Выспа атэізму пад Віцебскам

Ад гарадскога пасёлка Шуміліна да Віцебску ўсяго 43 кіламетры. Кароткая адлегласць да культурнага цэнтра паўночнай Беларусі вымывае людзей з пасёлка, а асабліва — з раёна. Буйныя вёскі яшчэ трымаюцца, а дробныя абязлюдзелі.



У аграгарадку Мішневічы жыве пад тысячу чалавек, ёсць сярэдняя школа, амбулаторыя, стала нясе варту і падраздзяленне МНС. Каля школы стаіць інтэрнат, у якім падчас навучання жывуць дзеці з аддаленых вёсак. Менавіта ў гэтым інтэрнаце размясціўся штат экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якое зладзіла экспедыцыю па раёну.

Край у пошуках веры

У школьным двары, дзе знаходзіцца дом былога дырэктара, які кіраваў навучальнай установай 20 гадоў, звініць дзятва: практыкуюцца на градах, вырошчваюць гародніну для страў у школьную сталоўку. «Дырэктар», які прадставіўся Віктарам, чалавек камунікабельны. Распавядае, у якія куточкі раёна можна зазірнуць, каб убачыць штосьці асаблівае. На пытанне, чаму ў вёсках ні на ўездзе, ні на выездзе няма крыжоў, адказвае: «Шумілінскі раён вельмі атэістычны — пастаралася савецкая ўлада. У самім гарадскім пасёлку царква да гэтага часу не пабудаваная — службы ідуць у будынку былога раённага суда. Вы ўяўляеце! У будынку, дзе судзілі людзей, — царква!» — эмацыйна падкрэслівае спадар Віктар. І рэкамендуе з’ездзіць на закінутыя могілкі, дзе, па яго словах, пахаванні сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Калодзеж-журавель

Сапраўды, атэізм прайшоўся па Шумілінскім раёне маштабна. У вёсцы Сураўні на поўнач ад Шуміліна прыхаджане пераўтварылі ў царкву былы дом — іншага выйсця не было. «Скідваліся на яго ўсёй грамадой», — кажа стараста вёскі. «А ці былі тыя, хто не скідваўся?» — пытаюся я. «Былі два чалавекі, але яны і ў царкву не ходзяць».

Магчыма, адна з прычын атэізацыі раёна — найбольшая колькасць паваенных (пасля Другой сусветнай вайны) пахаванняў і брацкіх магіл у Віцебскай вобласці. Сапраўды, куды ні паедзеш па раёне, убачыш помнік савецкаму воіну — і мужчыне, і жанчыне. А чырвоная зорка, як вядома, не трывае суседства з крыжам.

Да могілак, на якія паказаў «дырэктар» Віктар, не так проста дабрацца. Мінуўшы апошнюю вёску, едзем па разбітай дарозе. Вакол сцяной стаяць дрэвы — нібы прадзіраемся скрозь гушчар. Дарога заканчваецца, далей трэба ісці полем, трава сягае аж да грудзей.

Могілкі знаходзяцца на ўзгор­ку, які непраходна зарос дрэвамі. Прыходзіцца літаральна прадзірацца праз іх. Думаеш, можа, памыліўся, і тут нічога акрамя зарасніку няма. Але — натыкаешся на каменныя ўмацаванні, і разумееш, што гэта менавіта тое месца. Увесь верх пагорка па дыяметры (а гэта метраў сто) абкладзены заімшэлым каменным поясам. Шырыня пояса — да паўметра. Абыходжу ўзгорак, знаходжу першыя могілкі на знешнім баку каменнага пояса — яны без помнікаў, толькі жалезныя крыжы. І раптам — ва ўнутранай частцы каменнага пояса бачу пахаванне: помнік, а на ім — частка калоны. Верх калоны адбіты (як удалося потым высветліць у гутарцы з мясцовымі жыхарамі, ён быў метра паўтара вышынёй), таблічку з імем і гадамі жыцця — адарвалі. І, што самае непрыемна, пахаванне раскапанае. Адразу ўспамінаю словы «дырэктара» пра атэістычны край.

Марадзёры, відаць, — суцэльная навала гэтых мясцін. Вось яшчэ прыклад. На тэрыторыі раёна знаходзіцца Казьянскі заказнік. А пад яго шатамі затаіліся старажытныя Крывінскія курганы 5–6-тысячагадовай даўніны. Археалагічныя раскопкі на курганах не вяліся, але марадзёрам не трэба браць дазвол у дзяржаўных інстанцыях. То адзін курган раскапаны, то другі. Невядома, ці знайшлі штосьці каштоўнае для сябе д’яблавы шукальнікі, але шнары па нашай памяці і гісторыі нанеслі.

Яшчарка з Казьянскага заказнiка

У Казьянскім заказніку колькасць дзікіх жывёл — мядзведзяў, ласёў, лісіц, дзікоў, рысяў — па словах адной местачкоўкі, «от і до». У лесе, дзе курганы, галлё трышчыць ад іх тупату і справа, і злева. Дастаткова зайсці з дарогі ў лес метраў на сто, каб знайсці лежбішча лася. Але, як ні прыкра, самымі здзічэлымі асобамі ў запаведніку з’яўляюцца марадзёры.

Маскоўскія могілкі

Звычайна людзі звыкаюцца з культурным ландшафтам той мясцовасці, дзе яны жывуць. І ўспрымаюць антрапалагічныя краявіды як нешта натуральнае. Але не заўсёды. Могілкі старавераў і вялізны валун — тыя асаблівасці, пра якія абавязкова ўзгадваюць мясцовыя жыхары поўначы Шумілінскага раёна, калі распавядаюць пра свой край. Праўда, што гэта могілкі старавераў, адразу не зразумець. Бо мясцовыя называюць іх «маскоўскімі могілкамі», а людзей, што там пахаваныя, — «маскалямі». Шумілінцы лічаць, што спосаб пахавання старавераў больш дасканалы, бо дазваляе душы хутчэй узняцца на неба.

Могiлкi старавераў

Вёска Шавекі, дзе знаходзіцца валун, нежылая. Закінутыя дамы, пабітае шкло, разабраныя сцены — усё зарасло. Мост праз рэчку Обаль таксама разабраны, таму даехаць да былой вёскі цяпер няпроста. У двары аднаго з разбураных часам і людзьмі дамоў і ляжыць валун. Нягледзячы на вялікасць, яго трэба яшчэ пашукаць. Наш праваднік з мясцовых водзіць паўгадзіны. Валун — сведка не проста часу, а тысячагоддзяў, для якога лёс вёскі прайшоў як імгненне. Праз тысячы год ад паселішча нічога не застанецца, а валун будзе ляжаць. (Знайсці яго можна па каардынатах: N55˚34’6.9’’, EO 29˚33’07.2’’). Зразумела, што на знікненне вёскі ўплываюць агульнасусветныя ўрбаністычныя працэсы. Але часткова гэта і бязвер’е ў яе будучыню, у тое, што на зямлі зноў з’явіцца Гаспадар.

Карані гэткага песімізму хаваюцца ў няпростым лёсе вяскоўцаў. Як вядома, калектывізацыя закранула шумілінскі край яшчэ перад Другой сусветнай вайной, раскулачванне ў 30-х гадах было асабліва жорсткім, не раўня лагоднаму і амаль бяскроўнаму раскулачванню заходнікаў пасля вайны. Потым — цяжкая праца ў калгасе. Бабулі распавядаюць, што 6–7-гадовымі дзяўчынкамі яны разам з маці валілі лес. Калі дзяўчынка не магла пілаваць, яна біла нагой па спілаваным дрэве, каб яно ўпала. Ніна Пундалава 1940 г.н. кажа пра свае дзіцячыя і дзявочыя працоўныя гады: «Каго я толькі ні пасвіла — аднаго чорта не пасвіла. А каб паступіць куды вучыцца — трэба было адпрацаваць у калгасе два гады. Толькі тады адпускалі». Спадарыні Пундалавай у 1944-м было чатыры, але яна добра памятае зіму пачатку таго года. «Я тады жыла ў Гарадоцкім раёне, у вёсцы Хамёнкі. Савецкіх салдат, пабітых немцамі, было тысячы. Іх закапвалі разам, прама ў адну яму. А потым, ужо пасля вайны, — распавядае яна, — з гэтага месца ўзялі коўш зямлі, і прысыпалі да помніка ў вёсцы Кавалі. А само гэта месца пахавання зараўнялі. Цяпер там лес расце. Вы паедзьце ў Хамёнкі, там вам любы стары чалавек гэта месца пакажа», — распавядае яна з вялікім неразуменнем усёй гэтай сітуацыі. Пазней я пацікавіўся ў свайго знаёмага з пошукавага батальёна, як магло такое быць? І ён адказаў, што для савецкага часу гэта цалкам натуральная з’ява.

Закiнутая хата ў вёсцы Шавекi

«Ратункі!»

Нягледзячы на блізкасць да Расіі, вясковыя шумілінцы гавораць збольшага па-беларуску. Сустракаюцца цікавыя словы ці абароты: «малец» — гэта «хлопец», а слова «ратункі!» — «ратуйце!». Але знайсці бабулю, якая праспявала б добрую старадаўнюю беларускую песню, — складана. Спяваць ці ўвогуле адмаўляюцца, ці напяваюць слязлівыя рамансы мінулага стагоддзя. Па словах Сяргея Доўгушава з гурта «Vuraj», адрозненне Шумілінскага раёна ад палескіх вёсак — кардынальнае. «На Палессі зойдзеш у любую хату, і там бабуля заспявае», — кажа ён.

Як вядома, чалавек спявае, калі мае надзею і веру ў будучыню. А зараджаны бацылай атэізму, аддае сябе на зацягванне ў багну будзённых спраў. А потым нават і будзённыя рэчы становяцца абрыдлымі. Куды ўжо тут да спеваў!

Сапраўды, бязвер’е да лепшай долі і да будучыні закранула частку мясцін Беларусі. Але, радуе тое, што сёння можна чуць шчырую народную песню, якую пяюць маладыя галасы з таго ж Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Ёсць спадзеў, што яна кране і самыя аддаленыя куткі нашай краіны.

Каментаваць