіх прапаноў будзе тое, што апазіцыя Беларусі павінна заняць сур’ёзнае месца ў працы па праграме «Усходняе партнёрства». Мы не павінны мець стасункі толькі з афіцыйным Мінскам.

Што тычыцца бліжэйшых крокаў, якія ЕС чакае ад беларускай улады, то з максімальных — прыняцце дэмакратычнага выбарчага заканадаўства. Але пачаць адразу можна і з вельмі простых рэчаў, як рэальная рэгістрацыя палітычных партый і грамадскіх арганізацый, вяртанне да прымальнага ўзроўню арэнднай платы за памяшканні штабоў. Рэалістычна ацэньваючы сітуацыю, ніхто на чакае вокамгненнай дэмакратызацыі ў Беларусі, але да канца бягучага года Мінск павінен зрабіць пазітыўныя крокі — не прапагандысцкія, а канкрэтныя, што спрыяюць дэмакратычнаму развіццю грамадства. І хоць у ЕС існуюць краіны, гатовыя заплюшчыць вочы на спецыфіку Беларусі, такі падыход у Еўрасаюзе не дамінуе.

Разгляд пытання па працягу ці адмене абмежавальных санкцый у дачыненні да Беларусі плануецца ўжо ў сярэдзіне лістапада, таму крокі афіцыйнага Мінска павінны быць зроблены да гэтага часу. Скажам, у форме адкрытай дэкларацыі пра ўнясенне адпаведных заканадаўчых актаў на разгляд парламента ці Савета міністраў. У Стакгольме будзе разглядацца і пытанне допуску да ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве» і яго Парламенцкай асамблеі (EU—Neighbourhood East Parliamentary Assembly, EURO—NEST PA) беларускага парламента. Тут падыходы розняцца — ад прадстаўніцтва яго 50 на 50 з апазіцыяй, да недапушчэння яго дэлегатаў — як прызначаных, а не абраных на свабодных выбарах».

Лукаш Адамскі:

Павялічыць актыўнасць грамадзянскай супольнасці



«Усходняе партнёрства» з’яўляецца інструментам для завязвання новых кантактаў. Нават простыя візіты на Захад прадстаўнікоў беларускай адміністрацыі, міністэрстваў, мясцовых уладаў, будуць спрыяць развіццю двухбаковых стасункаў, ускосна прадстаўляць апазіцыі шырэйшае поле для манеўраў унутры краіны.

Апазіцыя ў рамках падрыхтоўкі праектаў «Усходняга партнёрства» па меншай меры атрымлівае магчымасць кансультацый. І калі не ўсе дэмакратычныя сілы цалкам ухваляюць такі фармат, прынамсі «Рух за свабоду» Аляксандра Мілінкевіча выказвае задавальненне развіццём падзей. З другога боку, спроба шырэй прыцягнуць у рамках «Усходняе партнёрства» да супрацоўніцтва грамадзянскую супольнасць, недзяржаўныя арганізацыі — вынік прызнання факту, што папярэднія спадзяванні толькі на апазіцыйныя палітычныя сілы не прынеслі чаканага выніку. Гэта спроба падыйсці да паляпшэння сітуацыі з іншага боку.

Правядзенне свабодных выбараў уяўляе базавую пагрозу для існавання палітычнай сістэмы Беларусі ў сучасным выглядзе, а Аляксандр Лукашэнка ставіцца да такіх пагроз вельмі абачліва. Таму чакаць хуткіх крокаў у накірунку зменаў беларускага выбарчага заканадаўства не выпадае. Аднак існуе верагоднасць станоўчых пераменаў у менш істотных пытаннях, якія не пагражаюць вашаму прэзідэнту стратай улады ў сярэднетэрміновай перспектыве. Да іх можна аднесці свабоду друку і распаўсюджвання недзяржаўных СМІ або замежных паездак беларускіх студэнтаў. Спадзяюся, што атрымаецца знізіць узровень боязі звычайных грамадзян Беларусі ў выказванні асабістых думак, павялічыць актыўнасць грамадзянскай супольнасці, што ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да магчымасці дэмакратычных перамен.

Каментаваць