З такім багажом ды ў Балонскую сістэму

26–27 красавіка 2012 года на Саміце міністраў адукацыі сарака сямі краін, якія падпісалі Балонскую дэкларацыю, мусіць быць прынята рашэнне аб далучэнні Беларусі да Еўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Аднак прадстаўнікі акадэмічных колаў мяркуюць, што Беларусь без скандалу да балонскай сістэмы не далучыцца.

26–27 красавіка 2012 года на Саміце міністраў адукацыі сарака сямі краін, якія падпісалі Балонскую дэкларацыю, мусіць быць прынята рашэнне аб далучэнні Беларусі да Еўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Аднак прадстаўнікі акадэмічных колаў мяркуюць, што Беларусь без скандалу да балонскай сістэмы не далучыцца.

Для таго, каб увайсці ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, краіна, якая падае заяўку, павінна адпавядаць двум крытэрам: далучыцца да Еўрапейскай культурнай канвенцыі і ўзяць на сябе абавязацельствы імплементаваць у сваю сістэму адукацыі каштоўнасці, мэты і ключавыя прынцыпы палітыкі ЕПВА.

Беларусь яшчэ ў 1993 годзе ратыфікавала Еўрапейскую культурную канвенцыю. Міністэрства адукацыі Беларусі запэўнівае Балонскі сакратарыят і еўрапейскіх міністраў, што наша вышэйшая адукацыя цалкам гатова да фармальнага сяброўства ў ЕПВА, што, пачынаючы з 2002 года, у Беларусі паслядоўна ўкараняюцца прынцыпы Балонскай дэкларацыі.

“Уступленне Беларусі ў Балонскі працэс — з’ява супярэчлівая. З аднаго боку, мы мусім радавацца, што Беларусь хоча далучыцца да еўрапейскай прасторы адукацыі. З іншага — мы спадзяемся, што гэта будзе крокам да сапраўднага рэфармавання адукацыі. Але, калі ацэньваць дакументы, падрыхтаваныя Міністэрствам адукацыі, то ступень гатоўнасці нашай вышэйшай школы да інтэграцыі з еўрапейскай завышаная, — гаворыць былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Уладзімір Дунаеў.

Сярод праблемных месцаў Дунаеў называе абсалютна іншую скіраванасць беларускай адукацыйнай сістэмы, самаізаляцыю, адсутнасць акадэмічнай свабоды. “Няма рэальнага ўдзелу грамадскасці ў кіраванні, адсутнасць аўтаноміі вышэйшай школы, няма адказнасці рэктараў перад акадэмічнай супольнасцю. З адсутнасці аўтаноміі ВНУ і выцякае палітызацыя ўніверсітэтаў, бо іх кіраўніцтва не мае мінімальнай незалежнасці, каб супраціўляцца загадам звонку, — падкрэслівае Дунаеў.

Грамадскі Балонскі камітэт

Прадстаўнікі экспертнай супольнасці і шэрагу грамадскіх арганізацый Беларусі прынялі рашэнне заснаваць грамадскі Балонскі камітэт, каб падрыхтаваць альтэрнатыўны даклад і распрацаваць “дарожную карту інтэграцыі беларускай вышэйшай адукацыі ў Балонскі працэс.

“Аналіз гатоўнасці нашай вышэйшай школы да ўступлення ў Балонскі працэс паказаў, што мы сёння далей ад Еўропы, чым нават у 2004 годзе, калі быў перапынены працэс інтэрнацыяналізацыі нашай адукацыі. У 2004 годзе працэсу збліжэння з Еўропай быў супрацьпастаўлены працэс самаізаляцыі беларускай вышэйшай адукацыі і вяртання да савецкай мадэлі з яе доўгім адукацыйным цыклам, ідэалагічным кантролем зместу адукацыі і палітычнай інструменталізацыяй вышэйшай школы. Сваё заканадаўчае замацаванне гэтая палітыка знайшла ў Законе “Аб вышэйшай адукацыі, прынятым 11 ліпеня 2007 года, з тэксту якога былі выключаныя артыкулы аб акадэмічнай свабодзе і ўніверсітэцкай аўтаноміі. Кодэкс аб адукацыі, які ўступіў з сілу ў 2011 годзе, толькі працягвае гэтую лінію, — гаворыцца ў тэксце альтэрнатыўнага дакладу.

