Выстава графікі польскіх мастакоў Барбары Тыткі і Марціна Бяласа

Вечарам 24 чэрвеня ў Мінску, у Дзяржаўным музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, адкрылася выстава графiкi Барбары Тыткі і Марцiна Бяласа (Польшча).



Гэтая сямейная пара — выпускнікі майстэрні глыбокага друку Акадэміі мастацтваў у горадзе Катавіцы. Барбара і Марцін — адрозныя па стылю папулярныя на сваёй радзіме мастакі, якія спрыяюць фармаванню новага вобраза сучаснай польскай графікі. За свае аўтарскія калаграфіі з цыкла “Чалавек” і “Укладанка” Барбара Тытка ў 2006 годзе адзначана галоўнай конкурснай ўзнагародай на Міжнародным трыенале графікі ў Кракаве. Марцін Бялас пасля атрымання дыплома, адзначанага медалём, стаў асістэнтам у майстэрні глыбокага друку. Сёння ён кіруе майстэрняй малюнку для студэнтаў кафедры графікі Катавіцкай акадэміі мастацтваў. Марцін адзначаны ўзнагародамі міжнародных трыенале графікі ў Каіры (Егіпет), Варшаве і Фрэхене (Германія).

Фрагмент экспазіцыі

Барбара і Марцін — вучні вядомага прафесара Катавіцкай акадэміі мастацтваў Яна Шматлоха, які таксама выстаўляўся некалькі гадоў таму ў Мінску, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў, вядомы графік Рыгор Сітніца назваў “цудоўнай” экспазіцыю, якая прадстаўляе адметную ў Еўропе катавіцкую школу графікі. Паводле ягоных слоў, Богам і гістарычным лёсам наканавана, каб беларускія і польскія мастакі, продкі якіх амаль пяць стагоддзяў жылі ў адной дзяржаве, сябравалі,  супрацоўнічалі і памнажалі ўсё лепшае, што ёсць у культурнай скарбніцы народаў-суседзяў.  

Цікавая і арыгінальная выстава, арганізаваная музеем сумесна з Інстытутам Польскім у Мінску, працуе па 12 ліпеня.

Каментаваць