З 4 мая галадуе зняволены калоніі ў Оршы Андрэй Федаровіч

Зняволены папраўчай калоніі №8 у Оршы (Віцебская вобласць) мінчанін Андрэй Федаровіч галадуе з 4 мая. Як распавяла маці асуджанага, Тамара Федаровіч, пра галадоўку сына ёй стала вядома з ліста ад Андрэя. Ён паведаміў маці, што днямі атрымаў адмоўны адказ з Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь на сваю чарговую наглядную скаргу.

Зняволены папраўчай калоніі №8 у Оршы (Віцебская вобласць) мінчанін Андрэй Федаровіч галадуе з 4 мая. Як распавяла маці асуджанага, Тамара Федаровіч, пра галадоўку сына ёй стала вядома з ліста ад Андрэя. Ён паведаміў маці, што днямі атрымаў адмоўны адказ з Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь на сваю чарговую наглядную скаргу.

12 снежня 2010 года Андрэй Федаровіч судом Першамайскага раёна горада Мінска быў прызнаны вінаватым у незаконным набыцці, перавозе і захаванні наркатычных сродкаў у буйным памеры з мэтай збыту. Суд пакараў Федаровіча 9 гадамі папраўчай калоніі строгага рэжыму. Пры вынясенні прысуду суд кіраваўся тым, што Андрэй раней прыцягваўся да адказнасці за злачынства, прадугледжанае артыкулам 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў).

Пад час судовага працэсу Федаровіч не адмаўляў факту набыцця, перавозкі і захоўвання макавай саломкі вагой каля 1,5 кг, якую ён ў верасні 2009 года набыў за 200 тысяч рублёў у адной “спагадлівай вясковай бабулі з Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Хаця Андрэй і раней прыцягваўся да адказнасці па артыкулу 328 КК РБ, ён ніколі не абвінавачваўся ў збыце альбо спробе збыту наркатычных сродкаў. Мужчына проста доўгі час ужываў наркотыкі. Але ў апошнія гады Андрэй здолеў сябе перамагчы і адмовіўся ад гэтага дурману. Перад сваім затрыманнем ён каля года працаваў на адным месцы і кіраўніцтва сталічнага прадпрыемства дало яму станоўчую характарыстыку.

Згодна з заключэннем экспертаў, у Федаровіча захавалася залежнасць ад наркатычных сродкаў. І калі ў Андрэя здарыліся сямейныя непрыемнасці, ён прыдбаў макавую саломку. Больш за месяц гэтая саломка захоўвалася дома ў Федаровіча, пакуль не была знойдзена супрацоўнікамі міліцыі. У судовым пасяджэнні Андрэй сказаў: “Захоўваў, таму што не змог адразу знішчыць, рука не падымалася (…) Я думаў ужыць яе сам, але ўпарта адганяў ад сябе гэтыя думкі. Карыслівай мэты ў мяне не было. Было цяжка зніштожыць наркотык.

26 сакавіка 2003 года пленум Вярхоўнага суда прыняў пастанову “Пра судовую практыку па справах аб злачынствах, звязаных з наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі і іх прэкурсорамі, моцнадзеючымі і ядавітымі рэчывамі. Пастанова была прынятая на выснове судовай практыкі дзеля “правільнага і аднолькавага прымянення судамі заканадаўства аб адказнасці за гэтыя злачынствы. Згодна з пастановай, пра наяўнасць намеру на збыт наркотыка могуць указваць, у тым ліку, і такія абставіны, як значны аб’ём наркатычных сродкаў, а таксама набыццё гэтых сродкаў асобай, якая іх не ўжывае. Трэба звярнуць ўвагу на тое, што значны аб’ём наркотыкаў, а таксама набыццё гэтых сродкаў асобай, якая іх не ўжывае, могуць указваць, але могуць і не ўказваць пра наяўнасць намеру на збыт наркотыка.

Суд палічыў, што ў Федаровіча быў выяўлены значны аб’ем наркотыка, хаця пастанова не канкрэтызуе сэнс гэтага паняцця. Суд таксама палічыў, што Андрэй з’яўляецца асобай, якая не ўжывае наркотыкі, забыўшыся на тое, што судова-псіхалагічная экспертыза прызнала: мужчына пакутуе сіндромам наркатычнай залежнасці. Акрамя таго, суд палічыў, што пра наяўнасць намера на збыт наркотыка сведчыць факт яго драбнення і расфасоўкі па пакетах. Гэты факт Федаровіч на судзе растлумачыў так: расфасаваў саломку ў пакеты з-пад гарбаты дзеля таго, каб схаваць ад маці. Нягледзячы на тое, што пакеты з наркотыкам мелі розную вагу (ад 24, 22 г. да 142, 55 г.), суд зрабіў выснову, што “усе 14 пакетаў мелі практычна аднолькавую вагу, гэта значыць былі гатовыя для збыту. Ні папярэдняе, ні судовае следствы не выявілі іншых доказаў наяўнасці намеру на збыт і саміх фактаў збыту наркотыкаў. Тым не менш, суд прызнаў Федаровіча вінаватым і вызначыў яму суровае пакаранне.

Андрэй неаднаразова звяртаўся ў Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з нагляднымі скаргамі, але заўсёды безвынікова. Пасля адмовы на свой апошнюю скаргу ён 4 мая ў знак пратэсту пачаў галадоўку, пра што паведаміў лістамі ў Вярхоўны суд і Генпракуратуру. Кіраўніцтва папраўчай калоніі №8 у Оршы 12 мая пацвердзіла маці — Тамары Мікалаеўне Федаровіч факт галадоўкі яе адзінага сына. Дарэчы, бацька Андрэя памёр, а яго маці ідзе 74-ы год.
 

Каментаваць