Выклікі без адказу

На гэтым тыдні ўлада ліхаманкава шукала адказы на «выклікі сучаснасці». Аляксандр Лукашэнка тэрмінова паляцеў да Пуціна ў Сочы, скамячыўшы ранейшы графік.



У прыватнасці, не адбылося запланаванае на 11 лютага пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва з удзелам прэзідэнта. Уладзімір Макей працаваў на «заходнім фронце» на нефармальным саміце кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства. Мясніковіч у той час прымаў віцэ-прэм’ера РФ Аркадзя Дварковіча.

Рэагаваць сапраўды ёсць на што. На Беларусь зараз ціснуць і з Захаду, і з Усходу. Падобна, усе зноў зайздросцяць «беларускаму эканамічнаму цуду».

Напрыклад, ЗША ўвялі санкцыі «ў сувязі з парушэннем рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі» датычна двух беларускіх прадпрыемстваў. Гаворка ідзе аб кампаніі «ТМ Сервісіз» і рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве КБ «Радар». Спіс быў апублікаваны Дзяржаўным дэпартаментам ЗША.

Таксама ў «чорны спіс» патрапілі чатыры кампаніі з Кітая, па дзве — з Ірана і Судана, па адной — з Сірыі і Венесуэлы. Санкцыі ўведзеныя таксама супраць шэрагу грамадзян Кітая і Ірана.

Сваё рашэнне Дзярждэпартамент патлумачыў наяўнасцю «дакладнай» інфармацыі пра тое, што гэтыя асобы і кампаніі перадавалі або атрымлівалі ад Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі абсталяванне і тэхналогіі, уключаныя ў спісы шматбаковых рэжымаў экспартнага кантролю, альбо іншым чынам уносілі матэрыяльны ўклад у праграмы распрацоўкі зброі масавага знішчэння або крылатых і балістычных ракет.

Ну пры чым тут ядзерная зброя? Якая можа быць ядзерная зброя ў Беларусі? Зразумела ж, што гэта — проста зайздрасць. Што нашы прадпрыемствы працуюць на тых рынках, куды ЗША шлях закрыты! Вось яны і прыдумалі нагоду — ядзерная зброя, крылатыя ракеты. Ды нашы гэтыя крылатыя ракеты хіба што па тэлевізары бачылі!

Там часам на гэтым тыдні Нідэрланды не выключылі ўвядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі. Пра гэта 11 лютага ў Варшаве заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Франс Цімерманс. Аднак, паводле яго слоў, галоўныя намаганні Галандыя будзе накіроўваць на падтрымку грамадзянскай супольнасці, бо пакуль няма адназначнага меркавання наконт эфектыўнасці эканамічных санкцый.

Ну якія могуць быць эканамічныя санкцыі з боку Нідэрландаў, што стаяць на першым месцы па экспарту з Беларусі нафтапрадуктаў? Няўжо яны адмовяцца ад гэтых нафтапрадуктаў?

Туды ж кінулася і Украіна, якая плануе пачаць расследаванне ў адносінах да беларускіх нафтапрадуктаў, у выніку чаго на беларускую прадукцыю могуць быць уведзеныя ўвазныя пошліны. Пяць заводаў павінны падпісаць адпаведныя скаргі. Яны ўжо атрыманы ад Крамянчугскага, Надзвірнянскага і Драгобычскага НПЗ, якія падкантрольныя групе «Прыват» Ігара Каламойскага, і ад Шэбелінскага НПЗ. «ТНК-ВР Украіна» і «Лукойл-Адэскі НПЗ» у гэтым спісе няма.

Калі расследаванне пачнецца, цікава, з чым застанецца Украіна. Бо яна другі пасля Галандыі пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў.

У прынцыпе, Украіна і Галандыя могуць пачакаць, пакуль пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў ляснуцца самі сабою. Як паведаміў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, лёс паставак расійскай нафты ў Беларусь у другім і наступных кварталах 2013 года праясніцца не раней за сакавік. «Перамовы ў нас ідуць перманентна, яны не спыняліся, але ў сакавіку мы маем намер ушчыльную вярнуцца да гэтай тэмы», — заявіў Сямашка. А не будзе нафты — не будзе і бензіну.

А зараз нафту ў абмен на пацалункі здабыць не атрымаецца. Расія зразумела, што можа патрабаваць ад Беларусі. І патрабуе.

Віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч у Мінску заявіў, што Расія і Беларусь у бліжэйшы час у чарговы раз правядуць перамовы па стварэнні альянсу на базе МАЗа і КАМАЗа. «Мы дамовіліся, што ў бліжэйшыя тыдні будуць праведзены інтэнсіўныя перамовы па ўсіх напрамках, перш за ўсё гэта тычыцца такіх праектаў, як МАЗ і КАМАЗ і магчымая інтэграцыя «Гродна-Азота» з адной з расійскіх кампаній», — сказаў Дварковіч.

Ён дадаў, што таксама абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумесных кампаній на базе ВА «Гомсельмаш» і аднаго з беларускіх прадпрыемстваў мікраэлектронікі. З расійскага боку ў інтэграцыйных праектах будуць удзельнічаць «ГЛОНАСС» і Цэнтр «Сколкава».

Камбайн «Палессе» з сістэмай «ГЛОНАСС» на борце і з нанатэхналогіямі «Сколкава» — гэта будзе вельмі крутая машына. Беражыцеся, амерыканскія і еўрапейскія канкурэнты! Галоўнае, каб зараз з такімі тэхналогіямі сам «Гомсельмаш» не патрапіў пад амерыканскія санкцыі за распаўсюд высокатэхналагічнай ядзернай зброі. Але ж, здаецца, міні-рэактара на гомельскіх камбайнах канструкцыяй не прадугледжана.

Усе гэтыя праблемы патрабуюць вырашэння. І расійскія прэтэнзіі, і заходнія санкцыі, і амерыканскія спісы. Таму нашы кіраўнікі вельмі стараюцца іх вырашыць. А беларусы чакаюць, і некаторыя пакрысе зацягваюць паясы. На гэты раз — добраахвотна, без усялякіх заклікаў з боку ўлады.

13 лютага ў каталікоў распачаўся Вялікі пост. Па традыцыі, адбываецца гэта ў сераду, якую называюць Папяльцовай. У час Вялікага посту ў касцёлах адбываюцца набажэнствы на ўшанаванне Мукі Езуса Хрыста. У парафіях праходзяць таксама рэкалекцыі — некалькі дзён асабліва прысвечаных Богу, малітве, разважанню над верай, жыццём і адносінамі з людзьмі. Важна памятаць, што пост — гэта таксама міласціна і добрыя ўчынкі.

Што датычыць абмежаванняў у ежы, то на сучасным этапе Касцёл патрабуе ад вернікаў (усіх здаровых людзей ад 18 да 60 гадоў) сціслага посту (адзін раз паесці дасыта на працягу дня) толькі два разы на год: у Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу. У іншыя дні асаблівых прадпісанняў няма. Кожны вернік можа сам абраць сабе пастановы на пост, каб глыбей перажыць гэты час.

Каментаваць