Эксперты таксама прыйшлі да высновы, што заяўленая Мінадукацыі двухузроўневая структура вышэйшай адукацыі не адпавядае прынцыпам, які ляжыць у аснове Балонскай архітэктуры трох цыклаў бакалаўр-магістр-доктар. Прынцыповыя разыходжанні ў канструяванні адукацыйных цыклаў абцяжарваюць гарманізацыю беларускай і еўрапейскай адукацыйных сістэм. З-за гэтага ўзнікаюць значныя цяжкасці ў сферы прызнання дыпломаў, акадэмічных ступеняў і кваліфікацый.

“Асноўныя патрабаванні балонскай сістэмы нельга разглядаць фармальна. Гэта сістэма бакалаўр-магістр-доктар, акадэмічная мабільнасць, прызнанне кваліфікацыі. Мы мяркуем, што трэба выконваць шэраг фундаментальных патрабаванняў. І вырашаць нашы праблемы мы будзем самі. Уключэнне ў еўрапейскія сістэмы не азначае, што нехта за нас будзе выконваць працу,— гаворыць былы эксперт аналітычнага аддзелу Міністэрства адукацыі, а цяпер эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святланай Мацкевіч.

Абмяркоўваючы сітуацыю ў вышэйшай адукацыі Беларусі, эксперты згадалі і пра “адукацыйнае ўцякацтва, і пра негалосную забарону на прафесію ва ўніверсітэцкім асяродку, і пра сістэму куратарства з боку органаў дзяржбяспекі. “З такім багажом сорамна ўваходзіць у балонскую сістэму, — адзначыла Святлана Мацкевіч.

Ранкам грошы, вечарам крэслы


«Трэба ўлічваць, што беларускія ўлады не схільныя да кампрамісаў. Таму можна было б прапанаваць: давайце мы вам намецім нейкія мінімальныя рэформы, якія можна было б зрабіць за два гады. І на наступным саміце Балонскай прасторы завершыць фармальны працэс далучэння да яе Беларусі, — выказвае меркаванне Уладзімір Дунаеў. — Напрыклад, можна было б увесці выбарнасць рэктараў і іх справаздачнасць акадэмічным саветам. Адна з перашкодаў да ўступлення — палітычныя рэпрэсіі, якія робяць не ўлады, а рэктары. І ў выніку яны ж ёсць у спісе неўязных у Еўропу. Іх трэба прыбраць з гэтага спіса, для чаго можна арганізаваць нейкі маніторынг, паглядзець, як змяняецца сітуацыя.

«Далучыўшыся да Балонскага клубу, можна нічога не рабіць: паабяцаць, і нічога не рабіць. Беларускае Міністэрства адукацыі імкнецца рэалізаваць менавіта такую стратэгію», — гаворыць Дунаеў. У 2004 годзе Мінадукацыі зрабіла разварот да ізаляцыі сістэмы адукацыі. А цяпер чыноўнікі сцвярджаюць, што ўжо 9 гадоў «паслядоўна» ідуць да балонскай сістэмы.

“Дарожная карта

Грамадскі Балонскі камітэт падрыхтаваў план дзеянняў па ўключэнні Беларусі ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. На першым этапе мусіць быць спынена адлічэнне ці іншыя формы пакарання студэнтаў за ўдзел у палітычных акцыях ці ў дзейнасці незалежных, у тым ліку незарэгістраваных, грамадскіх арганізацый, спыненне звальненняў, пагроз звальненняў ці іншых формаў ціску на выкладчыкаў, іншых супрацоўнікаў ВНУ за аналагічныя дзеянні. Вышэйшыя навучальныя ўстановы не павінны браць на сябе функцыі праваахоўных органаў і не павінны прымаць удзелу ў палітычных рэпрэсіях, якія б формы яны не прымалі.

На другім — чакаецца заканадаўчае замацаванне пераходу на еўрапейскія падыходы да архітэктуры вышэйшай адукацыі, прызнанне кваліфікацый, кантролю якасці, акадэмічнай мабільнасці. Замацаванне ў законе рэальнай інстытуцыянальнай аўтаноміі і гарантый акадэмічных свабодаў для акадэмічнага персаналу і студэнтаў. Стварэнне прававой асновы для сацыяльнага партнёрства ў вышэйшай адукацыі. Стварэнне незалежнага інстытута кантролю якасці ды інш.

На трэцім этапе мусіць быць завершана рэфармаванне сістэмы акадэмічных ступеняў і кваліфікацый у адпаведнасці з QF-EHEA; завершанае рэфармаванне сістэмы кантролю якасці ў адпаведнасці з ESG, прыведзеная ў адпаведнасць з нормамі ENIC / NARIC сістэма прызнання кваліфікацый, створаная нацыянальная сістэма падтрымкі акадэмічнай мабільнасці.

Каментаваць