Выбары без выбару

Выбары ў мясцовыя саветы пачаліся. Перадвыбарчую кампанію пачала апазіцыя. На выбарах будуць два блокі: «Народны рэферэндум», у які ўваходзяць кампанія «Гавары праўду!», Партыя БНФ і Рух «За свабоду», плюс БСДП (Грамада), і ўсе астатнія пад новай шыльдай — «За справядлівыя, сумленныя выбары для лепшага жыцця». Афіцыйна прэзентацыя новай кааліцыі пройдзе ў верасні.



«Для лепшага жыцця» будуць удзельнічаць у выбарах: Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні Партыі працоўных, аргкамітэт Беларускай жаночай партыі «Надзея», аргкамітэт грамадскага праваабарончага аб’яднання «За справядлівыя выбары», «Беларускі рух» і «Маладая Беларусь» пад кіраўніцтвам Артура Фінькевіча.

Інтрыга ў тым, што пакуль ні да адной кааліцыі не далучыўся аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», які апошнім часам дзейнічае найбольш паспяхова. Сама БХД пакуль устрымліваецца. Як сказаў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, пакуль ён не бачыць, каб гэтыя ініцыятывы былі на карысць народу Беларусі, а не з’яўляліся б «партыйным міжсабойчыкам», заснаваным на старых структурах. Таму БХД зоймецца сваімі праграмамі, кшталту ініцыятываў за сямейныя каштоўнасці, будзе працягваць працу Рады народных дэпутатаў і ўздымаць праблемы, якія хвалююць людзей, а не асобна ўзятую апазіцыю.

Але падаецца, ніводная апазіцыйная структура не імкнецца ў гэтых выбарах да перамогі.

Пра стратэгічныя мэты кааліцыі «выбару» заявіў лідар АГП Анатоль Лябедзька. Ён паведаміў, што новая кааліцыя плануе «выкарыстоўваць палітычныя выбарчыя кампаніі, якія праводзіць улада». «Ёсць палітычная воля, каб на мясцовую выбарчую кампанію ісці з агульным пасланнем і агульным спісам кандыдатаў. І ёсць воля мець агульнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, каб вярнуць людзям права выбару», — заявіў ён.

Лідар «Справядлівага свету» Сяргей Калякін удакладніў, што асноўная задача кааліцыі — растлумачыць людзям, што ад выбараў залежыць іх далейшае жыццё, «каб яны дамагаліся таго, каб выбары былі выбарамі».

Вядома, людзі цяпер занепакоеныя іншым: ростам цэн, навучаннем дзяцей, здароўем, жыллём і інш. Але трэба, каб яны зразумелі: гэтыя пытанні вырашаюцца на выбарах шляхам абрання нармальнага кіраўніцтва. «Калі насельніцтва ўдасца пераканаць, што галоўны інструмент уплыву на іх штодзённае жыццё — выбары, што выбары павінны быць свабоднымі, і яны могуць змяніць правілы гульні, то тады ёсць шанец вырашыць і задачу перамогі. Калі ж правілы гульні зменены не будуць, то не істотна, колькі будзе кандыдатаў ад апазіцыі — усім ім «намалююць», як звычайна», — лічыць Калякін.

Кааліцыя «Народны рэферэндум» ужо фармуе адзіны спіс кандыдатаў у дэпутаты. Між тым, перамагаць не збіраюцца і яны. Каардынатар «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў паведаміў: для кааліцыі гэта будзе «велізарная інфармацыйная кампанія». «Трэба зрабіць так, каб людзі, якія бачылі б нашых кандыдатаў у Бярозе, у Мінску і Рэчыцы, стэлефанаваўшыся паміж сабой, змаглі б пра нешта агульнае пагаварыць. І казалі б яны пра тое, што ў нас напісана на плакатах», — сказаў Дзмітрыеў. А на плакатах, натуральна, будуць напісаны пытанні «Народнага рэферэндуму» і патрабаванні ягонага афіцыйнага правядзення.

«Біцца за людзей, а не за месца», — кажа Дзмітрыеў. «Практыка падліку галасоў у Беларусі не змянілася, разлічваць на падлік галасоў не прыходзіцца. Таму тактыка будзе прыкладна такая, як падчас мінулых парламенцкіх выбараў. Вылучыць кандыдатаў у дэпутаты, правесці выбарчую кампанію і замацавацца ў акругах, вырашаючы мясцовыя праблемы замест прызначаных дэпутатаў. Калі мы гэта зробім, то да прэзідэнцкіх выбараў мы прыйдзем з выразнай большасцю», — тлумачыць Дзмітрыеў.

Такім чынам, абедзве кааліцыі маюць намер змагацца за давер народу, а не за перамогу. Усё роўна галасы не лічаць, мясцовыя дэпутаты «прызначаюцца», і ўвогуле не маюць ніякіх канкрэтных паўнамоцтваў, каб прымусіць гэтую ўладу змяніцца.

На жаль, нават калі будзе большасць з апазіцыяй (дарэчы, і зараз з імі большасць, толькі маўклівая), ніякай рэвалюцыі не атрымаецца. І «змяніць правілы гульні» таксама. Апалагеты лозунга «апазіцыя з народам» забываюцца на рэвалюцыйную класіку. А яна палягае ў тым, што ніводная «большасць» рэвалюцый не робіць — яе робіць добра арганізаваная і мэтаскіраваная меншасць. А большасць проста ўспрымае «на ўра» тыя перамены, якія робіць «новая меншасць».

Да таго ж, вельмі слушна пра ўсялякія «інфармацыйныя кампаніі» і «кампаніі байкоту» казаў паслядоўны Мікола Статкевіч. Калі кандыдат і ягоная каманда працуюць на перамогу — яны выкладваюцца максімальна. Каб перад людзьмі і перад самім сабой сорамна не было. А калі кандыдат працуе на нейкую абстрактную «інфармацыйную кампанію», то і выкладвацца яму не трэба.

Яшчэ адна хіба «інфармацыйных кампаній» палягае ў тым, што яе вынікі нельга «памацаць рукамі». Калі кандыдат скіраваны на перамогу, то і перамога — ягоная новая пасада, з’яўляецца відавочнай. А як можна ацаніць вынік «інфармацыйнай кампаніі»? Па сацыялагічных апытаннях? Дык пасля парламенцкіх выбараў 2012 года апазіцыянеры заявілі, што сацапытанні ў Беларусі немагчымыя ў прынцыпе.

Вынік «інфармацыйнай кампаніі» памацаць немагчыма. Можна толькі заявіць, што «мы выйгралі», але, як кажуць, «словы да справы не прышыеш». Хаця беларускаму КДБ і не такое ўдавалася.

Падаецца, нас чакае чарговая кампанія па выбарах без самога выбару. Галасаваць за кандыдата ад улады няма сэнсу, бо яго і так прызначаць — сцвярджае апазіцыя. А галасаваць за апазіцыянера таксама не мае сэнсу, бо пасада ў мясцовым савеце яму да аднаго месца.

Такім чынам, застаецца толькі паслаць усіх кандыдатаў падалей і правесці выбарчы час на канапе.

Каментаваць