Выбітныя дзеячы культуры Украіны — за захаванне статусу музея Багдановіча

Вядомыя ўкраінскія літаратары просяць прэмер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча захаваць статус Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які падпісалі пісьменнікі Раман Лубкіўскі, Дзмітро Паўлычка, Іван Драч, Іван Дзюба, Барыс Алейнік, Мікола Жулінскі, Паўло Моўчан, Віктар Баранаў, Віктар Чабаненка і Дзмітро Драздоўскі.



Аўтары лісту, між іншым, адзначаюць, што звестка пра небяспеку, якая навісла над музеем класіка еўрапейскай і сусветнай літаратуры, выклікала глыбокую занепакоенасць у сэрцы кожнага, хто знае, паважае і любіць беларускую культуру, з шанаваннем ставіцца да беларускай класічнай і сучаснай літаратуры, падтрымлівае непасрэдныя стасункі з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі.

“Для кожнага ўкраінца вобраз “Ікара беларускай паэзіі” з’ўляецца эталонам сілы духу свайго народу, узорам сыноўняй любові да айчыннай гісторыі і культуры, патрыятычнага пешчання роднай мовы. Паэт-наватар, паэт-інтэлектуал Максім Багдановіч узяў найкарыснейшыя здабыткі сустветнай паэзіі, чым узбагаціў беларускую нацыянальную скарбніцу. З асаблівым піетэтам ставіўся Багдановіч да Украіны, яе літаратуры, высока ацэньваў творчасць Тараса Шаўчэнкі і Івана Франко, знаў і шанаваў сваіх сучаснікаў Уладзіміра Віннічэнку, Грыцька Чупрынку і Уладзіміра Самуйленку. 

У незалежнай Украіне памяць пра Максіма Багдановіча ўшанавана самым поўным з выданняў, што вышлі за межамі Беларусі, а таксама шматлікімі навуковымі даследваннямі. А ў Ялце, дзе завяршыўся кароткі жыццёвы шлях паэта, да велічнага помніка на яго магіле наведвальнікі кладуць жывыя кветкі, між якіх можна ўбачыць і ўлюбёныя паэтавыя валошкі — “васількі”. Трыюмфальны юбілей — 100-годдзе з дня народзінаў Багдановіча — было ўрачыста адзначана адкрыццём Літаратурна-мемарыяльнага музею і помніка паэту ў Мінску. Затым была подрыхтавана перспектыўная праграма, якая, між іншым, прадугледжвала аднаўленне дому, дзе нарадзіўся Багдановіч, прывядзенне да ладу іншых мемарыяльных аб’ектаў.

На жаль, выкананне праграмы прыпынена. Нас не пакідае надзея, што пры больш спрыяльных абставінах яна будзе рэалізавана, але “аптымізацыя” існуючага музею (у ім напрыканцы лістападу 2013 году была паспяхова праведзеная міжнародная  канферэнцыя!) падаецца анамаліяй, бо як можна з паўнавартаснай установы рабіць фрагмент, квапячыся на духоўную каштоўнасць, якая належыць не ведамству, не частцы грамадства, а беларускаму народу, з’яўляецца крыніцаю пазнання і творчага натхнення для шматлікіх пакаленняў?! У самім намаганні “аптымізацыі” нашыя сябры — выбітныя дзеячы культуры, Саюз беларускіх пісьменнікаў бачаць цынічную спробу нанесці чарговы ўдар па айчыннай культуры, панізіць яе да ўзроўню правінцыйнай”, — падкрэсліваецца ў лісце.

Ягоныя аўтары выказалі “поўную салідарнасць з беларускай грамадскасцю” і заклікалі прэм’ер-міністра Беларусі “скасаваць паспешлівы адміністрацыйны намер”. “Постаць Максіма Багдановіча, ягонае жыццё, творчасць і літаратурная спадчына маюць  унікальную асаблівасць — роднаснае дачыненне да Украіны. А гэта азначае, што і да нас — ягоных чытачоў, перакладчыкаў, даследчыкаў і выдаўцоў. Захаваць музей Максіма Багдановіча — абавязак нашага сумлення, справа нашага гонару”, — гаворыцца ў лісце. Ягоныя аўтары выказваюць перакананасць, што “безсмяротная памяць пра геніяльнага песняра Беларусі і надалей будзе неазмрочаным сімвалам беларуска-украінскіх сувязяў”.  

Каментаваць