За каментар у інтэрнэце — пад суд

У судзе Мінскага раёна распачалася адміністрацыйная справа за абразу ў інтэрнеце. Адказчыкам у гэтай гісторыі з'яўляецца прадавец Алена Максімава. А пацярпелым ад знявагі — намеснік генеральнага дырэктара ЖКГ Мінскай вобласці Валерый Хахлоў.

Група ў кантакце "Бараўляны. Абарона леса" змясціла яго фота падчас сустрэчы з жыхарамі, якія пратэстуюць супраць вырубкі леса. Адзін з каментароў на свой адрас настолькі абурыў чыноўніка, што ён звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікі "вылічылі" адрасанта паведамлення, дзе было ўказана імя і прозвішча. І ініцыявалі справу па артыкуле 9.3 КаАП ("Знявага").

У групе абмяркоўваўся канфлікт, звязаны з пракладкай ліўневай каналізацыі праз стары лес у Бараўлянах. Жыхары Бараўлян пратэстуюць супраць гэтага і 28 красавіка блакавалі праезд лесапільнай тэхніцы. На месца канфлікту прыязджаў Валерый Хахлоў, які пераконваў жыхароў адмовіцца ад сваіх планаў.

У судовым працэсе, які распачаўся 2 чэрвеня, Алена Максімава заявіла пра парушэнні пры складанні адміністрацыйнага пратакола. У прыватнасці, міліцыянты не бралі ў яе на абследаванне ніякай тэхнікі, не ўказалі IP-адрас, з якога было адпраўлена паведамленне, не рабілі запрос адміну ў кантакт, не праводзілі лінгвістычнай экспертызы. Сам каментар даслоўна не прыведзены. Зараз ён выдалены. Адказчыца забатрабавала адправіць справу на дапрацоўку.

Аднак суддзя Сяргей Ткачук не задаволіў гэта хадайніцтва. Як і адмовіў у тым, каб юрыст, кіраўнік аб'яднання "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак быў абаронцам Алены Максімавай у судзе. Спаслаўшыся на тое, што прадстаўляць інтарэсы ў судзе можа толькі адвакат.

"Зноў парушаецца канстытуцыйнае права грамадзян мець свайго прадстаўніка ў судзе, — адзначыў Алег Волчак. — А таксама гэта парушэнне міжнароднага права".

Алена Максімава заявіла, што ёй патрэбны абаронца. Суддзя адклаў справу, каб жанчына знайшла адваката і заключыла з ім дамову.

"Праваахоўныя органы не напружваюцца і павярхоўна збіраюць доказную базу", — пракаментаваў справу Алег Волчак. Праваабаронца лічыць яе прэцэдэнтам. "Выпрацоўваецца механізм прыцягнення грамадзян за выказванні на форумах. Каб не агучвалі сваё меркаванне, не дзяліліся інфармацыяй, баяліся. А сам факт прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці — гэта маральны і матэрыяльны ціск на грамадзяніна".

Наступнае пасяджэнне па гэтай справе адбудзецца ў судзе Мінскага раёна 6 чэрвеня ў 14.15

Каментаваць