Вова Плюмбум: “Ненавіджу, калі плююць на асфальт”

Яго прозвішча ў Берасці мала хто і ведае. Жонка, працадаўца ды, напэўна, самыя блізкія сябры. Для астатніх ён проста Воўка Плюмбум, фронтмэн аднайменнага рок-гурта Plum Bum. Чалавек, які піша дзіўныя песні, каб пасля па-вар’яцку выконваць іх на сцэне.



Вова Плюмбум


Плюмбум святкуе гэтымі днямі сваё 30-годдзе, з нагоды чаго мы маем да яго шэраг пытанняў, якія б дапамаглі зразумець, што ўяўляе сабой Вова сёння. Акрамя таго, пытанні музыку задаюць яго сябры і знаёмыя — вядомыя творчыя людзі Берасця.

Вова, 30-гадовы ўзрост да чагосьці абавязвае?

— Я б не сказаў, што ён да чагосьці абавязвае. Мне проста стала цікава разумець, наколькі “дарослы” я стаў знешне і наколькі “малы” ўнутры. Гэтае 30-годдзе — гэта так дзіўна! Я не разумею гэтага ўзросту… пакуль не разумею.

Што самае важнае для цябе на сённяшні дзень?

—Сям’я і мая музыка. У мяне ў жыцці больш нічога няма, акрамя гэтага. Зусім нічога. У мяне ёсць яшчэ праца, якую я раблю добра і за якую атрымліваю грошы. Але гэта праца. Проста праца. Я не надаю значэння ўсяму таму, што я яшчэ ўмею — маляванне і ўсё такое… Можа, дарма, не ведаю. Пакуль толькі дзве каштоўнасці.

Пытанне мастачкі Ганны Радзько якраз тычыцца малявання: “Ведаю, што Вова — добры мастак. Калі ён ужо прысвеціць час мастацкай творчасці? Брэст чакае!”

— Ды які я мастак? Я гэтак фарбу размазваю. Гавораць, нядрэнна размазваю, але я яе проста размазваю, усё ж. (Смяецца) У мяне ёсць думкі наконт выставы — накапілася шмат усяго.

Тады адразу адкажы на яшчэ адно пытанне Ані. “Калі было б вядома, што праз тры гадзіны метэарыт разнясе Зямлю на кавалкі, што б ты рабіў гэтыя 3 гадзіны?”

— Знаходзячыся побач з жонкай і дачкой, патэлефанаваў бы бацькам і сябрам. Хацеў бы яшчэ цыгарэту і глыток каньяку. Бадай, усё.

Ты пастаянна падкрэсліваеш, што ў жыцці і на сцэне ты — гэта два розныя чалавекі. Ці змяніўся да гэтага часу сцэнічны Вова Плюмбум?

— Я дрэнна яго ведаю. Воўка Плюмбум — чалавек без узросту. Я глядзеў і на фота, і на відэа — ён розны ўвесь час. Я часта вельмі дрэнна пераношу ўзаемадзеянне з ім, пасля канцэртаў бывае вельмі цяжка… Глупства ўсё гэта. Ды і гаварыць пра гэта вельмі дзіўна.

“У чым памылка тваёй прыроды?” — запытвае іншая мастачка, Маша Радзько.

— У мяне твар несіметрычны.

Якая галоўная частка твайго цела? — зноў Машына пытанне.

— Правая рука, вочы і рот. Мазгоў няшмат, таму я на іх не прэтэндую.

Для цябе шклянка напалову пустая ці напалову поўная?

— Калі келіх падаецца мне напалову поўным, я працягваю сядзець і гутарыць з сябрамі. Калі ён мне падаецца напалову пустым — бяру бутэльку і даліваю крыху, каб ён не здаваўся мне такім.

Цяпер сур’ёзна-правакацыйнае пытанне ад фатографа Арцёма Зданевіча — Чаму ты лічыш Віцебск больш творчым горадам, чым Брэст?

