З любоўю да дзяцей

Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску ўжо які год кладзе “пад елачку” падарункі дзецям. І падарункі вельмі каштоўныя. На мінулым тыдні ў Бягомлі была адкрытая спартыўна-забаўляльная пляцоўка ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот.   



На гэтым тыдні польскае пасольства сумесна з беларускімі дзяржаўнымі органамі, грамадскімі і камерцыйнымі арганізацыямі краіны зрабіла першы крок да стварэння каля Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі пад Мінскам “Пансіянату “Бараўляны”.
 
 
 
Рэспубліканскаму цэнтру дзіцячай анкалогіі такі пансіянат жыццёва неабходны, і размова пра ягонае стварэнне ідзе ўжо не адзін дзясятак год. Справа ў тым, што пры стварэнні гэтага цэнтру ў ім маглі лячыцца ў адзін момант толькі 115 дзяцей. Зараз колькасць маленькіх пацыентаў гэтага цэнтра ў месяц перавысіла 200 чалавек. Нехта з іх лечыцца ў стацыянары, а нехта прыяжджае з бацькамі на лячэнне з розных куткоў Беларусі.
 
 
Тым, хто прыяжджае на лячэнне, прыходзіцца сутыкацца з “жыллёвым пытаннем”. Здымаць кватэру ў Мінску на час лячэння не столькі дорага, колькі жыццёва небяспечна, асабліва ў зімовы перыяд. У хворых на анкалогію дзяцей і без таго слабы імунітэт, а ездзіць кожны дзень на працэдуры туды-сюды грамадскім транспартам, поўным шкодных вірусаў — гэта значыць, удвая рызыкаваць здароўем свайго дзіцяці. Таму ад самага пачатку было запланавана, што побач з дзіцячым анкалагічным цэнтрам пабудуюць штосці накшталт гасцініцы. І планавалася пабудаваць такі пансіянат яшчэ ў 1990-м годзе!
 
 
Тройчы, па словах дырэктара цэнтра Вольгі Алейнікавай, планавалася такое будаўніцтва, і тройчы адкладалася. Новы праект “Пансіянату “Бараўляны” ўзнік у грамадскай арганізацыі “Ротары — клуб”. “Калі яны прыйшлі да мяне і паказалі гэты праект, я была вельмі захопленая, але ў душы ў ажыццяўленне праекту не верыла. Але паверыла: пасля таго, як атрымала падтрымку і ў Міністэрстве аховы здароўя, і з усіх бакоў”, — сказала Алейнікава.
 
 
 
Вольга Алейнікава тлумачыць Лешаку Шарэпку і Дзмітрыю Піневічу неабходнасць пансіянату ў Бараўлянах
 
 
“Пансіянат “Бараўляны” будзе ўяўляць сабою 20 мабільных домікаў, кшталту летніх, але не летніх. Праектоўшчыкі ўдасканалілі гэтыя домікі, каб ў іх можна было жыць і ў зімовы перыяд. У кожным такім доміку — два пакоі, разлічаныя на два чалавекі кожны, і агульная кухня. То бок, у 20 мабільных доміках могуць пражываць 40 дзяцей з бацькамі.Усе гэтыя дамы будуць размешчаныя ў лічаных кроках ад анкалагічнага цэнтру.
 
 
 
Так у праекце ўяўляецца пансіянат “Бараўляны”
 
 
Канешне, свет не без добрых людзей. “Ротары-клуб” бескаштоўна зрабіў архітэктурны праект участка, грамадская арганізацыя “Дзеці ў бядзе” шукала грошы і магчымасці ажыццяўлення праекта, завод жэлезабетонных вырабаў па сабекошце падвядзе неабходныя камунікацыі, “Прыёрбанк” і “Раффайзен-Лізінг” дадуць грошай на домікі. Але першы дом, які зараз здолелі паглядзець спецыялісты і журналісты, набыты і ўжо усталяваны (праўда, пакуль што без камунікацыяў), на сродкі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі.
 
 
 
Першы дом пансіянату “Бараўляны” набыты на сродкі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі.
 
 
 
 
Так выглядае домік знутры. Цесна, але ж затое бацька ці маці побач з дзіцёнкам
 
 
Першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч адзначыў, што РНПЦ дзіцячай анкалогіі зараз уваходзіць у ТОР-10 такіх цэнтраў па крытэрыям Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. “На жаль, праблема дзіцыячай анкалогіі і імунадэфіцытаў, тое, чым займаецца зараз цэнтр, не змяншаецца. Пацыентаў тут менш не становіцца, і, на жаль, мы гэтага нават не прагназуем. Ахова мацярынства і дзяцінства з’яўляецца “брэндам” дзяржавы, але гэта не толькі дзяржаўная, гэта агульнанацыянальная задача. Таму я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто ўклаў у нэты праект не толькі свае грошы, але і сваю душу”, — адзначыў спадар Піневіч.
 
