Вырак па справе Віктара Чэравухіна зноў не вынесены

12 студзеня ў Магілёўскім Кастрычніцкім судзе зноўку намагаліся разабрацца ў справе пацярпелага Віктара Чэравухіна — распаўсюджвальніка газеты “Новы Час” у Магілёве.



Віктар Чэравухін


Абвінавачванне прад’яўлена ахоўніку крамы “777” Дзмітрыю Прохараву, які, па словах пацярпелага, назваў Чэравухіна “фашыстам”, а газету — “фашысцкай”, пасля чаго ахоўнік выпіхнуў пацярпелага на вуліцу. Міліцыя ў дзеяннях Прохарава разгледзела абразу і перадала заяву Віктара Чэравухіна ў суд. Першае пасяджэнне не прынесла ніякіх вынікаў, бо сведкі, якія маглі б пацвердзіць баталію двух мужчын, у суд не з’явіліся.

Другое пасяджэнне па гэтай справе пачалося з гучных рэплік падсуднага Дзмітрыя Прохарава ў бок журналістаў: “Калі “гэтыя” будуць сядзець тут,  я наогул нічога не буду казаць. Адразу ж бачна, што яны з БНФ!

Тым часам у залю суда прыйшоў невядомы, які прадставіўся “вялікім начальнікам на чыгунцы”. Ён адкрыў папку з нейкімі сваімі дакументамі і прамовіў: “А вашая газетка-та “Новы Час” пакрывае фашысцкіх злачынцаў”. Вы так добра напісалі пра фашысцкую лідарку Ларысу Геніюш!” Потым ён дэманстратыўна перацягнуў стул да падсуднага і на працягу ўсяго пасяджэння нешта пісаў, маляваў на паперы і падсоўваў ахоўніку, нібы той забыў адказ на пытанне настаўніка. Зрэшты, сам Прохараў не вытрымаў і звярнуўся да невядомага са словамі: “А што вы прычапіліся да мяне?”, тым самы выставіўшы невядомага чужым не толькі сярод “чужых”, але і пасярод “сваіх”.

 Прохарава абвінавачваюць па трох артыкулах, сярод якіх — “Хуліганства” і “Абраза”. 75-гадовы Чэравухін сцвярджае, што з боку ахоўніка мела месца і незаконная фізічная сіла, якая прыцягнула за сабой лёгкія цялесныя пашкоджанні. Таксама пацярпелы хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы свайго выступу на дадзеным пасяджэнні і відэазапісу з камеры назірання ў краме. Пацярпелы склаў і спіс пытанняў, які ўжо пачаў задаваць падсуднаму, як апошні вырашыў зрабіць заяву: “Ні на адно пытанне я адказваць не буду, пакуль “гэтыя” (ён кіўнуў на журналістаў”) знаходзяцца тут. Яны ў свае газеты пішуць тое, што захочуць, пераварочваючы ўсё, што толькі можна. Я прашу, каб нікога з іх тут не было. Я не буду адказваць на пытанні, бо яны тут сядзяць. Вунь, яны усміхаюцца і пішуць сабе ўсялякую ахінею. Гэты (кіўнуў на Невядомага) ходзіць туды-сюды па зале і падсоўвае мне нейкія свае паперы, каб я прачытаў… Наогул, ёсць пэўныя людзі-асведамляльнікі, якія працуюць на органы. Ад іх я даведаўся, што гэта поўнасцю арганізаваныя акцыя і піяр, таму я не збіраюся нічога казаць”.

Але, да жалю Дзмітрыя Прохарава, суддзя адхіліла яго хадайніцтва аб правядзенні пасяджэння ў закрытым рэжыме.

