Вуліца Якуба Коласа ў Слуцку застанецца рускамоўнай

Нягледзячы на тое, што грамадскія актывісты «Гавары праўду» у Слуцку сабралі 240 подпісаў пад калектыўным зваротам, мяняць рускамоўныя шыльды з іменем Якуба Коласа на беларускамоўныя ў Слуцку не будуць.



У адказе  за подпісам намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама па ЖКГ Юрыя Бярозкі гаворыцца, што «у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Замена паказальнікаў на вуліцы Я. Коласа пацягне дадатковыя бюджэтныя сродкі, таму гэты від працы не плануецца».

24 снежня грамадская актывістка Зінаіда Цімошак трапіла на прыём да 1-га намесніка старшыні райвыканкама. Прадстаўнікі ЖКГ падцвердзілі, што перапісваць па-беларуску вуліцу Якуба Коласа яны не будуць, бо няма грошай. Таксама не прадугледжана райвыканкамам і асфальтаванне вуліцы, а ў 2015 годзе будуць толькі выконвацца работы па рамонце дарожнага палатна шляхам падсыпкі пясчана-гравійнай сумессю месцаў прасядання.

У сваю чаргу Зінаіда Цімошак пацікавілася, адкуль Слуцкая ЖКГ бярэ грошы на ўсталяванне новых адмыслова вырабленых расійскамоўных шыльдаў, якія пераіначваюць старажытныя беларускія назвы і робяць Слуцк расійскім горадам. Калі ў краіне дзейнічаюць дзве дзяржаўныя мовы, то чаму ў назвах вуліц горада Слуцка прыярытэт аддаецца тытульнай мове суседняй дзяржавы?

Не атрымаўшы адказу, актывістка паабяцала, што будзе аспрэчваць такое ганебнае становішча з ушанаваннем памяці Якуба Коласа ў Слуцку.

Дарэчы, да гэтага часу жыхары вуліцы не ведаюць, куды пайшлі іхнія грошы, якія яны здалі райвыканкаму яшчэ 8 гадоў таму на асфальтаванне вуліцы. А сродкі па тых часах былі немалыя, прыкладна па 300 долараў з аднаго чалавека. На памяць жыхарам засталіся квітанцыі, якія чамусьці сведчаць толькі пра іх добраахвотны  фінансавы ўнёсак на суботнік.

Пасля звароту ў Слуцкую пракуратуру па гэтым пытанні ў мінулым годзе на вуліцы з’явіліся КАМАЗЫ з пяском.

Магчыма, пасля звароту ў Генеральную пракуратуру з’явяцца і ўкладчыкі асфальту?

Каментаваць