 
 
Пакуль размаўляе Дзмітрый Піневіч, Лешак Шарэпка вывучае дакументы на дом
 
 
Пералічыўшы пайменна ўсіх, хто працаваў над праектам, Дзмітрый Піневіч нечакана перайшоў на беларускую мову, і падзякаваў за фундатарства, выказаў словы ўдзячнасці яшчэ раз, і павіншаваў усіх з надыходзячымі Раством, Калядамі, Новым годам, пажадаў усім дабрабыту, поспехаў і, карыстаючыся тым, што ўсе знаходзіліся ва ўстанове аховы здароўя — канешне ж, здароўя.
 
 
Спадар Лёшэк Шарэпка, выступаючы на прэзентацыі, у чарговы раз адзначыў, што Польшча, як сябар Еўрасаюза, павінна дзяліцца з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе, і нейкі працэнт ВУП Польшчы павінен быць скіраваны на гэта. Беларусь тут для Польшчы ў нечым нават у прыярытэце як суседняя краіна. Гэтая дапамога ідзе на розных узроўнях. “У нас у пасольстве не вельмі шмат гэтых грошай — гэта праграма малых грантаў. Гэта ў год каля 150 тысяч еўра. Тут мы сфмінансавалі праект ў памеры каля 40 тысяч еўра — гэта не многа, але і не мала”, — адзначыў Шарэпка.
 
 
Гэта не першы праект, які фінансуе Польшча ў Беларусі. Пасольства Польшчы закупае абсталяванне для дзіцячых бальніц і паліклінік, дапамагае ў рэмонце бальніц і дамоў-інтэрнатаў, і плануе рабіць гэта надалей. І перавага і раней аддавалася, і будзе аддавацца дзецям.
 
 
Заўсёды вельмі прыемна дапамагаць дзецям. Дзеці — гэта вельмі ўдзячныя праца, таму што яны ў будучым будуць памятаць пра гэтую дапамогу, і будаваць сваё жыццё,каб дапамагаць іншым”, — лічыць Пасоль Польшчы ў Беларусі.
 
 
І я б хацеў, каб вы глядзелі на наш удзел у гэтым праекце, як на падарак пад ялінку для добрых сябраў”, — адзначыў Шарэпка.
 
 
Добры падаруначак — на 40 тысяч еўра”, — дадала Вольга Алейнікава.
 
 
Мы спадзяемся, што вы зробіце гэты праект, і, можа быць, на нейкім этапе яшчэ падключымся. Але вельмі прыемна, што мы тут былі першымі, каб паказаць прыклад, як гэта рабіць для іншых добрых людзей”, — адзначыў спадар Шарэпка.
 
 
 
Лешак Шарэпка праінспектаваў, што ж набылі за польскія грошы, і застаўся вельмі задаволены
 
 
Вольга Алейнікава відавочна не хавала сваёй радасці з нагоды таго, што гэты праект усё ж пачаўся, і, можа быць, паспяхова скончыцца ў 2014 годзе. “Лячэнне ў стацыянары — гэта вельмі дарагое задавальненне, на гэта трэба шмат грошай. Гэта высокія тэхналогіі. А ў нас — 4.000 шпіталізацый на год. І, дзякуючы такому пансіянату, я мяркую, недзе тысячу дзяцей на год мы здолеем лячыць. Бо хтосці да нас прыяжджае на тры дні, а хтосці — на месяц”, — адзначыла яна.
 
 
Ізноў такі на грошы польскага пасольства, для такіх прыежджых дзяцей побач з РПЦІ дзіцячай анкалогіі з’явілася дзіцячая пляцоўка.
 
 
 
 
 
 
Вольга Алейнікава, пэўна, кажа Лешаку Шарэпку: “А вунь там пабудаваная вашая дзіцячая пляцоўка!”
 
 
Канешне, Вольга Алейнікава шмат казала пра грошы, але менавіта грашыма вымяраецца праект. Кіраўнік “Ротары-клуба Мінск” Юрый Будзько ж адзначыў, што такі гасцявы пансіянат — гэта тры-пяць жыццяў дзяцей на год. Менавіта столькі хворых на анкалогію і з аслабленым імунітэтам дзяцей можна выратаваць, не возячы іх з Мінску ў Бараўляны грамадскім транспартам.
 
 
І пасольства Польшчы стала першай у ратаванні гэтых жыццяў. Хто наступны?

Каментаваць