«Вызваліце майго мужа!»: у Лондане пікетавалі беларускую амбасаду

У панядзелак, 12 сакавіка, каля будынку амбасады Беларусі ў Лондане сабраліся пратэстоўцы, неабыякавыя да лёсу вязняў у беларускіх турмах. Яны патрабавалі свабоды для англічаніна Алана Сміта, японца Дайчы Ёшыды і беларуса Алеся Юркойця.

Зарганізавала пікет Магдалена — жонка зняволенага ў ВК-3 (Віцебск) грамадзяніна Вялікабрытаніі Алана Сміта. Яна ўжо доўгі час беспаспяхова вядзе барацьбу за вызваленне свайго мужа, які быў асуджаны за нібыта садзейнічанне незаконнай міграцыі.

Чытайце таксама:

Падтрымайма англічаніна Сміта!


Удзел у пікеце ўзялі прыкладна пятнаццаць чалавек, большасць з якіх склалі сваякі і сябры Алана. Жонка зняволенага і арганізатарка пікету Магдалена паспрабавала перадаць свой зварот беларускаму консулу, але той адмовіўся прыняць ліст асабіста, прапанаваўшы скарыстацца паштовай скрыняй.
Нягледзячы на тое, што Алан адседзеў ужо больш за палову прысуджанага тэрміна, яму не даюць умоўна-датэрміновага вызвалення, бо ён адмаўляецца прызнаваць віну ў інкрымінаваным злачынстве.

Чалавеку, які валодае толькі англійскай мовай і не мае сваякоў у Беларусі, сядзець ва ўмовах беларускай калоніі значна цяжэй, чым звычайнаму зняволенаму.


«З верасня 2016 я знаходжуся ў страху за жыццё майго каханага. У нас амаль няма кантакту, мы не можам пабачыць адзін аднога — толькі пісаць лісты, але нават гэтую магчымасць у нас забіраюць. Алан пазбаўлены ўсяго — кніг, вітамінаў, тэлефонных званкоў, магчымасці спаткання з сям’ёй... Нават ягоных сяброў па калоніі, якія ведаюць англійскую мову, перавялі ў іншы будынак, і ў выніку ён не можа разлічваць на нічыю дапамогу.  

Я прашу прэзідэнта Лукашэнку вярнуць мне майго Алана, з якім мы разам ужо 11 гадоў. Мы былі нармальнай шчаслівай парай і ніколі не былі крымінальнікамі»,
— гаворыць у сваім звароце жонка вязня.

Пікетоўцы звярнулі ўвагу і на лёс двух іншых зняволеных па гучных справах.

Японскі мастак і калекцыянер зброі Дайчы Ёшыда быў асуджаны на чатыры з паловай гады за тое, што, вандруючы з Кіева ў Токіё праз Мінск, вёз з сабою фрагменты антыкварнай зброі. Краязнавец Алесь Юркойць быў асуджаны ў гучнай «справе мытнікаў», віну адмаўляе.

Брытанская паліцыя пікетаванню не перашкаджала.


Крыніца: старонка падтрымкі Алана Сміта.
Фотаздымкі прадстаўлены арганізатарам акцыі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць