За «наведванне» барбершопа Дашкевіча аштрафавалі на 30 базавых велічынь

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 21 лютага ў 11 гадзін адбыўся судовы працэс над Змітром Дашкевічам

Зміцер Дашкевіч і заснавальнік барбершопа Ілля Мятліцкі. Фота TUT.by

Яго вінавацілі па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства” за тое, што ён з Эдуардам Пальчысам і іншымі актывістамі 9 студзеня наведалі барбершоп “Чэкіст” і настойліва патрабавалі ад уладальнікаў змяніць назву, а таксама мэблю ў цырульні.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Сам Зміцер Дашкевіч у суд не з’явіўся. Сведкамі на судзе выступілі дырэктар барбершопа Ілля Мятліцкі і цырульнік Алег Кот, якія распавялі, што з-за інцыдэнту сышоў адзін з кліентаў, не скончыўшы паслугу, што цяпер іх установе сапсавалі рэпутацыю, што іх вельмі прасілі зняць зоркі ў інтэр’еры і настойліва рэкамендавалі змяніць назву і мэблю.

Суддзя запытала, чаму была абраная такая назва і ці звязана яна з палітыкай або гісторыяй? Сведкі адказалі, што ні з чым не звязана, а проста гучнае слова.

Пасля невялікага перапынку суддзя Вікторыя Шабуня вырашыла аштрафаваць Зміцера Дашкевіча на 30 базавых велічынь.

У 12.00 распачаўся суд над Эдуардам Пальчысам. Справу супраць яго разглядае суддзя Іван Касцян.

Суд Цэнтральнага раёну Мінску прызнаў блогера Эдуарда Пальчыса вінаватым у дробным хуліганстве, паведаміла “Радыё Свабода”. Супраць яго сведчылі тыя ж асобы, якія сведчылі супраць актывіста Змітра Дашкевіча, — заснавальнікі барбершопу «Чэксіт» Алег Кот і Ілля Мятліцкі. У судзе цырульнік Алег Кот казаў, што праз інцыдэнт у яго «быў павышаны ціск».

Паводле spring96.org, www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць