Выстава Алеся Мары “Ад Мірона да крымнашыстаў” (фота)

Вечарам 1 кастрычніка ў Мінску адбылася выстава твораў выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча, аднага з пачынальнікаў і лідараў апошняй хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння Алеся Мары (Аляксея Марачкіна), які ў бягучым годзе адзначыў сваё 75-годдзе.



У экспазіцыі “Ад Мірона да крымнашыстаў“ — больш за 10 вострасюжэтных твораў сацыяльна-палітычнай тэматыкі, напісаных з пачатку 1980-х гадоў. Сярод іх створанае ў 1981-1984 гадах палатно-прароцтва “Воблака” (першапачатковая назва “Чучундра балотная”) — прадчуванне Чарнобылю. Дарэчы, гэтую яскравую і запамінальную працу з пачварай птушкай-мутантам, з незвычайным па форме і смяротным па сутнасці воблакам камуністычныя ідэолагі забаранілі экспанаваць на ўсесаюзнай выставе ў маскоўскім “Манежы”. Аднак пазней “Воблака” Аляксея Марачкіна было ўключана ў шматтомнае выданне, прысвечанае мастацтву народаў СССР.

Сярод прадстаўленых твораў — жывапісныя рэфлексіі Алеся Мары на агрэсію Расеі супраць Украіны, на ідэю і рэаліі “русского мира”, а таксама на беларуска-расейскае супрацоўніцтва.     

Як адзначыў старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў, глыбокія і актуальныя творы Алеся Мары навек увойдуць у залаты фонд беларускага выяўленчага мастацтва.

Сваімі песнямі вечарыну аздобіў беларускі бард Зміцер Захарэвіч. 

Каментаваць