Выпускнікі Беларускага дому правоў чалавека — у абарону годнасці

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага (Вільня) ў жніўня зладзіў выпуск навучэнцаў адукацыйнага праекту па імплементацыі міжнародных абавязацельстваў Беларусі у галіне грамадзянскіх правоў і свабод. Мы вырашылі пазнаёміць чытачоў з выпускнікамі.



Удзельнікі сесіі


Уладзімір Букштынаў

Пасля заканчэння юрфаку БДУ 21 год працаваў у органах пракуратуры следчым і пракурорам, у тым ліку ў Генеральнай пракуратуры. Пад час судовага працэсу над кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Уладзімірам Някляевым быў яго абаронцам.Зараз старшы саветнік (палкоўнік) юстыцыі 61-гадовы Уладзімір Букштынаў знаходзіцца на пенсіі.   

  • — Канцэпцыя правоў чалавека выпакутаваная бясконцымі войнамі, жахлівымі наступствамі рэпрэсій і генацыду. Самыя вялікія ўзброеныя канфлікты звычайна распачынаюцца з нібыта малога — парушэння правоў чалавека. Так званы “новы парадак” у нацысцкай Германіі пачаўся з забароны дзейнасці палітычных партый, рэпрэсій супраць габрэяў і цыганоў, ажыццяўлення расавай тэорыі. А ўсе гэтыя парушэнні правоў чалавека прывялі да Другой сусветнай вайны з яе Халакостам, канцлагерамі і газавымі камерамі. Менавіта гэтыя катаклізмы заставілі Еўропу і Амерыку асэнсаваць каштоўнасці асобы чалавека і яго правоў, як найвышэйшыя.

Аднак у Беларусі, на жаль, правы чалавека не культывуюцца, бо дзяржава не зацікаўлена іх выконваць і часцяком падмяняе правы чалавека на сацыяльна-эканамічныя правы спажыўцоў. Чыноўнікі любяць гаварыць пра бясплатную адукацыю і медыцыну, пра тое, што людзі сытыя, абутыя і адзетыя. Аднак правы чалавека — гэта, ў першую чаргу, грамадзянскія і палітычныя правы асобы на свабоду ад катаванняў, на справядлівы суд, на свабоду сумлення і веравызнання, на свабоду саюзаў, на права выбіраць і быць абраным на свабодных выбарах, права вольна атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, права на звароты, мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання.а таксама роўнасць усіх перад законам. На жаль, гэтыя правы моцна закранаюць інтарэсы палітычнай эліты краіны, бо развіццё і падтрымка гэтых правоў стварае пагрозу існуючаму дзяржаўнаму ладу. Вось чаму ўлады імкнуцца замоўчваць гэтыя фундаментальныя правы чалавека.

З улікам усяго гэтага двухгадовы адукацыйны праект, пад час якога юрысты і праваабаронцы знаёміліся з асновамі правоў чалавека і дасягненнямі сусветнай прававой культуры, працуе на будучыню Беларусі. Трэба выгадаваць маладое пакаленне спецыялістаў з прывітым разуменнем значнасці правоў чалавека. Я лічу, што дзякуючы надзвычай высокаму ўзроўню выкладання, праект сваю місію выканаў. І трэба падцягваць нацыянальнае беларускае права да высокіх міжнародных стандартаў. Толькі тады мы станем паўнавартаснымі еўрапейцамі.        

 

Вольга Трэпуцень

У структурах трэцяга сектару — з 2003 году. Зараз працуе юрыстам сталічнага Офісу па правах людзей з інваліднасцю — унікальнай асветніцкай і праваабарончай установы. Кліенты аддаюць перавагу спецыялістам офісу перад адвакатамі, паколькі першыя працуюць ў незалежнай дабрачыннай структуры, бясплатна і з індывідуальным падыходам да кожнага чалавека.     

  • —. Навучанне ў межах праекту дазволіла з кардынальна іншага ракурсу — з пазіцый міжнародных нормаў паглядзець на сістэму правоў чалавека. Дзякуючы знаёмству з новымі алгарытмамі рашэння розных юрыдычных сітуацый з выкарыстаннем міжнародных механізмаў, узмацнілася аргументацыя маіх зваротаў. Апроч таго, я зразумела, што ў працы з кліентамі разгляд спраў не завяршаецца Вярхоўным судом і Генеральнай пракуратурай. Набытыя веды даюць надзею на станоўчы вынік працы нават у спецыфічных беларускіх умовах. Усе тэмы, што ўзнімаліся пад час вучобы, былі прадуманымі, сістэматызаванымі і комплексна выкладзенымі. Найбольшую цікавасць выклікала тэма кампенсацыі маральнай шкоды, бо для мяне яна мае прыкладное значэнне. Паколькі наш офіс актыўна працуе з юрыдычнымі клінікамі, будзем дзяліцца новымі ведамі з будучымі юрыстамі. Спадзяюся на развіццё супрацоўніцтва з калегамі па вучобе, у тым ліку на папаўненне электроннай бібліятэкі праекту матэрыяламі пра найбольш удалы вопыт айчынных праваабаронцаў.   

