З кватэры Алега Волчака скралі пашпарт

Кіраўнік зарэгістраванага ва Украіне Праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву, былы следчы пракуратуры і воін-афганец Алег Волчак разам з адвакатам Дар’яй Ліпкінай накіравалі ў суд горада Мінска касацыйную скаргу на рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска, які тыдзень таму асудзіў праваабаронцу на чацвёра сутак адміністратыўнага арышту за “дробнае хуліганства. Падчас адбывання пакарання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), што знаходзіцца ў завулку Акрэсіцна, з кватэры Алега Волчака невядомыя скралі ягоны пашпарт.



Кіраўнік зарэгістраванага ва Украіне Праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву, былы следчы пракуратуры і воін-афганец Алег Волчак разам з адвакатам Дар’яй Ліпкінай накіравалі ў суд горада Мінска касацыйную скаргу на рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска, які тыдзень таму асудзіў праваабаронцу на чацвёра сутак адміністратыўнага арышту за “дробнае хуліганства. Падчас адбывання пакарання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), што знаходзіцца ў завулку Акрэсіцна, з кватэры Алега Волчака невядомыя скралі ягоны пашпарт.

Нагадаем, што Алега Волчака затрымалі ў пятніцу, 27 студзеня, у раёне бульвара Шаўчэнкі ў Мінску і даставілі ў Маскоўскі РУУС сталіцы, дзе на праваабаронцу склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за “дробнае хуліганства. Праз тры дні ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, дзе адбываўся разгляд адміністратыўнай справы, намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС Антон Шахлай сцвярджаў, што затрыманы гучна лаяўся матам наўпрост на вуліцы і размахваў рукамі. Суддзя Аляксандр Якунчыхін прыслухаўся толькі да слоў міліцэйскага начальніка і не прыняў да ўвагі заявы самога праваабаронцы пра тое, што паказанні Шахлая не адпавядаюць рэчаіснасці. Якунчыхін прызнаў праваабаронцу вінаватым у парушэнні артыкула 17.1 КаАП і пакараў Алега Волчака чатырма суткамі адміністратыўнага арышту.

Алег Волчак паведаміў “Новаму часу, што накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі ў Мінскі гарадскі суд. “Я лічу, што маё затрыманне і арышт былі незаконнымі, і ў нашай скарзе на адзінаццаці аркушах мы разам з адвакатам Дар’яй Ліпкінай указалі ўсе недахопы ў дзеяннях участковага Карыцькі, які складаў на мяне адміністратыўны пратакол, — распавёў праваабаронца. — Па-першае, мне не прадаставілі адваката па майму патрабаванню, па-другое, рэчы, якія ў мяне адабралі, не былі запакаваныя. Апроч таго, панятымі выступалі адны і тыя ж асобы — намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС Шахлай і сведка Лявошка, якія мяне і затрымлівалі. Мы юрыдычна цалкам разбіваем пастанову суддзі Якунчыхіна і паказваем безгрунтоўнасць дзеянняў як участковага, так і суддзі па прыцягненню мяне да адказнасці за дробнае хуліганства.

Да таго ж, Алег Волчак і Дар’я Ліпкіна ў скарзе адзначылі, што на вуліцы не было грамадзян, ніхто не падыходзіў да міліцыянтаў і не скардзіўся на тое, што затрыманы ўголас брыдкасловіў ці размахваў рукамі. “Мы таксама ўказваем, што па незразумелых прычынах з маёй кватэры знік пашпарт. Пытанне: якім чынам складаўся пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, калі ў КаАП дакладна ўказана, што такі пратакол можа складацца толькі пасля высвятлення асобы. То бок, атрымліваецца, што і пры складанні адміністратыўнага пратакола, і пры вынясенні рашэння суддзёй былі парушаны не толькі мае правы, але і сам працэс, — падкрэсліў юрыст. — Яны не мелі права пачынаць працэс, пакуль не высветлена мая асоба. Мы ў нашай скарзе прывялі яшчэ шмат розных довадаў і просім Мінскі гарадскі суд апраўдаць мяне.

Найбольш дзіўным ва ўсёй гэтай гісторыі падаецца знікненне з кватэры праваабаронцы ягонага пашпарта.

“Чатыры дні, пакуль я знаходзіўся ў ЦІП на Акрэсціна, мае ключы, якія былі адабраныя ўчастковым Лявошкам, знаходзіліся ў яго. Калі я вярнуўся пасля адсідкі ў сваю кватэру, то ўбачыў, што нічога не скрадзена, але майго пашпарта няма. Зараз я складаю ліст у Следчы камітэт аб узбуджэнні крымінальнай справы паводле артыкула 378 Крымінальнага кодэкса (крадзеж асабістых дакументаў), — паведаміў Алег Волчак. — Я лічу, што гэта была таямнічая спецаперацыя з мэтаю перакрыць мне магчымасці выезду за мяжу, паколькі ў мяне былі дзве легальныя паездкі ў Галандыю і ў Англію ды Данію. Ёсць такая арганізацыя “Адвакаты за адвакатаў, з якой мы цесна супрацоўнічаем, і на нашых сустрэчах ніколі не ўздымаюцца ніякія пытанні па змяненню дзяржаўнага ладу ці што-небудзь падобнае. Гэта былі шараговыя паездкі мне як праваабаронцы. Але чамусьці нехта палічыў, што мяне трэба спыніць. І мэтай было не толькі маё затрыманне, але мэтай было выманне майго пашпарта. З праваабаронцамі такога ніколі яшчэ не здаралася. Нешта падобнае было з Анатолем Лябедзькам (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі), але ён ведаў дакладна, што ягоны пашпарт знаходзіцца ў КДБ. А ў маім выпадку атрымліваецца, што мой пашпарт недзе “павіс. Вось такі ў іх новы метад працы.
 

Каментаваць