Са святам Божага нараджэння і Новым годам!

Яшчэ адзін год адлічвае апошнія дні. Для кожнага ён быў свой. Добры ці дрэнны, але свой. Для кагосьці гэта быў год суцэльнага расчаравання. А хтосьці запомніць яго як час дасягнутых мэтаў.



Мы пасталелі яшчэ на адзін год. Магчыма, паразумнелі ці наадварот страцілі розум ад шчасця. Сталі больш чуллівымі да чужой бяды ці зусім зачарсцвелі.

Мы пражылі гэты год. Магчыма, не так, як хацелася, а можа лепш, чым марылася. Мы заглядаемся ў новы 2016 год і спадзяемся, што ён будзе хаця б не горшы. Кожны раз напрыканцы года мы становімся крыху дзецьмі і хочам верыць, што з апошняй секундай старога года мы адчынім дзверы ў казку, якая застанецца з намі назаўсёды.

«Кожны раз, калі мы расстаемся са старым годам, мы імкнёмся развітацца назаўжды з усім горшым, што ў ім было, што здарылася з намі, з нашымі роднымі і блізкімі. І марым забраць з сабой усё лепшае, чым год нас адарыў. З разлікам на працяг у годзе новым, у надзеі дадаць да старога добрага новае лепшае.

Такое жыццё. Такія мы. Спакон вякоў. Такія простыя і зразумелыя нашы чаканні-жаданні. І тады, калі ўсё ў нас добра, і калі не зусім. З лёгка-іранічным спадзяваннем на навагодні цуд. І прытоена-сур’ёзным спадзяваннем на літасць лёсу, на ўсмешку фартуны, на ўдачу і поспех. З гэтага і зыходзім у сваіх пажаданнях нашым чытачам», — гэта напісаў напрыканцы 2014 года Аляксей Кароль.

У гэтым годзе мы развіталіся з нашым галоўным рэдактарам. Яго спадзевам на лістасць лёсу і ўсмешку фартуны не наканавана было споўніцца. Магчыма, ад таго так цяжка на душы і так хочацца казкі. Магчыма, ад таго яго простыя і шчырыя пажаданні гадовай даўніны так дарэчы сёння.

Быць здаровымі!

Жыць у міры, ніколі не зведаць вайны і не пабачыць на сваёй зямлі аніякіх чужынскіх узброеных «зялёных чалавечкаў»!

Ладу і дабрабыту ў сям’і!

Працы па душы і інтарэсе!

Сяброў і добразычліўцаў поруч!

Поспехаў і ўдачы!

З надыходзячымі вас святамі, нашы дарагія чытачы!

Каментаваць