Выбары, якія замоўчваюцца

У краіне ідзе кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы. Але гэтага не бачна і не чутна. Падаецца, што гэтыя выбары замоўчваюцца свядома. У такіх умовах дазволіць нейкую палёгку ў правядзенні выбарчай кампаніі — проста самагубства.



Але адмяніць яе зусім нельга, а таму трэба проста «зачысціць» тэрыторыю так, каб не было чуваць і піску незадавальнення.

З аднаго боку, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына выказвае нават пэўную незадаволенасць тым, што на мясцовую кампанію ніхто не звяртае ўвагі. Па яе словах, ёй хацелася б драйву і актыўнасці. Але такога не адбываецца, і спадарыня Ярмошына звыкла абвінавачвае ў гэтым журналістаў. Яна нават выказала меркаванне, што яўка выбарах, аказваецца, залежыць ад таго, наколькі будуць актыўныя сродкі масавай інфармацыі, а не ад таго, наколькі выбары добра арганізаваныя, ці ёсць на іх канкурэнцыя, наколькі выбар народа ўплывае на ўладу і наколькі справядлівы падлік галасоў…

Па словах Ярмошынай, ступень дасведчанасці выбаршчыкаў аб выбарах залежыць ад актыўнасці СМІ. Калі б не было прэсы, то людзі б і не ведалі пра тое, што ў краіне пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Кіраўніца Цэнтрвыбаркама спадзяецца, што сродкі масавай інфармацыі аб’ектыўна падыдуць да асвятлення выбараў. На яе думку, асвятляць увесь працэс выбараў трэба пісьменна, цікава, творча. І галоўнае — нясумна, бо нуда здольная забіць любы працэс.

З іншага боку, усё выглядае наадварот. Першы этап кампаніі — фармаванне акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў — скончыўся звыкла і традыцыйна: прадстаўнікоў апазіцыі туды не дапусцілі (больш падрабязна пра гэта — на стар. 6). З 12 студзеня пачынаецца збор подпісаў грамадзянаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты, але і тут актыўнасць патэнцыйных кандыдатаў блізкая да мінімуму. Ды якая можа быць актыўнасць, калі ўсё забаронена?

Напрыклад, Мінгарвыканкам забараніў праводзіць пікеты па зборы подпісаў выбаршчыкаў у любых месцах, дзе магчымы збор вялікай колькасці грамадзян. Забарона тычыцца Кастрычніцкай і Прывакзальнай плошчаў, плошчаў Незалежнасці і Перамогі. Забаронена ставіць пікеты і збіраць подпісы на адлегласці менш за 200 метраў ад рэзідэнцый Лукашэнкі, будынкаў парламента, Саўміна, на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў дзяржорганаў улады, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння, устаноў дашкольнай адукацыі, агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацый аховы здароўя).

А калі ў краіне амаль усё забаронена, на які «драйв» разлічвае спадарыня Ярмошына? І як можа прэса цікава асвятляць тое, што не робіцца?

Персанальныя жаданні спадарыні Ярмошынай — гэта адно. А вось дзяржаве аніякай выбарчай актыўнасці зараз не трэба. І не тое што не трэба, а нават небяспечна. Выбарчая актыўнасць цягне за сабой актыўнасць палітычную, а таму лепш «замаўчаць» выбарчую актыўнасць, чым прывесці сітуацыю да грамадска-палітычных пратэстаў.

Зараз для выбарчай актыўнасці, па ўладным раскладзе — час вельмі неспрыяльны. Толькі-толькі прыціхлі дзве маштабныя акцыі пратэсту: пратэст аўтамабілістаў супраць новай пошліны за допуск машынаў да дарожнага руху і пратэст медыкаў «хуткай дапамогі» супраць жабрацкіх заробкаў і незабяспечаных умоваў працы. Першы пратэст удалося задавіць сілавымі метадамі, з дапамогаю ДАІшнікаў і перакрыццём дарогаў. Другі пратэст прыцішыўся з-за магчымых перамоваў медыкаў з уладай. Падаецца, «хуткая дапамога» зменшага звярнула на сябе ўвагу, і недзе ў кулуарах пачалося абмеркаванне патрабаванняў дактароў.

Калі дазволіць неабмежаванае пікетаванне, хай і для збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, то ніхто не спрагназуе, для чаго ў чарговы раз будуць скарыстаныя перадвыбарчыя пікеты.

І справа не толькі ў медыках і аўтамабілістах. Вось у Гродне, напрыклад, з-за мізэрных заробкаў выхавацелькі дзіцячых садкоў звальняюцца з працы ўсім штатам: дзе працавалі 50 чалавек, засталося сем. А ўлада працягвае перакладаць цяжар уласнай правальнай эканамічнай палітыкі на насельніцтва, бо грошы больш узяць няма адкуль. Напрыклад, кажуць, што ў жыроўках беларусаў хутка з’явіцца новая графа: нам прыйдзецца плаціць за «бягучы рамонт». То бок, плацяць тым, хто працуе, усё менш, а забіраюць ад іх усё больш. І зараз гэта «больш» настолькі істотнае, што дай толькі волю — і атрымаеш сацыяльны выбух у «сацыяльна-арыентаванай дзяржаве для народа».

У такіх умовах дазволіць нейкую палёгку ў правядзенні выбарчай кампаніі — проста самагубства. Адмяніць яе зусім нельга, а таму трэба проста «зачысціць» тэрыторыю так, каб не было чуваць і піску незадавальнення. Як жартавалі ў адным з папулярных выпускаў КВЗ: «Цішыня павінна быць у бібліятэцы!»

СМІ таксама чакаюць няпростыя часы. Яшчэ 19 лістапада намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрый Шадко на ўрадавай нарадзе паведаміў пра распрацоўку зменаў у Закон аб СМІ, якія «з мэтай арганізацыі ў інтэрнэце эфектыўнага процідзеяння негатыўным сацыяльным з’явам» могуць абавязаць інтэрнэт-выданні зарэгістравацца ў якасці сродкаў масавай інфармацыі.

Выклікае занепакоенасць тое, што рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў разглядаецца з мэтай «процідзеяння негатыўным сацыяльным з’явам». А гэта і «Стоп-падатак», і медыкі, і звальненне настаўнікаў, і ўсё, што заўгодна. Неўзабаве нават у інтэрнэце стане немагчыма пісаць ні пра што.

Такім чынам, што б там ні казала спадарыня Ярмошына пра цікавае асвятленне выбараў, гэтае асвятленне не выгаднае перш за ўсё ўладзе. Яна патрапіла не ў тую сітуацыю, калі можа сабе дазволіць «вольніцу» на выбарах, нават калі яны мясцовыя. І таму, вельмі верагодна, што сапраўднай выбарчай кампаніі, хаця б узроўню 2010 года, зараз проста не будзе.

Каментаваць