За «Крумкачоў» заўзелі ў новым фармаце

Заўзятары сталічнай каманды ўпершыню сабраліся ў гульнявой прасторы Quvalda, каб падтрымаць яе ў матчы супраць мозырскай "Славіі".

Мерапрыемства праходзіла ва ўтульнай і хатняй атмасферы. Дзясяткі заўзятараў прыйшлі на трансляцыю матча разам з сябрамі, а хтосьці нават са сваёй другой паловай і дзеткамі, як гэта зрабіла сям’я Вольгі і Віталя Шыкаўкі разам са сваім пяцігадовым сынам Уладам:


— “Крумкачы” — гэта не проста наша любімая каманда: у ёй гуляе наш родны — Яўген Шыкаўка. І мы вельмі ганарымся, што ён уваходзіць у лік мацнейшых гульцоў. Мы заўсёды актыўна заўзеем за “Крумку” і Яўгена. Сёння мы ўпершыню падтрымліваем іх у такім новым фармаце, які нам прыйшоўся даспадобы, бо самі разумееце: як бы ты не любіў футбол, досыць складана ў пятніцу пасля працоўнага тыдня вырвацца ў Мозыр на гульню, а тут можна ў камфортнай атмасферы нават на адлегласці падтрымаць любімы клуб. Цудоўна!


— Добрая гульня! Мне падабаецца, — дапаўняе з сур’ёзным выглядам бацькоў маленькі Улад. — Я заўсёды гучна крычу і падтрымліваю. І сябрам сваім распавядаю, які у мяне круты дзядзя. Але ў футбол не пайду, буду ў ДАІ працаваць!

Многія заўзятары адзначаюць, што ім вельмі імпануе цёплая і сямейная атмасфера, якая пануе на матчах “Крумкі”.



Дагэтуль я асабліва не сачыў за футбольнымі падзеямі. Выключэнне складалі, хіба, чэмпіянаты свету ці Еўропы, — распавядае пра свой заўзятарскі досвед Яўген Руды. — А напрыканцы мінулага года я пачуў пра “Крумкачоў”, і яны мяне зачапілі. Мне стала наўпрост цікава: чаму столькі народу наведвае іх матчы і актыўна абмяркоўвае іх у інтэрнэт-прасторы? Паглядзеў адну з гульняў, пазнаёміўся бліжэй з камандай, а потым усю зіму чакаў, калі пачнецца новы сезон!

У Беларусі так доўга чакалі, калі ж у нас нарэшце з’явіцца свая, па-сапраўднаму народная каманда, за якую можна заўзець разам са сваімі роднымі, без усялякіх там боек і эксцэсаў. Я ўжо другі раз заўзею за “Крумку” у новым фармаце. Першы раз мы сядзелі ў адной са сталічных кавярняў і гэта было не вельмі зручна, бо побач сядзелі іншыя людзі, якія прыйшлі сюды проста паесці. Мы ім перашкаджалі, а яны нам. Ад гэтага псавалася ўся атмасфера. Таму мне вельмі падабаецца такі фармат, як сёння, бо адмыслова падобрана месца, куды мэтанакіравана прыйшлі людзі, каб пазаўзець.



 

Ідэя ўзнікла яшчэ ўзімку, калі мы рыхтаваліся да новага сезона, — адзначае спецыяліст па працы з заўзятарамі ФК “Крумкачы” Аляксей Важнік. — Арганізацыя фан-зоны і сумесны прагляд трансляцый гульняў для нас пакуль новы досвед. Не ва ўсіх заўзятараў заўсёды ёсць магчымасць наведваць матчы ў будні дзень так далёка, а мы не можам пакінуць іх без футбола і яскравых эмоцый. Чым больш будзе неабыякавых да футболу людзей, тым лепш. Мы пакуль робім нашы першыя крокі. Гэта складаная і вялізная праца, але яна імкліва рухаецца наперад. Тая ж Беларуская федэрацыя футболу таксама прыкладае апошнім часам шмат намаганняў па працы з заўзятарамі: створана новая арыгінальная форма для гульцоў, цікавы маскот.

Істотна, каб, як мага больш людзей, у тым ліку і міліцыя, зразумела, што футбол — гэта цікавая гульня, якая прыносіць асалоду тысячам заўзятарам, а не толькі бойкі і хуліганы. Мне крыху зайздросна стала, калі я ў Англіі пабачыў, як там паўтары-дзве тысячы людзей кідаюць усе свае справы і разам са свімі сем’ямі выпраўляюцца на выяздны матч, каб падтрымаць любімую каманду. Так мусіць быць і у нас!


Трэба адзначыць, што ў той жа Нямечынне, дзе культура заўзення знаходзіцца на высокім узроўні, у свой час таксама прыкладался шмат высілак па працы з заўзятарамі, у тым ліку, і на дзяржаўным узроўні. Сёння пры кожным клубе дзейнічае адмысловая фан-зона, дзе збіраюцца заўзятары самых розных узростаў, адпачываюць, абмяркоўваюць апошнія футбольныя навіны і г. д. З дзецьмі і падлеткамі там працуюць прафесійна падрыхтаваныя сацыяльныя работнікі. Пры гэтым ніхто не спрабуе неяк кантраляваць і аказваць ціск на заўзятараў: яны вольныя крытыкаваць і ўплываць на палітыку клуба, калі ім нешта не падабаецца ў ім.


Гэта наш першы досвед правядзення такога кшталту мерапрыемства, і мы вельмі рады, што ўсё атрымалася, як мае быць, і заўзятарам спадабалася ў нас, — распавядае кіраўнік гульнявой прасторы Quvalda Юрый Алейнік.Сёлета мы паспяхова арганізоўвалі трансляцыю гульняў Еўра-2016. Сярод стваральнікаў нашай гульнявой прасторы шмат футбольных заўзятараў, асабліва “Крумкачоў”. Гэта — хлопцы-андэрдогі, якія без моцных фінансавых уліванняў вельмі хутка прабіліся ў вышэйшую лігу беларускага футбола, што не можа не выклікаць павагі.


Гульні “Крумкі” наведвае і шмат прыгожых дзяўчат. Наста Курныш адна з іх:



Я больш за год заўзею за іх. Мне падабаецца, што на гульнях пануе па-сямейнаму ўтульная атмасфера. Ніхто ніколі не пытаецца ў мяне, што я тут раблю і чаму падтрымліваю менавіта “Крумку”, але для сябе я адказ ведаю: тут — годныя хлопцы, якія гуляюць не за грошы, а за ідэю і на раўных спаборнічаюць з прафесійнымі футбалістамі. Так хутка выйсці ў вышэйшую лігу, як іх за гэта можна не любіць?!

На жаль, гэтым разам “Крумкачы” з мінімальным лікам 0:1 саступілі мозырскай “Славіі”, але пачатак файнай традыцыі заўзення закладзены!


Фота аўтара і арганізатараў мерапрыемства


Каментаваць