Алена Луцковіч

Жыве ў палесскім райцэнтру —  гарадскім пасёлку Акцябрскі, што на Гомельшчыне. Па адукацыі эканаміст-мэнэджэр. Працавала ў прыватным прадпрыемстве. З-за удзелу ў выбарах у мясцовыя саветы, што адбыліся сёлета, вымушана была пакінуць працу. Узначальвае маладзёвую арганізацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Маладыя дэмакраты” па Гомельскай вобласці і супрацоўнічае з праваабаронцамі Гомельскага цэнтру стратэгічнай цяжбы. Арганізуе асветніцка-адукацыйныя сустрэчы з моладдзю і з дапамогай міжнародных механізмаў адстойвае права на свабоду мірных сходаў у судах супраць Акцябрскага райвыканкаму.    

 

  •  —. Удзел у праекце дазволіў мне больш пісьменна выкарыстаць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека пад час падрыхтоўкі судовых, касацыйных і наглядных скаргаў. Пасля таго, як улады вымусілі мяне звольніцца з працы, я вырашыла прысвяціць сябе абароне правоў чалавека. Тым больш, што маю адпаведныя вопыт і веды. Прычым, звальненне аніяк не паўплывала на маю грамадзянскую пазіцыю. Чыноўнікам не ўдалося мяне запужаць. Наадварот, я буду яшчэ больш актыўна займацца праваабарончай і іншай грамадскай дзейнасцю.  

Віктар Стукаў

Рабочы ААТ “Полацкшкловалакно”30 год працаваў аператарам па вытворчасці шкловалакна, скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па спецыяльнасці ”міжнароднае права”, каб больш прафесійна адстойваць працоўныя правы сваіх калегаў. Як актывіст Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) узначальвае яго суполку на прадпрыемстве.

 

  • — Удзел у адукацыйным праекце дазволіў мне больш глыбока засвоіць некаторыя метады адстойвання працоўных правоў, у тым ліку па падрыхтоўцы калектыўных зваротаў рабочых ў Канстытуцыйны суд па пытаннях дыскрымінацыі на прадпрыемстве. Разам з тым, я звярнуў увагу на тое, што да гэтай пары ў Камітэт па правах чалавека ААН ад Беларусі не пададзены ні адна скарга на парушэнне індывідуальнага права рабочых на аб’яднанне ў прафсаюз. Справа ў тым, што па гэтаму пытанню мы падавалі скаргі ў Міжнародную арганізацыю працы, якая 10 гадоў таму накіравала беларускаму ўраду шэраг рэкамендацый, цалкам не выкананых да гэтай пары. Апроч таго, удзел у праекце  навучыў ужываць міжнародныя прававыя стандарты ў айчынных судах.

    

Кастусь Мардзвінцаў

Родам з вёскі Лапічы Асіповіцкага раёна, што на Магілёўшчыне. Па адукацыі — інжынер-матэматык і багаслоў.У 10-гадовым узросце хлопчык апынуўся ў Чэлябінску, бо ягонага бацьку —  вайскоўцу-ракетчыка перавялі служыць у Расію. Аднак Кастусь   заўсёды марыў вярнуцца на Беларусь. Менавіта жыццё ў Расіі навярнула хлапца да беларушчыны, бо ён добра зразумеў — Беларусь не Расія. Цяга да радзімы была настолькі моцнай, што ў другой палове 1980-х гадоў юнак пачаў чытаць творы беларускіх класікаў, у тым ліку Уладзіміра Караткевіча, выпісваць ”Звязду”, ”Чырвоную змену”і “ЛіМ”, стаў пастаянным слухачом Беларускай службы Радыё Свабода. Зараз спадар Кастуць жыве ў Віцебску і супрацоўнічае з  рэгіянальным праваабарончым сайтам “Віцебская вясна”.  

