ІВВ мае праблемы ў працы з-за "чорных спісаў" невыяздных

Міжнародны адукацыйны цэнтр просіць дыпламатаў дамагчыся, каб невыязныя з Беларусі партнёры ІВВ хаця б у выключных выпадках маглі наведваць Еўрасаюз

Міжнародны адукацыйны цэнтр просіць дыпламатаў дамагчыся, каб невыязныя з Беларусі партнёры ІВВ хаця б у выключных выпадках маглі наведваць Еўрасаюз

 
Мінскі Міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB) вымушаны “адаптаваць працу ў сувязі са знешнепалітычнымі канфліктамі Беларусі. Але кіраўніцтва (IBB) спадзяецца, што грамадзянская ўстанова зможа знайсці паразуменне з палітыкамі, якія ўводзяць абмежаванні для кантактаў паміж людзьмі. 
 
З нагоды крызісу ў адносінах паміж афіцыйным Мінскам і Еўрапейскім саюзам, увядзеннем спісаў невыязных і неўязных у Беларусь Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, які разам з Мінгарвыканкам і «Беларусбанкам» з’яўляецца заснавальнікам Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў (IBB), накіраваў зварот да кіраўнікоў МЗС Германіі, Нідэрландаў і Вялікабрытаніі з прапановай палегчыць візавыя ўмовы для беларусаў.
 
У прыватнасці, прапануецца зрабіць бясплатныя Шэнгенскія візы для беларусаў ва ўзросце да 25 год і вызваліць ад выплаты консульскага збору ці напалову яго зменшыць (да 30 еўра) для беларусаў, якія выязджаюць у краіны ЕС з асабістымі ці дзелавымі мэтамі.
 
“Аднак гэты крызіс (маецца на увазе дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і ЕС) не паўплываў на супрацоўніцтва і партнёрства на ўзроўні грамадзянскай супольнасці. Наадварот, цяпер можна прывесці мноства прыкладаў паспяховай кааперацыі ў сацыяльнай, культурнай, грамадскіх сферах. Блізу аднаго мільёна дзяцей з рэгіёнаў, што пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы, прынялі ў сябе сем’і ў заходнееўрапейскіх краінах — на мясцовым узроўні былі рэалізаваныя розныя сумесныя праекты ў сацыяльнай сферы, у сферы адукацыі, энергетыкі і ўстойлівага развіцця, а паміж сем’ямі ўзнікла сяброўства, — гаворыцца ў звароце, які накіраваны ў міністэрствы замежных спраў Нямеччыны, Вялікабрытаніі і Нідэрландаў. — У першай палове ХХ стагоддзя дзве сусветныя вайны вызначылі ўклад жыцця ў Беларусі і забралі мільёны чалавечых жыццяў. У другой палове папярэдняга стагоддзя грамадства было падзеленае паміж двума буйнымі блокамі на Усходзе і Захадзе. Мы спадзяёмся, што ХХІ стагоддзе будзе адзначанае правядзеннем узаемных сустрэч, праграмамі абмену і супрацоўніцтва.
 
Кіраўнік справамі Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Петэр Юнгэ-Вентруп зазначыў, што “ІВВ ёсць прадстаўніком народнай дыпламатыі, і яна магчымая толькі тады, калі людзі могуць свабодна ездзіць і камунікаваць паміж сабой. І было б добра, калі б маладыя людзі змаглі ездзіць па бясплатных візах, а для больш сталых скарацілі консульскія выдаткі. У гэтыя складаныя часы абмены не мусяць быць абмежаваныя. Я б не хацеў, каб паўтарыўся час, калі паміж людзьмі ёсць франты. Мы будзем на гэты конт весці перамовы з МЗС у Берліне, Лондане, Гаазе, — распавёў спадар Петэр Юнгэ-Вентруп.
 
Петэр Юнгэ-Вентруп
 
Петэр Юнгэ-Вентруп патлумачыў, што нагодаю для названага вышэй звароту сталі “чорныя спісы на ўезд і выезд з Беларусі. І яны перашкаджаюць працы Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Так, быў забаронены ўезд у Беларусь для  былога нямецкага дырэктара Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB) імя Ёханэса Рау Астрыд Зам — яе не пусцілі ў Беларусь. Астрыд Зам ляцела ў Мінск па справах, звязаных з дабрачыннай арганізацыяй «Надзея». 18 сакавіка ў нацыянальным аэрапорце Мінск ёй паведамілі, што, нягледзячы на наяўную ў яе беларускую візу, у краіну яна ўехаць не можа. Зам вымушана была вылецець у Рыгу.
 
Петэр Юнгэ-Вентруп зазначыў, што ў сувязі з абмежаваннямі для пэўных асобаў на ўезд у Беларусь і на выезд з яе, Мінскі Міжнародны адукацыйны цэнтр мусіць адаптаваць сваю працу, “бо цэнтральныя асобы, што працуюць для нас тут не могуць прыехаць у Нямеччыну і ёсць адваротныя выпадкі. “Мы вядзём перамовы зараз з нашымі палітыкамі ў Берліне, каб асобы, якія знаходзяцца ў забароненым на ўезд у ЕС спісе, але шмат робяць у кірунку дыялогу і прымірэння, маглі б хаця б у выключных выпадках наведваць Еўрасаюз. Ці будуць гэтыя намаганні паспяховымі — пакуль не вядома. Але з досведу працы можна сказаць, што, калі мы пачынаем нечым займацца, то дамагаемся поспеху, — патлумачыў кіраўнік справамі Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Петэр Юнгэ-Вентруп.
 
Астрыд Зам была дырэктарам Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра да лістапада 2011 года. Цяпер на гэтую пасаду прызначаная Вольга Рэнш. Яна распавяла, што дагэтуль ніколі не сутыкалася з абмежаваннямі для ўезду ў краіны свету, не мела праблем і з наведваннем Беларусі. “У цэлым мы турбуемся за працу ІВВ, бо, як бачым, могуць узнікнуць некаторыя праблемы. Але нашая мэта ёсць будаваць масты, — падкрэсліла новая кіраўніца Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Вольга Рэнш. 
 
Вольга Рэнш
 
Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Раў — сумесны нямецка-беларускі праект, пачаў працу ў 1994 годзе. У ліку яго заснавальнікаў — Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, Мінгарвыканкам, «Беларусбанк». Астрыд Зам доўгі час з'яўлялася дырэктарам IBB з нямецкага боку. У студзені 2011 года яна перайшла на працу ў Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр. Новым нямецкім дырэктарам мінскага цэнтра стала Вольга Рэнш.

Каментаваць