З мэтаю ачышчэння

«Дзед, а што ты рабіў у тым Казахстане?»
Маўчыць.
«Казахі — яны якія?»



Ён кажа, што казахаў амаль не бачыў. Але бачыў яўрэяў. Шмат. Цэлыя сем’і, з якімі можна было паразумецца па-польску. Уражаны ўнук лезе ў сеціва — разбірацца. Дзеду было тады восем гадоў — дзе тут усё ўпомніш.
 

...Нямецкі пісьменнік і крытык Марсэль Райх-Раніцкі, паводле ягонага прызнання — «напалову немец, напалову паляк і на ўсе сто адсоткаў яўрэй», прыгадвае ў сваёй знакамітай кнізе «Маё жыццё» польскіх уцекачоў, якія ўвосень 1939 імкнуліся трапіць у Савецкі Саюз, ратуючыся ад вернай смерці. Чуткі пра тое, як абыходзяцца з яўрэямі немцы, дайшлі да іх задоўга да пачатку вайны — і цяпер яўрэі ўсяляк імкнуліся апынуцца на савецкім баку, хаця ніякага сантыменту да Саветаў не мелі. Камусьці ўдалося, камусьці не — Райх-Раніцкі застаўся ў Польшчы і цудам ацалеў пад акупацыяй, але вось што цікава: наколькі па-іншаму склалася б ягонае жыццё, калі б у тыя дні ён усё ж трапіў у БССР. Наколькі іншы быў бы досвед, наколькі іншыя былі б кнігі, мова, погляд — аднак нешта ўсё ж паўтарылася б... Абавязкова паўтарылася.
 

29 чэрвеня 1940 года ў БССР адбылася масавая дэпартацыя спецперасяленцаў-уцекачоў з акупаванай немцамі Польшчы. Дваццаць тры тысячы чалавек, пераважна — яўрэі, былі мусова вывезеныя ў аддаленыя раёны імперыі. Гэта чымсьці нагадвала здзяйсненне колішняга праекту Гітлера пра высяленне еўрапейскіх яўрэяў на Мадагаскар, у часы, калі фюрэр яшчэ не прыдумаў лягчэйшага спосабу ўвасобіць свае мары. Людзей, якія, дарма што ўцекачы, лічыліся небяспечнымі для савецкага ладу, запіхвалі ў цягнікі, выкідвалі ў голым полі, прымушалі самім будаваць сабе жытло або сялілі ў непрыстасаваных для жыцця будынках, выракалі на непасільную працу, з асалодай адрываючы іх ад іхнай «Эўрооопы» — «штоб жызнь малінай не казалась», любілі паўтараць тыя, хто ладзіў гэтыя барбарскія перасяленні. Уцякач ва ўсе часы быў бяспраўны, як жывёла — і СССР зусім не збіраўся адмаўляцца ад гэтай слаўнай традыцыі.
 

Савецкі чалавек ставіўся да тых яўрэяў па-рознаму. Расейская паэтка Ахматава ўспамінае, як з пачаткам вайны нехта ўжо з савецкіх эвакуантаў шаптаў, палахліва азіраючыся: «А я б тых яўрэяў усіх Гітлеру пааддаваў бы, хай бы ён іх усіх у зямлю закапаў жыўцом, мо і супакоіўся б...» Іншыя маўкліва пагаджаліся; былі і тыя, хто дапамагаў уцекачам незалежна ад нацыянальнасці. Але факт: краіна рабочых і сялян, якая так голасна і істэрычна супрацьпастаўляла сябе нацысцкай сістэме, паспяхова спаборнічала з апошняй у бесчалавечнасці.
 

Сярод дэпартаваных тымі чэрвеньскімі днямі былі і беларусы, каля 1700 чалавек — але для заходніх беларусаў і палякаў у Саветаў існавалі свае планы. Той 1940 год наогул стаўся для Беларусі годам дэпартацый. У лютым былі выселеныя з Заходняй Беларусі ў Сібір і Казахстан так званыя «асаднікі», у красавіку надышла чарга «адміністратыўна высланых»: родных і сваякоў рэпрэсаваных польскіх афіцэраў, паліцыянтаў, жандараў, памешчыкаў, дзяржаўных службоўцаў, у чэрвені — уцекачоў... Праз год з заходніх раёнаў Беларусі былі выселеныя 200 000 чалавек. БССР пазбаўлялі ад непажаданага сацыяльнага элементу. Усё гэта называлася «ачышчэннем» — знаёмы злавесны тэрмін. Каля 25 тысяч высланых былі беларусы паводле нацыянальнасці, згодна з дакладам Берыі Сталіну: 27 з паловай тысяч — хаця разабрацца, хто там беларус, а хто паляк, не лягчэй, чым развязаць гэтае пытанне цяпер. Цяпер, калі сведкі амаль усе памерлі, а пра тыя дэпартацыі памятаюць хіба гісторыкі. Свайго музею генацыду ў Беларусі няма, дый ніколі не будзе — вялікія айчынныя ня церпяць канкурэнтаў, дый тэма ўжо даўно неактуальная. А мусіў бы існаваць — хаця б як філіял музею Беларускай чыгункі, той самай, па якой дзясяткі тысяч ехалі некалі на Ўсход, у невядомасць, асуджаныя на смерць — праходзіць свой страшны тэст на жывучасць. 

 

www.svaboda.org

Каментаваць