Выступ кандыдата ў дэпутаты спрабуюць цэнзураваць на радыё

На радыёстанцыі «Мінская хваля» кандыдату ў дэпутаты настойліва парэкамендавала зняць частку выступу.

Сёлета, падчас выбарчай кампаніі, кандыдатам у дэпутаты мясцовых Саветаў прадстаўляецца выступ на радыё не больш за тры хвіліны, прычым выступы не будуць транслявацца ў жывым эфіры, а падавацца ў запісе.

Скарыстаўшыся прадстаўленай яму магчымасцю, кандыдат у дэпутаты па 28-й Барысаўскай цэнтральнай выбарчай акрузе Аляксандр Абрамовіч, які балатуецца ў Мінскі абласны Савет, звярнуўся да дырэктара радыёстанцыі «Мінская хваля» Тамары Вяцкай.

Выступ кандыдата быў запісаны ў студыі і скарочаны аўтарам да неабходных па заканадаўству 3 хвілінаў. Затым з тэкстам азнаёмілася Тамара Вяцкая і настойліва парэкамендавала зняць частку выступу, які, па яе меркаванні, не можа прагучаць у радыёэфіры.

У частцы сваёй выбарчай праграмы Аляксандр Абрамовіч, заклікаючы да аднаўленні парадку на Міншчыне, гаворыць аб магчымасці азнаямлення з некаторымі афіцыйнымі дакументамі дзейнасці Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання:

“…у прыватнасці, шляхам уважлівага азнаямлення з заключэннем Спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета РБ 13-га склікання па прававой ацэнцы дзеянняў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”.

 

 Нагадаем, што Спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета 13-га склікання ў сваім заключэнні ацаніла правядзенне рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, як парушэнне ч.2 ст.3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, за якое прадугледжаная крымінальная адказнасць паводле арт. 357 КК Рэспублікі Беларусь (захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Бачна, што ўрывак з выступу кандыдата не ўтрымлівае заклікаў да вайны, гвалту або выступленняў на карысць расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку або здароўю і маральнасці насельніцтва — усіх тых выказванняў, якія падпадаюць пад паняцце дапушчальных абмежаванняў свабоды выказвання меркавання.

Менавіта таму гаворка тут можа весціся пра палітычнае цэнзураванне тэксту выступу кандыдата з боку кіраўніцтва “Мінскай хвалі”. 

Дарэчы, выступ Аляксандра Абрамовіча на радыё павінен прагучаць 31 студзеня пасля 18 гадзін. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-01-31 13:27:59
Кандыдат "...гаворыць аб магчымасці азнаямлення з некаторымі афіцыйнымі дакументамі дзейнасці Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання:" А некаторых дакументаў тых часоў у публічнай бібліятэцы няма? У лістападзе 1996 года Лукашэнка зрабіў правільна. Бо каб ён не зрабіў лістападаўскі рэферэндум, то (1) ён ня быў бы самім сабой і ня быў бы кіраўніком дзяржавы; (2) у гэты момант ніхто з нас, і дэпутаты ВС 13 скл у тым ліку, не бачылі ў Лукашэнку кіраўніка дзяржавы; (3) наступствы рэферэндуму-1996 далі магчымасць эвалюцыйна развівацца беларускай эканоміцы і дзяржаве. Ўсё разам гэта пэвалюцыйныя часы пасля набыцця незалежнасці. Не прававыя (Чего изволите? чай, кофу, падтанцаваць?), а рэвалюцыйныя. Ў нашым выпадку бальшавіцкіе, бо ўлада засталася ў беларускіх бальшавікоў былой КП(б)Б. А Лукашэнка іх хлопец - беларускіх бальшавікоў.
  • Anatol Starkou
  • 2018-01-31 13:37:48
"Гаворка тут можа весціся пра палітычнае цэнзураванне тэксту выступу кандыдата з боку кіраўніцтва “Мінскай хвалі”." А з боку НЕЗАЛЕЖНЫХ СМІ ня можа весціся гаворка аб цензураванні тэксту каментаў ці артыкулаў, якія яны не друкуюць? Га? Б-ч-б незалежныя СМІ такія бел-чырвона-белыя, такія чыстыя і пушыстыя...

Каментаваць