  •  — Удзел у адукацыйным праекце быў вельмі карысны, найперш, тым, што сам пішу на праваабарончую тэму. А калі нешта пішаш, трэба добра ведаць сам прадмет, інакш праца будзе няякаснай і непрафесійнай. Удзел у праекце дазволіў сістэматызаваць тыя базавыя веды ў галіне правоў чалавека, што кожны з нас мае. Асноўнай моваю адукацыйнага працэсу павінна быць беларуская мова, а другой моваю — руская з улікам таго, што у праекце прымаюць удзел замежныя эксперты. Усіх удзельнікаў праекту лічу шчаслівымі, бо ў цудоўнай атмасферы добразычлівасці мы пазнаёміліся з рознымі людзьмі і прыдбалі новых сяброў-аднадумцаў сярод слухачоў і экспертаў.     

Васіль Юрэвіч

Пачатак ягонага жыцця склаўся не проста. У 28-гадовым узросце памёр бацька Васіля, калі яму было  шэсць год. Выхаваны вуліцай, хлопчык рабіў тое, за што  потым стала сорамна. Жыццё страціла цікаўнасць. Ад безвыходнасці выратавала рэлігія. Менавіта вера ў Бога карэнным чынам змяніла лёс маладога чалавека. Ён стаў будаваць сваё жыццё згодна Бібліі і традыцыях продкаў. Ягоны дзед — сваяк па прамой лініі паэта Адама Міцкевіча. Па адукацыі спадар Васіль — тэхнік-механік лёгкай прамысловасці і юрыст. Жыве ў Мінску. Зараз 45-гадовы юрыст, як прыватны прадпрымальнік займаецца даверным упраўленнем юрыдычнымі асобамі. Сам выхоўвае чатырох  сыноў, якія добра вучацца, цікавяцца праграмаваннем і ваджэннем аўтамабіля, займаюцца спортам і музыкай.

  • — Калі я прыйшоў у паўнаевангельскую царкву “Новае жыццё”, мне пашчасціла  паслужыць там 14 год на пасадзе галоўнага адміністратара і вырашаць мноства адміністратыўна-гаспадарчых пытанняў. Тым больш, што царква перажывала моцны ўціск з боку дзяржавы ў выглядзе бясконцых надуманых праблемаў і штрафаў. Так асабіста я быў аштрафаваны на суму, эквівалентную 6,5 тыс. долараў ЗША. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі нестае дэмакратычнай атмасферы лаяльнасці, у якой жывуць замежныя вернікі. Вось чаму разам з аднадумцамі я мяркую распачаць рух па зменах нацыянальнага заканадаўства ў галіне правоў чалавека — свабоды слова, сходаў і веравызнання.

Навуковы мэнэджэр праекту Алег Агееў

Нарадзіўся ў Слуцку. У 5-гадовым узросце  разам з бацькамі пераехаў ў Мінск. З сям’і адвакатаў. Пасля заканчэння ваеннай акадэміі малады афіцэр-артылерыст служыў у Асіповічах і атрымаў другую вышэйшую адукацыю — юрыдычную ў Беларускім інстытуце правазнаўства. Восем год працаваў адвакатам. Быў абраны сябрам “мяцежнага” прэзідыюму Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, які выступаў за дэмакратызацыю айчыннай адвакацкай сістэмы. Пад кіраўніцтвам Барыса Звозскага прайшоў навучанне ў другім цыкле адукацыйнага праекту. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году абараняў у судзе кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча. За  сваю грамадзянскую пазіцыю рашэннем Міністэрства юстыцыі быў пазбаўлены ліцэнзіі адваката. З 2012 году — навуковы мэнэджэр праекту.

  • — Гэта мой першы і самы вялікі па колькасці выпуск праекту, чым вельмі ганаруся. Сярод 34 выпускнікоў рознага ўзросту (ад 23 да 61) з усіх рэгіёнаў краіны — студэнты з Беларусі, якія навучаліся на радзіме і ў замежжы, юрысты-эколагі, праваабаронцы з сталіцы і рэгіёнаў, журналіст, навукоўцы і былыя адвакаты. Што найбольш ўражвае? Разам з экспертамі праекту ягоныя выпускнікі складаюць калектыў аднадумцаў, гатовых ў цяжкую хвіліну абараніць годнасць асобы і грамадства. Па-другое, мы далі выпускнікам тыя ўнікальныя веды і навыкі, якія не дае ні адна айчынная ВНУ. І ўрэшце,  удзельнікі праекту глыбока адчулі каштоўнасць правоў чалавека і, спадзяюся, будуць больш матывавана іх абараняць.    

Марат Гаравы.

Здымкі:

  1. Уладзімір Букштынаў
  2. Вольга Трэпуцень
  3. Алена Луцковіч
  4. Віктар Стукаў
  5. Кастусь Мардзвінцаў
  6. Васіль Юрэвіч
  7. Алег Агееў

Тэгі:

Каментаваць