XII з’езд ТБМ. Беларускае грамадства заклапочана стратай роднай мовы

Што найбольш прыемна ўразіла падчас чарговага з’езду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, што адбыўся 2 лістапада ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтра імя Ёханэса Рау?



Па-першае, нармальны фінансавы стан ТБМ, дзякуючы, у першую чаргу, унёскам фундатараў і ахвярадаўцаў з розных куткоў Беларусі і замежжа. Сярод іх — Андрэй Міцкевіч, Павел Бераговіч з Таліна (Эстонія), сям’я Прыгожыных з Масквы (Расія), Фелікс Шкірманкоў з Слаўгарада Магілёўскай вобласці і Алег Лягушаў са станцыі Ясень Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны. 

Па-другое, шырокае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у працы грамадскага аб’яднання. Так, пад кіраўніцтвам намесніка старшыні ТБМ Дзяніса Тушынскага рыхтуецца падрабязны дакумент з комплексным аналізам моўнай сітуацыі і стану моўных правоў у Беларусі. Крыніцамі інфармацыі будуць запыты ў органы ўлады і паведамленні з месцаў сяброў ТБМ і іншых людзей. Плануецца не толькі зрабіць шматаспектны зрэз моўнай сітуацыі па ўсіх рэгіёнах краіны і асноўных сферах грамадскага жыцця, аднак і адлюстраваць вынікі гэтага даследавання ў маштабнай справаздачы, а таксама ў інтэрактыўнай версіі “Атласу моваў свету, якім пагражае знікненне” ЮНЭСКА.

Па-трэцяе, заклапочанасць ТБМ станам роднай мовы нарэшце пачала даходзіць да беларускага грамадства. Па выніках ліпеньскага апытання, праведзенага супрацоўнікамі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сярод найбольш вострых пагрозаў для краіны на бліжэйшую чвэрць стагоддзя грамадзяне Беларусі назвалі страту роднай мовы разам са змяншэннем колькасці насельніцтва з-за нізкай нараджальнасці і высокай смертнасці, з п’янствам і алкагалізмам, наплывам мігрантаў, экалагічнымі праблемамі і зніжэннем узроўню жыцця.

Астатняе на з’ездзе было традыцыйным: віншаванні, справаздачы, выбары новага кіраўніка, якім у чарговы раз стаў выбітны беларускі гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Алег Трусаў, і заявы. На гэты раз дэлегаты з’езду падтрымалі зварот у Канстытуцыйны суд аб узбуджэнні вытворчасці па справе аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, а таксама зварот ва ўрад аб вяртанні беларускай мовы ў вышэйшую адукацыю Беларусі.   

Трэба мець на ўвазе, што ТБМ з’яўляецца адным з самых буйных грамадскіх аб’яднанняў краіны, якое лучыць больш за 7 тысяч чалавек у больш за 60 арганізацыйных структурах і супрацоўнічае з 28 грамадскімі аб’яднаннямі Беларусі. Сярод найбольш важкіх справаў ТБМ — дзейнасць беларускамоўнага тэлеканалу Белсат (Эдуард Мельнікаў і Сяргей Кручкоў), штогадовая агульнацыянальная дыктоўка (Уладзімір Падгол), папулярныя, асабліва сярод моладзі, курсы па вывучэнні беларускай мовы і яе актыўнаму ўжыванню ў штодзённым жыцці (Алеся Літвіноўская, Глеб Лабадзенка, Аляксей Шэін і Франак Вячорка), праца анамастычнай камісіі (Вінцук Вячорка), а таксама прасоўванне беларускай мовы ў транспарце. Грамадскае аб’яднанне выдае газеты “Наша  слова” і “Новы час”, а таксама літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень”.

На здымках — моманты з’езду

Фота Марата Гаравога

Каментаваць