Выбары: па-вайсковаму акуратна і мэтазгодна

Карэспандэнт НЧ Арцём Лява гэтую электаральную кампанію паспрабаваў на зуб з розных бакоў. Спачатку быў кандыдатам у дэпутаты (балатаваўся ад партыі БНФ, якая зняла ўсіх сваіх кандыдатаў да пачатку галасавання), а потым дзяжурыў на выбарчым участку №350 у якасці назіральніка. Прапануем чытачам нататкі з выбарчых палёў.
 

У першы дзень датэрміновага галасавання я знаходзіўся на ўчастку з 16 да 19-й гадзіны. За гэты час намер прагаласаваць выказалі восем выбаршчыкаў.

Першае, што кідаецца ў вочы на ўчастку, — гэта стэнд з агітацыйнымі матэрыяламі. Адзін з кандыдатаў заклеены белым аркушам паперы з надпісам «Выбыў». Як з афіцэрскай дакладнасцю патлумачыў старшыня выбарчай камісіі Анатоль Касценевіч, гэта зроблена паводле рашэння Фрунзенскай акруговай камісіі. На пасяджэнні было вырашана зняць кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ у адпаведнасці з пратаколам партыйнага з’езду.

Усё ў памяшканні размяшчалася па-вайсковаму акуратна і мэтазгодна. Два фікуса паабапал чырвонай скрыні, вялізны чырвона-зялёны сцяг, закліканы падкрэсліваць урачыстасць моманту, сталы для камісіі побач з сейфам і месцы для назіральнікаў, абачліва адсунутыя бліжэй да дзвярэй, каб было добра бачна спіны выбаршчыкаў, якія распісваюцца ў журнале пасля атрымання бюлетэня. Толькі дзверы, як быццам бы ў падтрымку байкоту, парыпвалі і часам зачыняліся.

Старшыня камісіі на пытанне назіральнікаў пра колькасць выбаршчыкаў на ўчастку і колькасць атрыманых бюлетэняў паведаміў, што ўсе патрэбныя лічбы будуць адлюстраваныя ў пратаколе. Ён таксама адмовіўся паказваць спісы выбаршчыкаў і абураўся на спробы сфатаграфаваць зблізку скрыню з бюлетэнямі.

Першы чалавек у часе майго дзяжурства з’явіўся ў 16.30. Акуратны, аздоблены дошкамі гонару і вялізным дзяржаўным сцягам участак выклікаў у выпадковых наведнікаў піетэт. Тыя неяк адразу бянтэжыліся ў такой нязвыклай для публічнага месца атмасферы і далучаліся да агульнага настрою цішыні і абачлівасці.

Падалося забаўным, што сябры камісіі трымалі спісы з выбаршчыкамі на крэсле, схаваным за сталом. Гэтак жа яны шукалі ў спісах прозвішча выбаршчыка, што было досыць нязручна і выглядала трохі камічна. Потым разгорнуты спіс выкладвалі на стол перад выбаршчыкам, каб ён пакінуў свой аўтограф.

Дзесьці ў 17.10 прыйшоў яшчэ адзін выбаршчык. Кожнага старшыня папярэджваў, што адзін з кандыдатаў зняты. Насупраць яго прозвішча ў бюлетэні пазначана «выбыў», і выбаршчык мае права прагаласаваць за аднаго з пакінутых трох.

Да 18 гадзін прыйшла сямейная пара ў гадах і яшчэ два чалавекі. Моўчкі распісваліся, галасавалі, сыходзілі. Падышоў назіральнік ад «Белай Русі», які падаўся добрым знаёмым міліцыянта-ахоўніка. Назіральніца з «Беларускага чырвонага крыжа» сумленна і ціха сядзела ад самага абеду.

У апошнюю гадзіну працы ўчастка галасаваць прыйшла маладая кабета і каларытны барадач. Дзядзька заявіў, што прагаласаваў супраць усіх. На яго думку, дэпутаты не выконваюць сваіх абавязкаў: «Дэпутаты, якія ў нас ёсць, зусім не разбіраюцца ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы. Што яны могуць зрабіць з таго, што абяцаюць? Дарожкі вымасціць? Яны законы павінны пісаць перш за ўсё, а не папулізмам займацца. Да байкоту стаўлюся не вельмі добра: гэта ж грамадзянскі абавязак прыйсці і прагаласаваць, выказацца супраць».

Заканчваецца першы дзень галасавання. Старшыня заклейвае шчыліну ў скрыні з бюлетэнямі. На паперы распісваюцца сябры камісіі. Ад прапановы назіральнікаў таксама распісацца старшыня ласкава адмаўляецца. На сцяне вывешваецца пратакол, які трохі азадачыў некаторых назіральнікаў. Колькасць выбаршчыкаў — 1 850, колькасць прагаласаваўшых у першы дзень галасавання — 81(!). «Раніцай касяком ішлі», — няўпэўнена патлумачыў апошнюю лічбу назіральнік з «Белай Русі».
 

Каментаваць