Выставачна-тэатральны праект “Студыя “Палітра” ў Музеі сучаснага мастацтва

Выстава, прысвечаная 10-годдзю творчай рэабілітацыйнай студыі, адкрылася вечарам 10 верасня ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.



Афіша праекту


Прадстаўлены праект адлюстроўвае плённую працу студыі “Палітра”, якая знаходзіцца ў Першамайскім раёне сталіцы і дзейнічае пад кіраўніцтвам Галіны Кучарэнка. Многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, займаюцца ў студыі па ўнікальнай праграме актыўнай рэабілітацыі “Арт-тэрапія”.

Кіраўнік студыі Галіна Кучарэнка

Дзесяцігадовая дзейнасць “Палітры” даказвае, што рэабілітацыя праз камунікацыю і творчую дзейнасць магчымая, што людзі з абмежаванымі мажлівасцямі могуць знайсці свой годны і паўнавартасны шлях. Таму прыклад рэабілітацыйнай працы студыі варты падтрымкі, працягу і пашырэння.

Наталля Лясніцкая “Незабыўны Талін”

Сёння “Палітра” мае шмат паспяховых кірункаў дзейнасці: працуе мастацкая студыя, створаны тэатр, вядзецца актыўная выставачная дзейнасць. Вялікая ўвага надаецца прыродатэрапіі і камунікаванню. Акрамя таго, у  студыі праводзяцца заняткі па пластыцы руху і танцах, вандроўкі па славутых мясцінах для знаёмства з помнікамі нацыянальнай гістарычнай спадчыны, наведванні мастацкіх галерэй, вечары, святы, сябрам творчага аб’яднання аказваецца індывідуальная псіхалагічная дапамога.

Фрагменты экспазіцыі

 

Як адзначалася падчас адкрыцця выставы, непрафесійнае, інтуітыўнае, спантаннае мастацтва заўсёды выклікала асаблівую цікавасць з боку гледачоў і калекцыянераў, а таксама даследчыкаў.

Мастацкі кірунак, які шырока распаўсюдзіўся ў сярэдзіне ХХ стагоддзя — арт-брут, ці мастацтва аўтсайдараў, — з’яўляецца значным феноменам і ў сучасным творчым асяроддзі. Гэтае мастацтва не арыентуецца на каноны, у ім няма месца выверанаму сюжэту і кампазіцыі, маштабу, ценю і аб’ёму, якія абавязкова прысутнічаюць у прафесійным выяўленчым мастацтве.

Знаходзячыся па-за культурнай мовай соцыуму, аўтары не звяртаюцца да агульнапрынятых умоўных знакаў, а застаюцца ў рамках суб’ектыўнага ўспрымання навакольнай рэчаіснасці або звяртаюцца да эпізодаў штодзённага жыцця. Сёння мастацтва аўтсайдараў знаходзіцца ў неразрыўнай сувязі з арт-тэрапіяй, якая служыць развіццю і гарманізацыі асобы. Кірункі арт-тэрапіі адпавядаюць відам мастацтва, а колькасць тэхнік фактычна неабмежаваная.

Гульнар Рафікава “Нацюрморт з зялёнай бутэлькай”

У экспазіцыі дэманструюцца каля 40 мастацкіх прац сяброў студыі.

 Наталля Сакалова “Цішыня”

Падчас выставы, якая працуе да 21 верасня, можна пазнаёміцца з тэатральным, канцэртным і арганізацыйным жыццём “Палітры”. Так, 11 і 12 верасня а 18.30 у музеі адбудуцца спектаклі “Снежная каралева” і “Папялушка”, 19 верасня — семінар “Арт-тэрапія сёння”.

Анастасія Мартынава “Вясна ідзе”

У адкрыцці выставы ўдзельнічалі сябры студыі, іх сваякі, а таксама мастацтвазнаўцы і педагогі. 

Фота аўтара

Каментаваць