Віктар Чэравухін казаў у сваім выступе: “Апошнюю газету “Новы Час” я прыносіў у краму 29 лістапада. Прыносіў, бо ахоўнікі бралі яе. Я заўжды прыношу “Новы Час” па суботах, бо менавіта ў гэты дзень яна прыходзіць з Мінску да нас у Магілёў. Газету перадаваў ахоўнікам праз працаўнікоў. Інцыдэнт адбыўся 5 снежня — гэта была пятніца, і ніякіх газет у мяне не было. Я проста купіў прадукты і збіраўся ўжо сыходзіць дадому. У гэты час са службовага памяшкання выйшаў ахоўнік і крыкнуў мне: “Чуеш, мужык, не прынось больш у краму фашысцкія газеты”. Я абурыўся, бо хацеў даказаць, што “Новы Час” — гэта ніякая не фашысцкая газета.  Пачалася сварка, у выніку якой ахоўнік выштурхаў мяне на вуліцу, пашкодзіўшы мне нагу і падрапаўшы руку”.

Дарэчы, Прохараў на мінулым паседжанні адмаўляў той факт, што ён назваў Віктара Чэравухіна “фашыстам”, але ў той жа час не змяніў меркавання пра “фашысцкую” газету. Аднак сведкі, якія ў гэтым раз прыйшлі ў залю суда, расказалі пра іншы пачатак разгортвання баталій паміж распаўсюджвальнікам “НЧ” і ахоўнікам крамы “777”.

Святлана Астроўская, касірка, пачула за спіной наступны вокліч ахоўніка: “Дзядуля, тут распаўсюджваць ніякую літаратуру нельга”. Людміла Драздова, прадавачка ў гэтай жа краме, распавяла суду пра наступны пачатак дзеянняў: “Дзядуля, не распаўсюджвайце ў нас газеты!”.

 

Віктар Чэравухін доўга не мог зразумець, пра якія газеты ішла гутарка, бо ён сцвярджаў, што быў абсалютна без аніякай прэсы. Сведкі таксама не маглі сказаць, ці былі ў руках пацярпелага пэўныя выданні. Напрыканцы паседжання Дзмітрый Прохараў праясніў сітуацыю: “Дзядуля, я ж вам тлумачу, я вас запомніў з мінулага разу, таму і хацеў папярэдзіць, бо наш уладальнік забараняе і фатаграфаваць у краме, і распаўсюджваць прэсу”.

Абедзве сведкі чулі пачатак размовы і бачылі яе канец — як ахоўнік валок Чэравухіна на выйсце. Людміла Драздова разгледзела ў дзеяннях пацярпелага гвалт: “Дзядуля замахнуўся на Прохарава кошыкам з-пад прадуктаў, пасля чаго яго і выпіхнулі з крамы”. На пытанне Віктара Чэравухіна: “А ці бачылі вы, як мае прадукты былі раскіданыя па падлозе ў выніку сваркі?”, прадавачка адмоўна пахістала галавой — усё што бачыла, яна ўжо расказала.

Святло на прысутных павінен быў праліць запіс з відэакамеры, які суддзі давялося праглядаць двойчы, бо… Віктар Чэравухін проста не пазнаў сябе. На відэазапісу быў бачны толькі той фрагмент, калі ахоўнік выводзіць пацярпелага з крамы. Усхваляваны Віктар Чэравухін пачаў паясняць: “Вось зараз ахоўнік вернецца ў краму, а праз момант вярнуся і я, каб падняць з падлогі прадукты”. Сапраўды, Прохараў вярнуўся з вуліцы, пасля чаго відэазапіс абарваўся”.  Суддзя запытала ў Дзмітрыя Прохарава: “Вы пазнаяце сябе на гэтым відэа?” Падсудны кінуў: “Канешне! Я ж сваімі рукамі яго капіраваў”.

Пасля разгляду ўсіх фактаў і доказаў, суддзя абвясціла: “Пасяджэнне пераносіцца на 15 студзеня”. Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на судзе, выказаў сваё меркаванне наконт Чэрговага пераносу паседжання: “На маю думку, суддзя проста не ведала, які вырак вынесці, таму вырашыла параіцца. Аднак па законе мы маем добры шанец на перамогу”.

Нагадаем, гэта будзе ўжо трэцяе пасяджэнне па дадзенай справе.

         

Каментаваць