З’езд АГП адбудзецца ў любым выпадку

Крыху больш за тыдзень застаецца да чарговага з’езда Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), але дагэтуль не вызначана, дзе будзе праходзіць партыйны форум. Пра гэта 20 сакавіка на прэс-канферэнцыі паведамілі кіраўнікі АГП Анатоль Лябедзька і Леў Марголін.



Крыху больш за тыдзень застаецца да чарговага з’езда Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), але дагэтуль не вызначана, дзе будзе праходзіць партыйны форум. Пра гэта 20 сакавіка на прэс-канферэнцыі паведамілі кіраўнікі АГП Анатоль Лябедзька і Леў Марголін.

Па словах намесніка старшыні АГП Льва Марголіна, на з’езд, які адбудзецца 31 сакавіка, чакаецца прыбыццё 180 дэлегатаў, а таксама гасцей і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. “Таму вельмі праблематычным было б правядзенне форума ў сядзібе партыі. Два з паловай месяцы таму кіраўніцтва АГП накіравала лісты ў 11 установаў, якія маюць адпаведныя памяшканні, з просьбай прадаставіць залу для правядзення партыйнага мерапрыемства. З пяці такіх установаў ужо прыйшлі адмовы ў прадастаўленні памяшкання. З іншых пакуль няма ніякіх адказаў, — паведаміў палітык.

Леў Марголін мяркуе, што і тыя адказы, якія прыйдуць з іншых установаў, таксама могуць быць адмоўнымі. “Таму 12 сакавіка мы накіравалі два лісты ў Мінскі гарвыканкам і Міністэрства юстыцыі з паведамленнямі, што ёсць пагроза ажыццяўленню нашай статутнай дзейнасці, таму патрабуецца дапамога ад гэтых дзяржаўных структур. Пакуль што там таксама маўчаць. Улічваючы, што да з’езда застаецца няшмат часу, пагроза зрыву мерапрыемства робіцца рэальнай. Надзеі яшчэ ёсць, але галоўнае, што мы будзем праводзіць з’езд у любым выпадку, нават тады, калі не атрымаем памяшкання. У нас ужо ёсць адпаведныя напрацоўкі, — заявіў намеснік старшыні АГП.    

Кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што на з’ездзе плануецца прыняць некалькі важных дакументаў. “У першую чаргу, гэта стратэгія партыі — дакумент, над якім мы працавалі дастаткова доўга і плённа. Гэта той калідор, па якім мы пойдзем наперад. Акрамя таго, мы зробім чарговую спробу ўнесці змены ў наш статут. На папярэднім з’ездзе такія спробы былі зроблены, але Міністэрства юстыцыі адмовіла нам у наданні ім юрыдычнай прававой сілы. Тым не менш, мы робім чарговую спробу, бо гэта надасць дынамікі нашым дзеянням, недзе спросціць бюракратычныя працэдуры, створыць умовы для больш мабільнай дзейнасці, — падкрэсліў Анатоль Лябедзька. Палітык удакладніў, што маецца на ўвазе актывізацыя такой дзейнасці, як моладзевы накірунак, праца з пенсіянерамі, дзейнасць жаночай арганізацыі, якая ідэалагічна блізкая да АГП. “Важна, каб не стваралася ўражанне, што гэтая арганізацыя дзейнічае як незарэгістраваная структура, каб для іх не было крымінальных наступстваў паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса. Гэта пытанне бяспекі нашых людзей, і мы павінны пра гэта дбаць і клапаціцца, — адзначыў старшыня АГП.  

Палітык паведаміў, што напярэдадні з’езду прайшлі сем канферэнцыяў, змянілася больш за 30 адсоткаў кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый АГП. Апроч таго, пачалася дзейнасць школы, якая будзе працаваць над сістэмнай падрыхтоўкай партыйных кадраў.

“І яшчэ адно пытанне, якое мы лічым вельмі важным і якое актыўна дыскутавалі ўнутры партыі, гэта кампанія за свабодныя і сумленныя выбары як альтэрнатыва той выбарчай кампаніі, якую будзе праводзіць улада. Пасля 31 сакавіка мы спыняем размовы, па пэўных накірунках мы спынім і нейкія кансультацыі і пяройдзем да рэалізацыі таго дакумента, які будзе прыняты на чарговым з’ездзе партыі, — заявіў Лябедзька.

“Патрэбная альтэрнатыва таму, што называецца прызначэнне дэпутатаў усіх узроўняў у Беларусі. Такой альтэрнатывай мы бачым кампанію за свабодныя і сумленныя выбары без Лукашэнкі. Гэта значыць, што мы прапануем свой новы сцэнар, і няхай улада рэагуе на нас. Для рэалізацыі гэтага сцэнару выбарчая кампанія для нас з’яўляецца толькі інструментам дасягнення нашых мэтаў і задач. А мэты і задачы ясныя: правядзенне ў Беларусі выбараў, якія праходзяць у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Гэта значыць, што мы не прывязваемся да часавых рамак самой кампаніі. Для нас яна завершыцца толькі тады, калі ў Беларусі пройдзе нешта, што хоць колькі падобнае на тое, што адбывалася ў 1995 годзе, калі была апошняя адносна дэмакратычная выбарчая кампанія. Мы будзем вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, мы іх называем спікерамі, бо гэта будзе не зусім класічны кандыдат. Яго галоўная задача — данесці пасланне да як мага большай колькасці выбаршчыкаў. Пасланне будзе даволі жорсткім: Аляксандр Лукашэнка і яго сістэма — гэта тупік, а выхад з тупіка — гэта свабодныя выбары. Сёння іх няма. І мы прапануем грамадзянам пачаць кампанію за тое, каб у Беларусь прыйшлі выбары. І пачаткам гэтай кампаніі з’яўляецца няўдзел у самім галасаванні, мы хочам узрываць грамадскую думку, а не ствараць уражанне, што ўсё нармальна, — падкрэсліў старшыня АГП.   

Пры канцы прэс-канферэнцыі Анатоль Лябедзька распавёў, што ён нарэшце даведаўся, з якой прычыны яго не выпускаюць за межы Беларусі. 20 сакавіка палітык наведаў Аддзел грамадзянства і міграцыі Цэнтральнага раёна сталіцы, дзе яму далі адпаведныя тлумачэнні. Анатоль Лябедзька атрымаў на рукі даведку, дзе пазначана, што абмежаванні на выезд з Беларусі накладзены ў адпаведнасці з лістом Міністэрства юстыцыі ад 5 сакавіка 2012 года на падставе інфармацыі, што лідар АГП “ухіляецца ад абавязацельстваў, накладзеных на яго судом. У дакуменце, праўда, не ўдакладняецца, пра якія канкрэтна абавязацельствы ідзе гаворка і што за суд іх накладаў.

Варта адзначыць, што менавіта 5-м сакавіка пазначаны ўсе даведкі пра абмежаванне на выезд, якія атрымалі кіраўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак і Гары Паганяйла, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і карэспандэнт тэлеканалу БЕЛСАТ Міхась Янчук ды іншыя вядомыя асобы.

“Відаць, менавіта 5 сакавіка быў складзены спіс невыязных, таму ва ўсіх выпадках і пазначана менавіта гэтая дата, — выказаў меркаванне Анатоль Лябедзька. Палітык не выключае, што найбліжэйшым часам можа звярнуцца з заявамі ў Генеральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў з прычыны парушэння сваіх канстытуцыйных і грамадзянскіх правоў.   
 

Каментаваць