Выстава пра Курапаты — у амбасадзе ЗША (абноўлена)

Напярэдадні Дня волі, 24 сакавіка ў Мінску ў амбасадзе ЗША адкрылася дакументальна-мастацкая выстава “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”.



Экспазіцыя, падрыхтаваная сябрамі грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і творцамі суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў пры падтрымцы іншых структураў грамадзянскай супольнасці, упершыню дэманстравалася ў сталічным Палацы мастацтва з 14 па 17 лістапада 2015 году.

На адкрыцці экспазіцыі прысутнічаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, які і запрасіў выставу разам з яе стваральнікамі ў амерыканскую амбасаду. Апроч таго, на адкрыццё былі запрошаныя дыпламаты краінаў Еўразвязу, Ізраілю і Украіны.

Скот Роланд аддзячыў арганізатарам выставы за тую ўвагу, якая надаецца тэме сталінскіх рэпрэсій, важнай для беларусаў і ўсяго свету. Дыпламат выказаў даніну павагі ахвярам сталінскіх чыстак, для каго гэтая тэма вельмі баплючая, таму што іхныя родныя былі забітыя так бессаромна і неапраўдана.

Ён апавёў, што не раз з калегамі, афіцыйнымі асобамі з ЗША і сям’ёю вяртаўся ў Курапаты, каб дапамагчы ім зразумець жудасную трагедыю, якую Беларусь перажыла падчас сталінскіх рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.

Сваю ідэю паказаць выставу ў амбасадзе ЗША спадар Скот Роланд матываваў тым, што быў глыбока ўражаны экспазіцыяй і спробамі беларускіх мастакоў адлюстраваць гэтую балючую тэму. Апроч таго, ідэя запрасіць выставу нарадзілася пасля таго, як дыпламат даведаўся, што экспазіцыя ў Палацы мастацтва будзе дэманстравацца ўсяго толькі тры дні.

“Праз выставу і яе сённяшняе адкрыццё мы нагадваем людзям, асабліва моладзі, пра трагедыю, што мела месца ў Курапатах. І спадзяемся пераканаць іх рабіць усё магчымае, каб такая трагедыя больш не паўтарылася”, — сказаў спадар Скот Роланд.   

Амерыканскія дыпламаты і госці амбасады пазнаёміліся з экспазіцыяй, якая распавядае пра Курапаты — сімвал змагання за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.  У васьмі раздзелах выставы (Эксплікацыя, Адкрыццё, Ушанаванне, Абарона, Тэрыторыя, Даследаванне, Каты, Расстраляныя) дэманструюцца копіі і здымкі выяўленчых, пісьмовых і рэчавых матэрыялаў, якія сведчаць пра пакуты нацыі і мінулае Курапатаў.

На стэндах — здымкі першаадкрывальнікаў Курапатаў Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва, копія іх артыкулу ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” (галоўны рэдактар Анатоль Вярцінскі) ад 3 чэрвеня 1988 году “Курапаты — дарога смерці” з прадмовай Васіля Быкава, матэрыялы пра першае шэсце ў Курапаты 18 чэрвеня 1988 году і шэсце на Дзяды 30 кастрычніка 1988 году, пад час якога адбыўся разагнаны міліцыяй мітынг, дзе ўпершыню ў гісторыі БССР быў публічна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг, рэпрадукцыя фота невядомага аўтара з архіву археолага Міколы Крывальцэвіча пра гістарычную сустрэчу ў Курапатах 15 снежня 1994 году беларускіх навукоўцаў з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, копія здымку пчаляра з вёскі Скібічы Драгічынскага раёну на Берасцейшчыне Сільвестра Мацкевіча, якога расстрэльвалі ў Курапатах у першыя дні германа-савецкай вайны, але не забілі… 

Сям’я даследчыка трагедыі ва ўрочышчы, журналіста Яўгена Гарэліка дала магчымасць упершыню дэманстраваць старонкі з яго працоўнага архіву. З збораў Уладзімера Кармілкіна і Георгія Ліхтаровіча ў экспазіцыю увайшлі рэдкія фота .

У выставе адлюстравана дзейнасць ва ўрочышчы актывістаў розных грамадскіх ініцыятываў і партый, у тым ліку КХП-БНФ, “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”, аргкамітэтаў Руху салідарнасці “Разам” і партыі БХД, арганізацый нацыянальных супольнасцяў. 

На выставе дэманструюцца творы вядомых беларускіх мастакоў — прысвячэнні Курапатам. Сярод іх — інсталяцыя з аўтэнтычных артэ-фактаў Генадзя Драздова, пластычная кампазіцыя Гэніка Лойкі пра трагічны лёс выбітных дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэння Францішка Аляхновіча і Браніслава Тарашкевіча, а таксама абраз Маці Божай Курапацкай усіх бязвінна расстраляных Аляксея Марачкіна.

Сярод тых, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі выставы, — археолагі, архівісты, архітэктары, гісторыкі, грамадскія дзеячы, журналісты, музыкі, пісьменнікі, фота- і кінамайстры, родзічы ахвяраў рэпрэсіяў, юрысты.

Некаторыя з іх былі запрошаныя на адкрыццё. Гэта грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка — аўтары шэрагу раздзелаў экспазіцыі, археолагі Валянціна Вяргей, Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў, якія забяспечвалі навуковае суправаджэнне выставы, архітэктар Вадзім Гліннік, які прадставіў матэрыялы пра першы конкурс на лепшы праект помніка ў Курапатах 1993 году, а таксама юрыстка Тамара Сяргей, якая падрыхтавала для дэманстрацыі шэраг дакументаў з судовых справаў у абарону народнага мемарыялу.

На мерапрыемства таксама былі запрошаныя першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, паэт і грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі, акадэмік Радзім Гарэцкі, Мая Кляшторная -- дачка расстралянага беларускага паэта Тодара Кляшторнага, заснавальнік і галоўны рэдактар газеты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч і старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій” Зінаіда Тарасевіч.

У адкрыцці бралі ўдзел бард Аляксей Галіч, салістка Беладзяржфілармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава, а таксама журналісты Галіна Абакумчык (Беларуская служба Радыё Свабода), Генадзь Барбарыч (Беларускае Радыё Рацыя) і Захар Шчарбакоў (інфармацыйнае агенцтва БелаПАН), якія добра ведаюць тэму Курапатаў, аб’ектыўна і рупліва яе асвятляюць.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-03-25 14:15:16
А 21 сакавіка ў кнігарні "Галіяфы" прайшла імпрэза да 120-годдзя паэта Майсея Кульбака (1896-1937), які таксама, верагодна, загінуў у Курапатах. Была прэзентавана яго кніга на ідышы і
беларускай "Эйбік/Вечна" (Мінск: Шах-плюс, 2016). http://belisrael.info/?p=6274

PS. Думаю, што журналістка "РС" Галіна - Абакунчык (не Абакумчык).

Каментаваць