— У Віцебску я пражыў выдатныя дваццаць з лішнім гадоў. У мяне там усё было ўпершыню. Там мае сябры. Там кожная вуліца, кожная лавачка для мяне нешта значаць… Дакладней, значылі. Віцебск за 8 гадоў памяняўся. Калі я туды прыязджаю, у мяне з’яўляецца нейкае дзіўнае адчуванне, што я размінуўся з ім. А тое, што ён больш творчы, чым Брэст, гэта зноў жа з аглядкай у мінулае. Усё, што тут адбываецца, я параўноўваю з тым, што адбывалася ў Віцебску, калі я там жыў. Там было ўсяго больш, вальней хіба… Але адносна мяне, то цяпер мая творчасць тут, а не ў Віцебску. Я рады, што некалі трапіў у Брэст.

Актор тэатра “Крылы халопа” Алег Гарбацюк азадачаны —Што значыць “ха-ла-ба-ла-ра-ма-ча” з песні “Цыгане”? І ці гэта цыганская мова?

— Хала бала — гэта слэнг. Абазначае “шум-гам”. Так называлася баржа майго сябра, дзе мы часам праводзілі час. Выдатна праводзілі.

А рамача?

— Ой, усё так даўно было, не памятаю.

А чаму цябе ўсе цыганам завуць? За знешняе падабенства ці ўсё значна глыбей?

— Гэта так глыбока, што я сам не ведаю. У дзяцінстве, калі па вёсцы хадзілі цыгане, дзядуля казаў мне, каб я хаваўся, бо забяруць як свайго. Ну я добра ўмею гандлявацца і “ўцюхваць” усё падрад. Раблю гэта вельмі рэдка, толькі пры асаблівай неабходнасці і толькі сябрам, бо яны, калі што, не пакрыўдзяцца і ўсё даруюць.

Каго б хацеў сыграць у кіно?Пытанне ад арт-дырэктара “Ёдаў-студыі” і дырэктара гурта “Дай Дарогу!” Валодзі Ківачука.

— Хацеў сказаць, што Высоцкага, а пасля падумаў, хопіць ужо высоцкіх. Калі з аўтабіяграфічных роляў, то Дастаеўскага, таму што было б смяротна цяжка гэта зрабіць. З герояў твораў… Шэрлака Холмса пасля Леонава не варта і спрабаваць, Гамлета не хачу… Вось: “Стары і мора”!

Старога ці рыбу? Пераможцу ці пераможанага?

— Рыба класная з мяне б атрымалася. (Смяецца). Справа не ў тым, перамог ты ці не. Справа ў тым, ці адышоў ты ад сваіх поглядаў. Для мяне важней быць пераможаным, але мець рацыю. Быць верным сабе. Гэта і ёсць перамога. І мне напляваць, што астатні свет будзе ўсталяваны па-іншаму. Ніколі. Ніколі сплёўваць на асфальт не будзе добра, ніколі “хадзіць налева” не будзе нармальным, ніколі здрада дзеля грошай не будзе апраўдвацца бізнесам. Калі нехта лічыць па-іншаму, няхай ідзе на ...

Што цябе яшчэ бесіць у людзях, акрамя плявання на асфальт?

— Мяне бесіць дурнота і адсутнасць пачуцця гумару. Не тое, што бесіць — мне з імі не па шляху. Мяне бесіць, калі слабых прыніжаюць, калі алкаголь б’е ў галаву, і чалавек думае, што ў пашпарце ў яго напісана “Брус Уіліс”, і ён круты хлопец, хаця на выгляд гаўно гаўном. Мяне бесіць, калі маладая мама курыць побач з каляскай, калі страляюць грошы на апахмел. Мне шмат не падабаецца з таго, што адбываецца вакол. І я разумею, што магу расчысціць толькі сваю тэрыторыю, але я вельмі спадзяюся, што сваім прыкладам паўплываю на суседзяў, і яны таксама возьмуцца за граблі ды венікі і прымуцца за прыбіранне.

А людзі, якія табе імпануюць? Які тыпізаваны вобраз твайго сябра?

— Збіральны вобраз? Ну вось калі скрыжаваць Жванецкага, Джона Ленана, Ван Гога, Жуля Верна, Озі, фарбы, гітару, вогнішча, мора, лес, гарадскую ратушу, авіябілет і руль ад ровара, то штосьці падобнае атрымаецца. Не хапае толькі яшчэ пару соцень кампанентаў.

Фатограф Алег Малейка адрасуе табе такое пытаннеУ жыцці ёсць белыя і чорныя палосы. Якая паласа цяпер у Капітана?

