З калоніі — на канцэрт

У суботу, 13 жніўня, у сем’ях васьмі палітвязняў уздыхнулі з палёгкай. Дзмітрый Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў, Васіль Парфянкоў, Яўген Сакрэт, Уладзімір Яроменак, Аляксандр Квяткевіч і Віталь Мацукевіч выйшлі на свабоду пасля памілавання.



У суботу, 13 жніўня, у сем’ях васьмі палітвязняў уздыхнулі з палёгкай. Дзмітрый Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў, Васіль Парфянкоў, Яўген Сакрэт, Уладзімір Яроменак, Аляксандр Квяткевіч і Віталь Мацукевіч выйшлі на свабоду пасля памілавання.

Андрэй Пратасеня, які мусіў бы таксама вярнуцца да родных, адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні, таму застаўся ў калоніі. Дзявятым памілаваным фігурантам крымінальнай справы па падзеях Плошчы стаў Уладзімір Хамічэнка. Яго паводзіны на Плошчы дагэтуль выклікаюць мноства пытанняў. Сірата, без сям’і, са спецыфічнай псіхікай, прагай да алкаголю, ён не быў у апазіцыйных партыях і рухах, але 19 снежня быў у ліку людзей, якія ламалі дзверы ў Дом урада. За два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў Хамічэнка выйшаў з турмы.

Самым маладым сярод чарговай у гісторыі Беларусі хвалі палітвязняў быў Сяргей Казакоў — таленавіты музыка-самавук, якому ўжо ў следчым ізалятары споўнілася 19 гадоў. Турма стала яго першым суровым універсітэтам жыцця. Пра юнака расказвалі як пра рамантычнага і адкрытага чалавека. Паўгады за кратамі дадалі суму і асцярожнасці позірку, але, спадзяюся, не злосці яго душы.

Сяргей быў актывістам кампаніі «Еўрапейская Беларусь». 27 студзеня хлопца забралі з працы. На свабодзе ён апынуўся толькі праз паўгады. На якіх умовах Сяргею абяцалі «дапамагчы» вызваліцца і як пісалася прашэнне аб памілаванні — пра гэта мы і гутарылі з былым палітвязнем.

— Мяне выклікалі ў РАУС на гутарку — мой мабільны тэлефон «засвяціўся» 19-га на плошчы Незалежнасці. Але я не разлічваў, што гэта скончыцца трыма гадамі прысуду. Пра ад’езд з краіны сур’ёзна не думаў — чаму з-за некага я мушу з’язджаць? Я ў сваёй краіне і ў межах закона магу рабіць усё, што заўгодна. Ад 2008 года я — актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Проста з імі першымі сустрэўся. У 2008 годзе знаёмы папрасіў пазбіраць подпісы за чалавека, які балатаваўся ў парламент. Пахадзіў па кватэрах, паразмаўляў з людзьмі і зразумеў, што ў нас нешта не так, трэба нешта мяняць. Мяне ніхто не агітаваў, я сам напрасіўся да актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

— Што ты думаеш зараз, праз паўгады пасля выбараў?


— Зразумела, ніякіх думак, што трэба ісці штурмаваць Дом ураду ў мяне не было. Ды і ні ў каго такіх планаў не было. Мне ў віну інкрымінавалі «ўдар па шчытах амапаўцаў» і «спробу прарваць ланцужок АМАПу». Магу пацвердзіць — так, па шчытах біў. Шчыты загароджвалі Дом урада, шкло ў дзвярах на той момант ужо было разбітае. Магу сказаць, што гэта рабіў не пад уплывам натоўпу. Бо, калі білі шкло, не ўзнікла ж парыву пайсці і «дапамагчы». Хутчэй гэта была рэакцыя на першыя дзеянні АМАПу. Нікому не прыемна атрымаць ні за што дубінкай па лбу. Прыгадаю момант, як пачалі біць шкло: стаялі людзі побач з Домам урада, адначасова з некалькіх бакоў выбеглі невядомыя і пачалі біць вокны ў дзвярах, ім крычалі: «Правакацыя!», але гэта не спыніла. Мяркую, калі б АМАП хацеў гэтаму перашкодзіць, то адцясніў бы людзей ад дзвярэй ад спачатку. І яшчэ: у мяне на судзе былі сведкі-жанчыны, якія расказалі, што прыйшлі на плошчу Незалежнасці яшчэ да таго, як туды падышоў натоўп, і бачылі: нейкі чалавек біў лёгенька па шклу малатком, пайшлі трэшчыны. Шкло ў дзвярах Дома ўраду тоўстае, і так проста яго не паб’еш. Побач з гэтым невядомым стаялі людзі ў цывільным і ніяк яму не перашкаджалі. Гэтыя акалічнасці наводзяць на думку, што ўсё было спланавана загадзя. Наконт прарыву ланцуга АМАПу не ведаю, як і хто гэта прыдумаў. Яшчэ больш цікава, якім чынам гэта даказалі. Але зразумела, што ў нас штосьці даказваць не абавязкова.

