Выбарчая камісія: журналіст “парушаў канстытуцыйныя правы і свабоды асобы”

Арцёма Ляву тройчы выдалялі з трох розных выбарчых участкаў за тое, што ён рабіў рэпартаж аб ходзе галасавання. Журналіст накіраваў скаргі ў ТВК, ЦВК і пракуратуру. І вось сёння ён атрымаў два адказы.



Адказ Ленінскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта на скаргу журналіста НЧ Арцёма Лявы


У адказе Ленінскай раённай камісіі гаворыцца, што журналіст парушыў артыкул 40 Закона "Аб сродках масавай інфармацыі", паколькі праводзіў фотаздымку фізічных асобаў без іх згоды, што парушае канстытуцыйныя правы і свабоды асобы.

У лісце за подпісам старшыні Ленінскай раённай камісіі спадара Бортніка таксама напісана, што журналіст без папярэджання праводзіў аўдыёзапіс, што парушае заканадаўчыя нормы, а таксама нормы прафесійнай журналісцкай этыкі.

"Абавязак атрымліваць дазвол фізічных асобаў на правядзенне аудыё- відэазапісу, кіна- і фатаздымак не распаўсюджваецца на выпадкі ажыццяўлення іх у месцах, адкрытых для масавага наведвання. — каментуе адказ чыноўнікаў старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыст Андрэй Бастунец. — Гэта наўпрост запісана ў п.4.7. арт 34 Закона Аб сродках масавай інфармацыі".  Гэта значыць, што акрэдытаванаму на выбарчым участку журналісту не трэба было атрымліваць аніякага дазволу ні на фотаздымкі, ні на правядзенне аўдыёзапісу. Аб гэтым, дарэчы, наўпрост гаворыцца і ў Прыкладным сцэнары трэнінгу для сябраў участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (зацверджаны Пастановай Цэнтрвыбаркама ад 1 ліпеня 2015 г. № 19). Там у якасці прыклада як раз разглядаецца падобны выпадак і робіцца выснова, што сябры камісіі мусілі расказваць журналістам пра ход галасавання на ўчастку, адказваць на пытанні і дазволіць весці фота- і відэаздымку".

Кіраўнік ГА БАЖ выказаў думку, што дзеянні Ленінскай раённай камісіі можна смела абскардзіць у вышэйшых інстанцыях.

Нагадаем, журналісту газеты "Новы час", акрэдытаванаму на выбарчым участку № 29 Ленінскага раёна падчас датэрміновага галасавання 8 і 9 кастрычніка фактычна заміналі працаваць. Па словах Арцёма, старшыня камісіі Тамара Пінчук абмяжоўвала магчымасці фатаграфавання на выбарчым участку і імкнулася абмежаваць час знаходжання на ім. Псіхалагічны ціск Арцём адчуваў як з боку сябраў камісіі і часткі назіральнікаў так і старонняй асобы (дырэктаркі школы № 134), якая распараджалася на выбарчым участку раніцай 9 кастрычніка. У выніку Арцёма пазбавілі акрэдытацыі.

Што тычыцца другога адказу на скаргу журналіста, у Цэнтральную выбарчую камісію, то як з яго вынікае, скарга журналіста чамусьці адпраўлена ў Міністэрства інфармацыі.

Каментаваць