— Мяркуючы па тым, што пра яго даўно не чуваць у твітары, ён дзесьці ў нейтральных водах. Капітан з тых людзей, у якіх заўсёды ўсё нармальна. Менавіта нармальна. То бок, ён заўсёды паміж гэтых дзвюх палос. Як Джордж Харысан на вокладцы “Abbey Road”: адной нагой на чорнай, другой на белай паласе.

Капітан — твой нік у твітары?

— Ды не, я проста пра яго перыядычна пішу. Пачытайце, ён выдатныя рэчы кажа.

Ён — тваё другое Я? Нежаданне фармуляваць думкі ад свайго імя? Яшчэ адзін вобраз Плюмбума? Адкуль ён узяўся?

— Ведаеце, я пра яго даўно пішу. Ён і ў песні “Радыё” ёсць, ёсць для яго асобная песня “Капітан”. Я яе заўсёды абвяшчаю як песню пра сябра, якога няма. Але ў Віцебску кажу пра сябра, які ёсць. Не хачу пра гэта публічна казаць. Гэты чалавек занадта сціплы.

Музыка Алег Сцепанюк хоча ведаць, якім пытанне цябе можна загнаць у тупік?

— Каб я ведаў такое пытанне, я б да яго падрыхтаваўся. А калі я “марожу”, мне ёсць на каго спіхнуць — на Воўку Плюмбума.

Пытанне ад дырэктара гурта Sciana Змітра Назарава — На фестывалі Men’s Fest ты выканаў супольна са Sciana беларускамоўную песню. Атрымалася мегакрута. Ці не з’яўлялася думка зрабіць нешта на беларускай мове?

— Я пакіну гэтую магчымасць людзям, якія годна могуць паднесці маю родную мову. Якія могуць гаварыць на ёй так, як трэба на ёй гаварыць. Якія могуць напісаць на ёй так, што за душу бярэ. Усё астатняе — гэта нацягнутае на флагшток жаданне здавацца разумнейшым і свядомейшым за іншых. Я не пераношу апраўданне трасянкі. Не ўмееш — не гавары. Я з такіх. Я, на жаль, не ўмею. Са Sciana крута атрымалася. Я сам не чакаў. Я гатовы замуціць з імі яшчэ што-небудзь, але ніяк не сам. Я не пішу і не гавару на роднай мове, як бы па-дурному не гучала гэтая фраза.

Пытанняў ад тваіх знаёмых-творцаў больш няма. Цікава, каб я не называла, ад каго яны, здагадаўся б пра аўтараў?

— Каб дала мне пытанні і імёны, я на 100% правільна расставіў бы кампаненты. Вось Малейка задаў самае нечаканае пытанне, нягледзячы на яго прастату. Я пакуль не зразумеў, чаму ён у мяне гэта спытаў. І што меў на ўвазе. Наконт кіно — ну што яшчэ мог спытаць Вова? (Смяецца).

Яшчэ пару філасофскіх пытанняў. Чым шчаслівы чалавек адрозніваецца ад няшчаснага?

— Самы няшчасны чалавек — гэта чалавек, які веееельмі хоча здавацца шчаслівым і вясёлым. Ён са скуры вылазіць, каб быць такім. Мяне пужае ярка выражаныя шчасце ці гора. Я баюся, што яны могуць аказацца несапраўднымі, а я паверу. Мне здаецца, што шчасце пахне скошанай травой і клубніцамі, а няшчасце не пахне зусім. У няшчасця толькі адзін манатонны гул у вушах, падобны да гулу трубы, калі дзьме вецер.

Чаму ты вучышся ў сваёй маленькай дачкі? А чаму ў жонкі?

— У маленькай Машы я вучуся гнуткасці. А яна мяне вучыць быць моцным, але ласкавым, намагацца не звяртаць увагу на стому, але ўмець адпачываць, вучыць думаць і адчуваць адначасова. Чаму яшчэ можна навучыцца ў Бога? Усяму таму, пра што я забыўся, калі стаў дарослым. А Каця вучыць… напэўна, таму ж самаму. Яны дзве мае зоркі, два мае маякі. У мяне няма нікога бліжэйшага.

budzma.org

Каментаваць