— Як развіваліся падзеі пасля арышту, ці быў страх?

— Не магу сказаць, што нечага я моцна баяўся. На Валадарцы першым прыйшоў, як я зразумеў, супрацоўнік КДБ. Без запісу, пратаколаў пачаў задаваць пытанні наконт маёй дзейнасці, паказваць фотаздымкі, пытацца, каго я пазнаю. Гаварыў: «Ты нам дапаможаш, мы пастараемся нешта зрабіць, выйдзеш пад падпіску». Але я ведаў: яны здольныя наабяцаць што заўгодна. Пасля кадэбіста мне адразу прад’явілі абвінавачванне. Потым прыязджаў аператыўнік, які мяне затрымліваў, зноў задаваў падобныя пытанні без пратаколу. Вось з гэтага часу і пачалася мая «адсідка». Цікавая гісторыя была з камерамі. Спачатку пасадзілі ў камеру, дзе знаходзіліся дваццаць чалавек. Праз тры дні перавялі ў «чацвёрку», але там быў толькі адзін чалавек. І літаральна за тры хвіліны да майго «засялення» адтуль перавялі Паўла Вінаградава. СІЗА на Валадарскага заўжды перапоўнены, таму мяне збянтэжыў гэты факт. Час ішоў вельмі павольна, мне было зразумела, што трэба ўвесь час сачыць за тым, што гавару свайму суседу. Праз тры тыдні мяне перавялі ў звычайную камеру, і там я даведаўся, што пасадзілі Парфянкова. Усё стала зразумела.

Недзе я спадзяваўся на лепшае, але маральна быў гатовы, рыхтаваўся да горшага. І нават мой адвакат сказала... Усе дарослыя людзі, усе ўсё разумеюць. Да турэмнага тэрміну немагчыма рыхтавацца, з гэтым можна толькі змірыцца, знайсці хоць нейкія плюсы. Напрыклад, чытаць кнігі, на якія не хапала часу, заняцца спортам. Турма — гэта вялізны жыццёвы досвед, і не такі вялікі збор адмарозкаў і бандытаў, якія толькі і думаць, як каму зрабіць брыдасць. Там многа культурных, адукаваных людзей, з якімі проста цікава пагаварыць. На Валадарцы было многа бізнэсмэнаў, дырэктараў. Палова з тых, хто «заязджаў», — па эканамічных артыкулах. Былі дзеячы мастацтва, але яны часцей, я так зразумеў, сядзяць за наркотыкі.

— Як змянілі цябе гэтыя шэсць месяцаў?


— Менш давяраць людзям, напэўна, я не магу, бо давер закладзены з дзяцінства. Але цяпер многае залежыць ад таго, што ў мяне будзе прасіць чалавек, што ён будзе гаварыць. Зразумела, нельга верыць усяму і ўсім, але і станавіцца закрытым таксама. Не ўсе людзі свінні.

— Вязні да цябе, тваёй справы ставіліся з разуменнем?

— У турме чытаюць акурат-такі незалежную прэсу. «Советскую Белоруссию» выпісваюць, але ніхто яе не чытае. Тое, што адбываецца на свабодзе, цікавіць вязняў хаця б таму, што яны пазбаўленыя гэтага. Хвалююцца за сваіх родных, якія часам не могуць сабраць нават адну перадачу раз на чатыры месяцы. У калоніі ўсе ведалі пра маю справу. Многія падтрымлівалі, нехта быў абыякавы, але я не сустрэў ніводнага чалавека, якія быў бы прыхільнікам дзейснага рэжыму.

Сяргей Казакоў да арышту
 



— Пасля 19 снежня была моцная хваля салідарнасці, людзі самаарганізоўваліся — пісалі лісты, неслі вязням перадачы. Ці адчуў ты гэта на сабе?


— Спачатку перадачы былі толькі ад мамы, лісты пісалі таксама толькі блізкія людзі. Падтрымка знешняя з’явілася бліжэй да суду — пачалі прыходзіць лісты, паштоўкі ад незнаёмых людзей. Калі прыехаў у Бабруйскую калонію, то часам у дзень прыходзіла па шэсць-сем лістоў. Гэтая падтрымка неацэнная, бо такія пасланні давалі зразумець, што я сяджу не дарэмна. З’яўлялася жаданне змагацца далей.

— То бок на шлях выпраўлення ты не стаў?

— Не думаю, што нашая турма здольная некага выправіць. Калі чалавек злодзей, то злодзеем і застанецца з такімі метадамі выпраўлення. Гэтым пытаннем я задаваўся ўсе дні, калі проста сядзеў там на лаўцы. Людзей заганяюць у агароджаную тэрыторыю, ёсць абмежаванні ў кантактах, дабротах жыцця. Але хіба гэта метад выпраўлення?

— Ці чакаў свайго вызвалення праз памілаванне?

— Часам я быў абсалютна ўпэўнены, што мы выходзім з калоніі. Часам наадварот — усё страчана. Але рыхтаваў сябе да горшага: што давядзецца адседзець увесь тэрмін. І ўсё ж верыў — гэта адбудзецца. Хіба што не думаў, што вось так хутка.

— Як адбывалася падпісанне хадайніцтва аб памілаванні?


— Нейкі чалавек, што прадставіўся супрацоўнікам Магілёўскага дэпартаменту выканання пакаранняў, спачатку размаўляў мякка. Маўляў, хочаш пабачыць сясцёр, маму? Я не адразу пагадзіўся. Потым пачаўся больш жорсткі ціск, нават з элементамі пагроз. У выніку сышліся на кампрамісе. Я так разумею, што ім была патрэбная сама паперка. Што там было напісана — няважна. Гэты чалавек з Дэпартаменту дыктаваў, кароткі змест хадайніцтва такі: прашу прымяніць да мяне артыкул аб памілаванні і кароткія звесткі пра сябе. Для памілавання мусяць быць важкія прычыны — ветэран вайны, шматдзетны бацька. У мяне не было ніякіх важкіх прычынаў. Усё было фармальна, проста трэба было напісаць паперу.

— Якое было стаўленне да цябе супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы?

— З супрацоўнікамі СІЗА перакрыжоўваешся рэдка, бо ўвесь дзень сядзіш у камеры. Але магу сказаць, што мінскія супрацоўнікі ставіліся даволі мякка. Ішлі на кантакт. Ад іх я даведаўся і пра акцыю «Стоп-бензін». У Бабруйскай калоніі, відаць, выпрацаваны нейкі план паводзінаў, бо там ужо былі «палітычныя» — Андрэй Кім, Юрый Лявонаў. Рэгулярна да мяне прыходзілі супрацоўнікі калоніі, вялі нейкія прафілактычныя размовы, абяцалі адправіць працаваць на дальні ўчастак, каб ніхто мяне не бачыў. Я цікавіўся наконт творчасці, самадзейнасці, але мне адразу сказалі: «Цябе мы не пусцім». Не ведаю, можа, баяліся, што я са сцягам буду хадзіць па атраду. Нават праскоквала фраза: «Не весці размоў на палітычныя тэмы». Але як гэта было магчыма, калі людзі падыходзілі і прасілі расказаць, што было на Плошчы?

Што мне дакладна не спадабалася, гэта два месяцы ў каранціне — курс маладога байца ўнутры «зоны». Каранцін там адгароджаны ад усёй «зоны» бетонным плотам, за два тыдні вязні праходзяць медагляд, ім робяць бэджы, чытаюць пару лекцый наконт умоў для змены рэжыму на больш мяккі. Галоўны мінус каранціна — дзіўны рэжым дня. Увесь час, апроч трох прыёмаў ежы і двух гадзін вольнага часу, трэба знаходзіцца на вуліцы. Не важна, якое было надвор’е. Калі ліло як з вядра, то можна было зайсці пастаяць у тамбур перад дзвярыма. Але туды набіваліся пяцьдзесят чалавек, самі разумееце, нязручна. Даходзіла да таго, што нават у прыбіральню немагчыма было схадзіць. Нельга было здымаць турэмную робу, як бы спякотна ні было. На пяцьдзясят чалавек — два ўмывальнікі, ранкам і вечарам адводзілася паўгадзіны на гігіену. Нават зубы пачысціць усе не паспяваюць.

— Ёсць разуменне, як далей будаваць сваё жыццё?

— Трэба вучыцца, але, відаць, буду гэта рабіць ужо не ў нас. Прайшло паўгады, не так і шмат часу, але многае вельмі змянілася. Былі іншыя планы. У сям’і ўсё як раней, хіба што сёстры падраслі. Трапляеш у турму, і праз пару месяцаў пачынаеш фільтраваць кола знаёмых. Самае страшнае звычайна бывае пасля суда — сыходзяць жонкі, забываюць сябры. Яшчэ горш, калі гэта адбываецца да суда. У маім акружэнні таксама ёсць людзі, якія ўмудрыліся паставіць крыж. Нічога не зробіш, так бывае. Падтрымлівалі тыя, з кім я бачыўся раз на паўгода ці на некалькі месяцаў, каго бачыў хіба што аднойчы ў жыцці. Але, можа, яно і да лепшага. Я ведаю, што засталіся надзейныя, і я таксама буду заўжды гатовы ім дапамагчы.

Канешне, буду працягваць займацца музыкай. Я траціў на музыку сродкі, сілы, і не кіну гэты занятак. У суботу мяне выпусцілі з калоніі, а ў нядзелю я ўжо быў на рэпетыцыі нашага гурта «Скрыжалі». І другога верасня будзе канцэрт.

Каментаваць